Сіндза Абэ ў лютым 2013 года. Фота: Associated Press

Сіндза Абэ ў лютым 2013 года. Фота: Associated Press

Абэ займаў пасаду прэм'ер-міністра са снежня 2012 года па верасень 2020 года, што стала самым працяглым тэрмінам бесперапыннага кіравання з моманту стварэння ў Японіі ўрада еўрапейскага ўзору на чале з прэм'ер-міністрам у канцы ХІХ стагоддзя. Ён таксама займаў гэтую пасаду ў больш ранні перыяд з 2006 па 2007 год і стаў рэкардсменам па колькасці дзён знаходжання на пасадзе.

Спадчыннік палітычнай дынастыі, Абэ выступаў за адраджэнне эканамічнай і ваеннай моцы краіны, якая пачала стагніраваць ў 1990-х гадах пасля свайго імклівага ўзлёту пасля паразы ў Другой сусветнай вайне.

«Спадарыні і спадары, Японія вярнулася», — сказаў Абэ, выступаючы ў лютым 2013 года ў Вашынгтоне, — Японія не з'яўляецца і ніколі не будзе краінай другога гатунку».

Ён быў прыхільнікам амерыкана-японскага ваеннага саюза і наладзіў адносіны з тагачасным прэзідэнтам Дональдам Трампам. Пяць разоў яны гулялі разам у гольф і дзясяткі разоў размаўлялі па тэлефоне.

Раней, у 2016 годзе, Абэ праводзіў тагачаснага прэзідэнта Барака Абаму ў Хірасіму, што стала першым візітам прэзідэнта ЗША на месца атамнай бамбардзіроўкі, і стаў першым японскім лідарам, які выступіў на сумесным пасяджэнні Кангрэса ЗША.

Сіндза Абэ з Баракам Абамай у Хірасіме. Фота: Associated Press

Сіндза Абэ з Баракам Абамай у Хірасіме. Фота: Associated Press

«Як гэта назваць, калі не цудам гісторыі? Ворагі, якія так люта змагаліся адзін з адным, сталі сябрамі, звязанымі па духу», — сказаў Абэ ў красавіку 2015 года, выступаючы перад кангрэсменамі.

Праз некалькі месяцаў ён прасунуў закон, які дазваляе японскім войскам больш цесна супрацоўнічаць з ЗША за межамі Японіі.

«Калі скласці разам моц ваенна-марскіх сілаў ЗША і марскіх сіл самаабароны Японіі, то адзін плюс адзін у выніку ператворыцца ў два, — сказаў ён у інтэрв'ю The Wall Street Journal у тым жа годзе, — Японія зможа захаваць баланс сілаў у гэтым рэгіёне, калі Японія і ЗША аб'яднаюць свае намаганні».

У апошнія гады свайго тэрміну Абэ працягваў умацоўваць узброеныя сілы, каб адказаць на пагрозу ракетнай атакі Паўночнай Карэі або нападу Кітая на спрэчныя выспы, кантраляваныя Японіяй ва Усходне-Кітайскім моры. І ён быў сілай, якая стаіць за цяперашнім урадам прэм'ер-міністра Фуміа Кісіды, падштурхоўваючы Кісіду да ястрабіных пазіцыяў.

Урад Абэ вырашыў пераабсталяваць два эсмінцы з пляскатай вяршыняй для выкарыстання рэактыўнымі знішчальнікамі, якія могуць узлятаць і сядаць вертыкальна — гэта першы авіяносец Японіі з часоў Другой сусветнай вайны. Яны закупілі найбуйнейшы за межамі ЗША парк знішчальнікаў F-35 і запусцілі сетку спадарожнікаў, здольных накіроўваць нядаўна закупленыя крылатыя ракеты на цэлі памерам са скрынку для абутку.

Абэ, аднак, не змог дасягнуць адной са сваіх самых жаданых мэтаў, атрыманых у спадчыну ад тых часоў, калі ягоны дзед, Набусуке Кісі, быў прэм'ер-міністрам. Гаворка ідзе пра перагляд «мірнай Канстытуцыі» Японіі, прынятай у 1947 годзе, калі краіна знаходзілася пад амерыканскай акупацыяй пасля паразы ў Другой сусветнай вайне. Абэ хацеў перагледзець артыкул 9, які забараняе Японіі валодаць «ваенным патэнцыялам», каб ясна паказаць, што яна мае права ўтрымліваць узброеныя сілы для самаабароны.

Намаганні Абэ па адраджэнні японскай эканомікі, вядомыя як Абэноміка, далі неадназначныя вынікі, а бліжэй да канца тэрміну яго паўнамоцтваў пандэмія кавіда нанесла яшчэ адзін удар.

Смяротны стрэл у Сіндза Абэ падчас прамовы.

Магчыма, самая значная частка «Абэномікі» была праведзеная Банкам Японіі пад кіраўніцтвам ягонага кіраўніка Харухіка Курода, які быў абраны Абэ ў 2013 годзе і працягвае займаць гэтую пасаду.

Змякчэнне грашова-крэдытнай палітыкі Курода ўключала штогадовую куплю дзяржаўных аблігацыяў на сотні мільярдаў даляраў і буйныя пакупкі адзінак фондаў, якія складаюцца з акцый кампаній, зарэгістраваных на Такійскай фондавай біржы. У 2016 годзе Курода зрабіў часткай палітыкі адмоўныя працэнтныя стаўкі, спрабуючы стымуляваць крэдытаванне.

Гэтая палітыка падняла фондавы рынак і рынак нерухомасці і дапамагла забяспечыць поўную занятасць. Падчас выбараў Абэ выхваляўся тым, што ва ўсіх 47 прэфектурах Японіі свабодных працоўных месцаў больш, чым беспрацоўных, якія шукаюць працу.

Але моцны рост і інфляцыя ў два адсоткі, якія ставіў за мэту Курода, былі недасяжныя да гэтага года, калі яны сталі магчымыя не з-за моцнай эканомікі, а з-за рэзкага росту цэнаў на нафту, газ, прадукты харчавання і іншы японскі імпарт. Заработная плата расла павольна і Японія захавала рэпутацыю месца, дзе выжываюць вынослівыя карпарацыі, але мала інавацыйных пачаткоўцаў.

Абэ са сваімі прыхільнікамі. Фота: Associated Press

Абэ са сваімі прыхільнікамі. Фота: Associated Press

Рост зменшыўся праз два павышэнні падаткаў, запланаваных папярэднім урадам, на якія Абэ пагадзіўся неахвотна. ПДВ з продажаў вырас у 2014 годзе з пяці адсоткаў да васьмі, а пасля да дзесяці з 1 кастрычніка 2019 года. Пасля кожнага павышэння спажывецкія выдаткі ішлі на спад. А колькасць нованароджаных падала хутчэй, чым калі-небудзь, бо эканамічная нявызначанасць замінала Абэ палепшыць дэмаграфічную сітуацыю ў Японіі.

Акурат у той момант, калі Японія пачала адыходзіць ад другога павышэння, на яе абрынулася пандэмія каранавіруса. У самы разгар пандэміі, у другім квартале 2020 года, эканоміка краіны была меншай, чым калі Абэ заступіў на пасаду ў 2012 годзе.

«Хоць ён правёў шэраг значных рэформаў, цярпліва выкарыстоўваючы назапашаную ўладу, ён не змог павярнуць назад глыбінныя прычыны нацыянальнага заняпаду», — напісаў японскі аналітык Тобіас Харыс у сваёй біяграфіі Абэ, апублікаванай напрыканцы 2020 года.

Яго перажыла жонка Акіэ. У іх не было дзяцей.

Абэ ў 2017 годзе. Фота: Associated Press

Абэ ў 2017 годзе. Фота: Associated Press

Ён умацоўваў абарону краіны і змагаўся за ўздым эканомікі, знаходзячыся на пасадзе прэм'ер-міністра Японіі даўжэй, чым хто-небудзь іншы.

Сіндза Абэ нарадзіўся 21 верасня 1954 года ў Токіо. У той час яго дзед, Кісі, спрабаваў вярнуцца ў палітыку пасля трох гадоў, праведзеных у турме ў якасці падазраванага ў ваенных злачынствах.

Пасля Кісі займаў пасаду прэм'ер-міністра з 1957 па 1960 год, але сышоў у адстаўку пасля таго, як прасунуў дагавор пра бяспеку з ЗША, які зацвярджаў, што амерыканскія войскі будуць абараняць Японію ў выпадку нападу на яе.

Дачка Кісі, Ёка, выйшла замуж за Сінтара Абэ, сына былога члена парламента з таго ж рэгіёна, што і сям'я Кісі. Увайшоўшы ў сямейны палітычны бізнэс, Сінтара Абэ стаў міністрам замежных спраў і ледзь не заняў пасаду прэм'ер-міністра ў 1987 годзе. Праз два гады ён захварэў на рак і памёр у 1991 годзе.

Сіндза Абэ, другі сын Сінтара і Ёка Абэ, быў упершыню абраны ў парламент у 1993 годзе, заняўшы месца свайго бацькі.

Будучы менш старанным вучнем, чым ягоныя бацька і дзед, якія вучыліся ва ўстанове, цяпер званай Такійскім універсітэтам, Сіндза Абэ паступіў ва ўніверсітэт Сэйкэй ў Токіо і вучыўся ва Універсітэце Паўднёвай Каліфорніі, не атрымаўшы ступені.

