Ля Качычаў (Карэліцкі раён) былі пахаваныя 89 байцоў Арміі Краёвай, якія загінулі ў студзені 1945 года ў баях з унутранымі войскамі НКВД.

Цяпер магілу знішчылі. 

Магіла ў Качычах (злева) і тое, як яна выглядае цяпер

Магіла ў Качычах (злева) і тое, як яна выглядае цяпер

«Гэтае пахаванне стаіць недзе ў полі: проста крыж і надпіс. Да яго пару гадоў таму нават прыязджалі двое маладзёнаў з Польшчы: шукалі магілу дзеда. Начавалі тут у нас, — згадвае жыхарка вёскі Качычы. — 

Пра знішчэнне магіл я нічога не ведаю. У палітыку я не лезу. Але ж калі людзі тут загінулі, навошта гэта прыбіраць? Так жа і нашы недзе загінулі — іх таксама прыбіраць, гэтыя помнікі? Нашы ж таксама паляглі паўсюль: і ў Польшчы, і ў Беларусі, навокал. Калі людзі там загінулі, навошта прыбіраць?»

Таксама паведамляюць пра знішчэнне мемарыяла польскім салдатам у вёсцы Дындылішкі, што ў Іўеўскім раёне.

Вось што расказала «Нашай Ніве» мясцовая жыхарка:

«У нас ля дарогі крыж стаіць, там, казалі, палякі і разам з імі пахавалі немца. Была перастрэлка з немцамі, загінуў адзін немец таксама. Ляжаў у гародзе, дык людзі ўзялі і пахавалі яго там таксама. Агулам, кажуць, чатыры чалавекі ляжыць. 

Раней у нас быў ксёндз Ян, ён даглядаў гэтае пахаванне. Прыязджалі з Польшчы, адусюль, фатаграфалі, і нас таксама — мы збіраліся з вёскі. І была шыльда на магіле: «спачываюць жаўнеры», хіба так. Але не напісана колькі і хто, ніхто, напэўна, не ведае. А як ксёндз з’ехаў — шыльду тую нехта зняў. Няма. Крыж стаіць — а шыльды няма».

Але як жанчына ставіцца да ідэі знішчаць польскія пахаванні? Можа, палякі ворагі, а Армія Краёва — бандыты?

«Я пры Арміі Краёвай не была, я 1955 года, таму мне ўсё роўна», — адказвае яна спачатку.

Ці прыбралі крыж, жанчына дакладна не ведае, кажа, што ўчора яшчэ стаяў. 

«Ці трэба яго прыбраць? А навошта? Зачэм? — дзівіцца суразмоўца. — Хіба яно нам перашкаджае? Вякі пражылі нашы дзяды і прадзеды, мая свякруха жыла і нікому не перашкаджала. І цяпер мы глядзім самі тую магілу як трэба, чысцім. Чым яна нам перашкаджае? Нам без розніцы».

Клас
2
Панылы сорам
28
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
40
Абуральна
32