Фота: pixabay.com

«Забі зяпу»

Папулярны (4,5 тысячы падпісчыкаў у інстаграме) падкаст пра, цытуем, «складаную рэальнасць, якая звалілася на ўсіх нас». Назва яго мае сумны сэнс: «забі зяпу» — грубая просьба замоўкнуць. Як кажуць аўтары праекта, гэта тыя словы, якія часам прыходзіцца чуць у свой адрас беларускамоўным людзям.

Падкаст вядуць маладзёны Даша і Уладзь, якія некалі разам вучыліся ў ліцэі БДУ, разам паступілі ў маскоўскую Вышэйшую школу эканомікі і зноў-такі разам пачалі гутарыць па-беларуску. У падкасце яны трэніруюць родную мову праз пошук адказаў на важныя для ўсіх пытанні: гутараць пра сорам, талент, веру, праблемы ў адносінах і эміграцыю.

Шукайце падкаст тут.

«Беларускія байкі»

Гэты праект вядзе прафесар ЕГУ Аляксандр Калбаска. Спадар Аляксандр запісвае яго для сваёй далёкай унучцы, што жыве разам з бацькамі ў Італіі.

У выпусках, памер якіх рэдка перавышае 20 хвілін, аўтар распавядае розныя гісторыі пра рэчы, людзей і падзеі, так ці інакш звязаныя з Беларуссю. Апошні на сёння выпуск, напрыклад, прысвечаны Салаўкам ды Беламорканалу. Ёсць тут гісторыі пра Каляды і святога Мікалая, дранікі і піва, Хаіма Суціна і Язэпа Драздовіча і нават пра Санцьяга дэ Кампастэла (ведаеце, як гэты шлях звязаны з Беларуссю?). 

Адзін з самых доўгіх выпускаў (37 хвілін) прысвечаны разбітаму сэрцу Тадэвуша Касцюшкі і яго прыгодам. Шукайце гэты і іншыя эпізоды праекта тут.

Slodky Stony

Гэты відэападкаст робіць беларуская ютуб-зорка Мікіта Мелказёраў, вядомы па каналу з відэаінтэрв'ю «Жыццё-маліна». Калі шукаеце цалкам беларускамоўны праект, магчыма, гэта не для вас: тут за родную мову адказвае толькі Мелказёраў, гасцям жа дазволена гаварыць на любой мове.

Але ж і госці тут як на падбор. Зараз даступныя пяць серый праекта (паглядзець іх можна тут), дзе з Мікітам гутараць арганізатарка жаночых маршаў — 2020 Наста Касцюгова, топавая піяршчыца Таццяна Курбат, кіраўнік BySol Андрэй Стрыжак, культуролаг Максім Жбанкоў і грамадская дзяячка Ніна Шыдлоўская.

«Тэхнавука»

Маленькі, але дужа цікавы беларускамоўны падкаст пра тэхналогіі, навуку і космас, дзе вам раскажуць пра ўсе магчымыя навіны навуковага і тэхналагічнага свету. Тут і эпапея з купляй Іланам Маскам Твітара, і фота чорнай дзіркі, і смерць чалавека з перасаджаным свіным сэрцам, і нават гісторыя са штучным інтэлектам, які нібыта ажыў у сценах Google.

Зараз дасяжныя чатыры выпускі праекта — спадзяемся, што неўзабаве іх будзе больш. Знайсці спасылкі на падкаст можна тут

«Шляхецкія сем’і Беларусі»

Гэты падкаст разам робяць інтэрнэт-часопіс 34mag.net і МТС. У іх атрымаўся праект пра самыя вядомыя шляхецкія беларускія роды: Сапегі, Радзівілы, Агінскія, Пуслоўскія. Раскажуць нам і пра спадчыну, якую кожная з гэтых сем'яў пакінула Беларусі.

Выпускі «Шляхецкіх сям'яў» прадстаўленыя на рускай і беларускай мовах, даўжыня — да 15 хвілін. На сёння выйшла шэсць эпізодаў падкасту, знайсці іх можна па спасылцы.

«Доктар Мартаў. На вайне з COVID-19»

На сайце «Радыё Свабода» ёсць досыць падкастаў на любы жыццёвы выпадак: пра гісторыю краіны, жаночы погляд на падзеі, падарожжы, мову, аўдыякнігі і іншае. Сёння згадаем асабісты праект, які вядзе доктар-рэаніматолаг Уладзімір Мартаў з Віцебска, хто адным з першых беларускіх медыкаў распавёў праўду пра становішча з кавідам у краіне.

Адпаведна, падкаст медыка — гэта аповед пра першую хвалю кавіду, створаны з накідаў будучай кнігі Мартава пра тыя падзеі. Зараз выходзіць другі сезон праекта, які распавядае ўжо пра другую палову 2020 года і пра паслявыбарчы час. Паслухаць падкаст можна па спасылцы.

VANDRA

З надыходам пандэміі, як тлумачаць аўтары гэтага праекта, беларусы пачалі больш цікавіцца роднымі мясцінамі, але ж усё роўна шмат чаго застаецца невядомым. Для таго, каб распавесці пра ўсё гэта, і створаны падкаст VANDRA — гісторыя пра турызм у Беларусі, спадчыну нашай краіны, беларускую прыроду і людзей.

Тут ёсць выпускі як на рускай мове, так і па-беларуску. Звярніце ўвагу на эпізоды падкаста пра палескія гісторыі, драўляную спадчыну Беларусі і аўтастоп па роднай краіне — здаецца, з такім крэатывам пра айчынны турызм рэдка расказваюць. Шукайце эпізоды праекта тут.

«Наша Нiва» — крыніца якаснай інфармацыі і бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ «НН»

«Беларускую мову не трэба рабіць сэксі — яна ўжо такая». Парады ад тых, хто пачаў размаўляць па-беларуску 

Мікіта Мелказёраў запусціў відэа-падкаст па-беларуску з інтрыгоўнай назвай

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру