Пасля выхаду матэрыялу стала вядома, што мужчына больш не будзе працаваць ва ўніверсітэце. Выкладчык працягвае лічыць усё спланаванай акцыяй.

— Ён звольнены, — лаканічна адказалі ў аддзеле кадраў. На сайце ВНУ 69-гадовы выкладчык яшчэ пазначаны ў педскладзе кафедры.

Раней студэнткі, якія звярнуліся ў рэдакцыю, расказалі пра тое, што мужчына працаваў на кафедры медыцынскай рэабілітацыі і фізічнай культуры. Па словах студэнтак, ён дазваляў сабе «прыабдыманні», жарты інтымнага характару, запрашэнні ў кафэ і на лецішча.

Сутыкнулася, напрыклад, з гэтым Марыя. Дзяўчына пісала ў гэтага выкладчыка навуковую працу.

— Першапачаткова я не ведала, што ён за чалавек, — тлумачыла студэнтка. — Калі трэба было нейкія моманты па працы абмяркоўваць, мне трэба было прыходзіць да яго на кафедру. Пачаліся дзіўныя прапановы застацца ў яго на канапе, зрабіць мне масаж.

Працу студэнтка тады здала, але стала баяцца гэтага педагога, аднойчы нават прыходзіла да яго са сваім маладым чалавекам. Паводле яе слоў, пасля гэтага фізрук стаў пісаць, што ёй патрэбны хтосьці «яго ўзроўню», а той хлопец ёй не пара. З наступнага года выкладчык ужо вёў у яе групы фізкультуру.

— Пачаў пісаць ва ўсіх сацсетках, каментаваў мае фота, клікаў на каву ўвечары, пайсці купацца з імі, паехаць на дачу з яго сябрамі на шашлыкі, — працягвае Марыя. — Я нікому не казала. Пыталася неяк у іншай дзяўчынкі, якая таксама пісала ў яго працу, тая сказала, што ўсё ў парадку. І я баялася: раптам такая адна, мне не павераць. Думала, зраблю толькі сабе горш. Мой хлопец нават тэлефанаваў яму, але гэта нічога не дало. Пра заяву ў міліцыю я нават не думала. Старалася пра ўсё забыцца, хацелася хутчэй скончыць ВНУ.

Марыя кажа, што калі ў паведамленнях спрабавала даць адпор педагогу, пачыналіся праблемы са здачай нарматываў, даводзілася пераздаваць.

— Таму на ўсе яго паведамленні я як-небудзь аджартоўвалася. Хоць нават аднагрупніцы заўважалі, як ён да мяне ставіцца. Ужо пазней я даведалася, што з многімі дзяўчатамі такое здаралася, што ён вельмі дзіўны, можа нешта казаць наконт фігуры, знешняга выгляду.

Марыя даслала скрыншоты паведамленняў, якія атрымлівала ад выкладчыка. На іх — паведамленні ў VK ад выкладчыка, а таксама перапіска ў Viber. Нумар, на які зарэгістраваны акаўнт, супадае з мабільным нумарам і фота мужчыны тое ж, што і на скрыншоце.

Клас
1
Панылы сорам
6
Ха-ха
4
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
5

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру