Генерал Сяргей Крыванос. Фота УНІАН

— Як вы лічыце, ці трэба Украіне ўжываць зброю па аэрадромах у Беларусі, адкуль узлятаюць самалёты, якія абстрэльваюць нашы гарады?

— Пытанні дыпламатычнага і ваеннага кірунку. Я як вайсковец магу адказаць: я б знішчыў тэхніку на беларускіх аэрадромах, таму што яны не беларускія — гэтыя аэрадромы цалкам аддадзеныя расіянам, персанал там расійскі, ахоўваюць гэтыя аэрадромы расіяне і перыметр 5 кіламетраў вакол аэрадрома ўжо расійскі — ніводнага беларуса, ні вайскоўца, ні цывільнага. Мы будзем знішчаць на тэрыторыі Беларусі непасрэдна расійскія базы, якія з'яўляюцца расійскай тэрыторыяй. Давайце так дыпламатычна пабудуем адказ.

— Адносна Беларусі — цяпер многія занепакоеныя тым, што адтуль можа адбыцца ўварванне або расійска-беларускія дыверсійна-разведвальныя групы могуць зайсці. З аднаго боку, ёсць разуменне, што на гэты момант там няма столькі сіл і тэхнікі, з другога боку, унутры краіны да гэтага сцэнарыя рыхтуюцца. Як вы ацэньваеце імавернасць таго, што з Беларусі можа быць уварванне наземнае?

— Як дастаткова высокую. Я ўжо неаднаразова казаў, што за апошнія 20 гадоў расійска-ўкраінскіх адносін — і баявых, і цывільных, і ў мірны час — расіяне штогод праводзілі бягучыя стратэгічныя вучэнні, і першым пытаннем была трэніроўка перакідвання асабовага складу і тэхнікі на вялікія адлегласці. Таму нарасціць свае рэсурсы на любым участку расійска-ўкраінскай вайны яны могуць, і тое, як хутка яны перакінулі тэхніку з Кіеўскай, Чарнігаўскай, Сумскай абласцей у раён Данбаса, паказала, што яны ўмеюць гэта рабіць. Не трэба недаацэньваць ворага. Трэба разумна глядзець і разумець яго слабыя і моцныя бакі. Расіяне здольныя ўвязацца спачатку ў памежныя баі ўздоўж украінска-беларускай мяжы — нагадаю, гэта 1086 км, вялікі ўчастак. І ім гэтыя баі патрэбныя, каб адцягнуць частку нашых сіл і сродкаў, якія цяпер на ўсходзе Украіны, або каб расцягнуць нашы рэзервы і недзе нарошчваць намаганні. Чым больш яны нас расцягваюць, тым больш у іх перавагі за кошт колькаснай перавагі ў тэхніцы, асабліва што да артылерыі.

— Але я правільна разумею, што перш чым пачнецца нейкая актыўнасць на мяжы з Беларуссю, наша разведка павінна ўбачыць, што расіяне перакідваюць у той раён тэхніку з таго ж Данбаса, напрыклад?

— Не. Тэхніка ўжо там знаходзіцца, роўна як і частка сілаў і сродкаў, якія былі перакінутыя туды невялікімі групамі ўжо даўно. У іх ёсць сілы і сродкі, якія дазволяць пачынаць баявыя дзеянні на ўкраінска-беларускай мяжы, не чакаючы буйных падмацаванняў. Там ёсць каму нападаць на нас.

Плюс мабілізацыйныя зборы, якія пачаліся ва ўзброеных сілах Рэспублікі Беларусь з чэрвеня, таксама дазваляюць выкарыстоўваць іх патэнцыял. Нагадаю, што мабілізацыйны патэнцыял Рэспублікі Беларусь — гэта 340 тысяч, плюс самі ўзброеныя сілы 56 тысяч. Гэта практычна 400 тысяч войскаў. Сухапутны кампанент, вядома, значна меншы, але між тым у іх ёсць чым ваяваць супраць нас. Пытанне ў маральным духу. Тыя, хто служаць непасрэдна ва ўзброеных сілах — кадравыя, вельмі добра прамытыя прапагандай і беларускай, і расійскай на карысць Расіі. Тыя, хто прызваны з рэзерву і хто часта бываў на тэрыторыі нашай краіны, разумеюць непатрэбнасць гэтай вайны для беларускага народа, і многія з іх, калі пачнуцца баявыя дзеянні, хутчэй, будуць здавацца ў наш палон. Але не трэба расслабляцца, трэба рыхтавацца да вайны, і кожны населены пункт уздоўж мяжы на вялікую глыбіню павінен мець свае інжынерныя збудаванні — доты, дзоты, бліндажы, мінныя палі. Я пра гэта папярэджваў яшчэ з красавіка. Гэта робіцца, але мне хацелася б, каб у вялікіх аб'ёмах.

