Кацярына Андрэева і Ігар Ільяш

Кацярына Андрэева і Ігар Ільяш

Каця ўспрыняла прысуд са спакойнай годнасцю. Калі зачытвалі гэтую лічбу, яна іранічна ўсміхалася. Вонкава паводзіны Каці нічым не адрознівалася ад яе паводзіны на першым прысудзе. Толькі цяпер яна была ў элегантнай крэмавай сукенцы.

На аснове якіх падзей паўстала гэта справа, нам дагэтуль невядома. У судзе было заяўлена, што Каця прызнаная вінаватай «у перадачы дзяржаўных сакрэтаў замежнай арганізацыі, замежнай дзяржаве».

У прынцыпе, ужо гэтага дастаткова, каб зразумець механізм генеравання падобнага абвінавачвання. Каця працавала на замежнае СМІ, а журналісцкія расследаванні былі адной з яе прафесійных спецыялізацый… Гэта значыць, на адзін з яе старых журналісцкіх матэрыялаў проста нацягнулі фармулёўку з арт. 356 КК і далі за гэта 8 гадоў.

Прычым некалькі гадоў таму тое, за што цяпер атрымала гэты людаедскі тэрмін Каця, не лічылася нават адміністрацыйным правапарушэннем — ну а інакш бы гэтая справа з'явілася тады, а не цяпер, калі Каця ўжо больш за 600 дзён пазбаўленая волі. 

Але планка ненармальнасці ўзляцела за гэты час да завоблачных вышынь.

Па сённяшняй Беларусі можна вывучаць анатомію тэрору — тое, як растуць маштабы беззаконня і градус гвалту, калі яны не сустракаюць належнага супраціву. І калі хто-небудзь думае, што мы ўжо дасягнулі мяжы, то ён моцна памыляецца. «Заўсёды ёсць пекла яшчэ страшнейшае», — сцвярджала знакаміты псіхолаг Эдыт Ева Эгер. Яна, былы вязень Асвенцыма, ведала пра што кажа.

Але не менш важна ведаць, што любое пекла канчаецца. Задача кожнага з нас — у тым, каб наблізіць яго (пекла) канец.

Якім бы цяжкім, небяспечным і жахлівым ні быў гэты шлях, мы не маем права апускаць рукі, спыняцца і здавацца. Мы выстаім.

Клас
9
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
7
Абуральна
25