Як толькі ён патрапіў у парламент, кар'ера Абэ неўзабаве пайшла ў гару. Прасоўваючыся па кар'ернай лесвіцы ў Ліберальна-дэмакратычнай партыі, ён стаў галоўным памочнікам прэм'ер-міністра Дзюн'іціра Каідзумі ў 2001 годзе і граў закулісную ролю ў вяртанні дадому пяці японцаў, выкрадзеных Паўночнай Карэяй.

Да 2006 года ён стаў прэм'ер-міністрам, замяніўшы папулярнага Каідзумі. Але не змог выстаяць у завірусе скандалаў.

Пасля абвастрылася даўняе запаленчае захворванне кішэчніка, і Абэ стаў пакутаваць ад болю. Усяго праз год ён сышоў у адстаўку, спаслаўшыся на дрэннае здароўе.

Сіндза Абэ і ягоная жонка Акіэ ў 2007 годзе, падчас першага тэрміну прэм'ер-міністра. Фота: Associated Press

Сіндза Абэ і ягоная жонка Акіэ ў 2007 годзе, падчас першага тэрміну прэм'ер-міністра. Фота: Associated Press

Ніводны японскі прэм'ер-міністр не вяртаўся на сваю пасаду з 1950-х гадоў. Але Абэ атрымаў новыя лекі ад сваёй хваробы і аднавіў рэпутацыю прыхільніка нацыянальнага адраджэння, адначасова прапагандуючы эканамічную праграму, якая, на яго думку, павінна была пакласці канец знясільваючай дэфляцыі ў Японіі.

У верасні 2012 года ён быў абраны лідарам Ліберальна-дэмакратычнай партыі, якая знаходзілася тады ў апазіцыі, і праз тры месяцы прывёў яе да перамогі на парламенцкіх выбарах. 26 снежня 2012 года парламент зноў абраў яго прэм'ер-міністрам.

Каб падкрэсліць свае нацыяналістычныя карані, праз год ён наведаў храм Ясукуні, дзе пахаваныя некаторыя вядомыя дзеячы Японіі часоў Другой сусветнай вайны. ЗША выказалі сваё расчараванне, і спадар Абэ паўтарыў гэты візіт толькі праз тры дні пасля сваёй адстаўкі, 16 верасня 2020 года.

Хоць ён выступаў за перагляд Канстытуцыі на кожных выбарах, Абэ так і не здолеў пераадолець грамадскі скептыцызм і супраціў заканадаўцаў, уключаючы некаторых членаў ягонай уласнай кіруючай Ліберальна-дэмакратычнай партыі. Многія праціўнікі сцвярджалі, што перагляд Канстытуцыі выкліча падазрэнні міжнароднай супольнасці і не з'яўляецца неабходным, паколькі Японія ўжо мае дэ факта узброеныя сілы, гэтак званыя сілы самаабароны.

Каранавірус прыгнаў хмары да апошніх месяцаў ягонага кіравання. Хоць пандэмія ў Японіі была значна менш разбуральнай, чым у ЗША і Заходняй Еўропе, Абэ падвергнуўся крытыцы за непаслядоўную рэакцыю. Спаслаўшыся на вяртанне кішачнага захворвання, ён абвясціў аб сваёй адстаўцы ў жніўні 2020 года і ў наступным месяцы перадаў стырно праўлення свайму даўняму памочніку Есіхідэ Суга.

Абэ ў 2020 годзе, за пару месяцаў да адстаўкі. Фота: Associated Press

Абэ ў 2020 годзе, за пару месяцаў да адстаўкі. Фота: Associated Press

Абэ сцвярджае, што ў яго атрымалася пераадолець песімістычны настрой, які ціснуў на Японію на працягу дзесяцігоддзяў. Ён ажывіў дыпламатыю краіны, наведаўшы больш за 80 краінаў, і ўзяў на сябе плаўны пераход у 2019 годзе да эры Рэйва, або «цудоўнай гармоніі», пры новым імператары Нарухіта, які ўступіў на пасаду пасля таго, як яго бацька, Акіхіта, стаў першым за 200 гадоў імператарам, які адрокся ад трону (кожны новы імператар адкрывае сабой новы перыяд у гісторыі Японіі, званы «эрай», які называецца згодна з ягоным дэвізам — заўвага перакладчыка).

«Японія больш не такая, як у мінулым. Мы здолелі цалкам разбурыць сцяну пакоры, — заявіў Абэ ў парламенце ў студзені 2020 года, — Мы створым Японію, якая будзе ззяць на цэнтральнай сцэне свету… За апошнія сем гадоў я аддаў усяго сябе руху да гэтай мары».

Клас
10
Панылы сорам
1
Ха-ха
3
Ого
5
Сумна
40
Абуральна
9