— Гэта значыць, вы лічыце гэты сцэнарый фактычна непазбежным?

— 98%, што ўсё ж такі памежны канфлікт будзе. Ці разрасцецца ён у прамую агрэсію — будзе залежаць ад паспяховасці дзеянняў нашых войскаў. Калі мы адразу дадзім адпор і наб'ём морду акупантам, яны адкоцяцца назад.

— Пад пагрозай цяпер усе вобласці, якія мяжуюць з Беларуссю?

— Ну, гэта пытанне такое творчае. Разведчык заўсёды адказвае: верагодным характарам дзеянняў саперніка можа быць… Дык вось і я кажу: можа быць, а можа і не быць. У першую чаргу, гэта кірунак Ковеля, таму што адна з магутных брыгад можа нападаць з Брэста на Ковельскім кірунку, іншыя падраздзяленні — на тэрыторыю Ровенскай, Жытомірскай і Кіеўскай абласцей, плюс Чарнігаўская, дзе можа аднавіцца наступ на Чарнігаў і баі ў раёне горада.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

2
фейсконтроль / Адказаць
13.07.2022
интересная фамилия...
0
Андрусь / Адказаць
13.07.2022
Чамусьці, калі імавернасць нападу з раёну Мазыра-Гомеля была відавочнаю і рэальнаю, калі ў густанаселынм раёне Мазыр-Каленкавічы, дзе немагчыма праводзіць вучэнні з-за вялікай колькасці вялікіх і малых населеных пунктаў, групавалася вялізная наступальная армія, ва Украіне ніхто не зрабіў нічога, каб стварыць хаця б нейкія перашкоды для камфортнага даезду (не прасоўвання з баямі, а проста даезду без нейкіх нязручнасцяў) расійцаў да Кіева і акупацыі кіеўскіх прадмесцяў. Нездарма, многія расійскія жаўнеры, так бесперашкодна едучы дарогамі Кіеўшчыны ад беларускай мяжы, лічылі, што едуць на парад і недзе наперадзе іх чакаюць радасныя "вызваленыя" цётачкі з кветкамі. Нават дарогі і масты не сапсавалі, не кажучы ўжо пра фартыфікацыйныя збудаванні. Ужо 25 лютага расійскія ДРГ на БМП і БТРах арудавалі на кіеўскай Абалоні. Жыхары тэрыторыі, якая зазнала жахі акупацыі - Буча, Ірпень, Макараў, Барадзянка і навакольных сёлаў расцэньваюць гэта такім самым чынам, як і здачу Херсоншчыны і маюць вельмі шмат пытанняў да тых, хто адказны быў за абарону. А зараз імавернасць, вядома ж, ёсць. Але беларуская армія наўрад ці палезе, якая б яна прамытая прапагандай не была. Там сярэдні і малодшы афіцэрскі склад мае магчымасць бачыць рэальную сітуацыю. Расійцы могуць з нашай тэрыторыі зноў палезці. Таму быць да гэтага падрыхтаванымі трэба. Але ствараць пры гэтым антыбеларускую (на жаль, не антылукашысцкую, а менавіта антыбеларускую - спадар генерал нідзе нават не ўзгадаў прозвішча дыктатара, істэрыку, якая транфармуецца ўнутры Украіны ў дыскрымінацыю і нянавісць да беларусаў ва Украіне, якія як раз з лукашэнкам і змагаюцца) налаштаванасць у грамадстве Украіны, па-мойму - папросту недальнабачна. Усё ж, лепей было б, калі беларусы ва Украіне былі б сябрамі Украіны, а не апірышчам магчымых нападнікаў з тэрыторыі Беларусі.  
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру