Фота: АР

Фота: АР

Генерал Сяргей Крыванос быў намеснікам сакратара Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны і першым намеснікам камандуючага Сіл спецаперацый у 2016—2019 гадах. 10 ліпеня ў інтэрв'ю ўкраінскаму выданню «Новое время» Крыванос заявіў, што канфлікт на беларуска-ўкраінскай мяжы непазбежны. А ўкраінская армія мусіць нанесці ракетныя ўдары па вайсковых аэрадромах у Беларусі, якія расіяне выкарыстоўваюць для атакі на Украіну.

«Я як вайсковец магу адказаць: я б знішчыў тэхніку на беларускіх аэрадромах, таму што яны не беларускія — гэтыя аэрадромы цалкам аддадзеныя расіянам, персанал там расійскі, ахоўваюць гэтыя аэрадромы расіяне і перыметр 5 кіламетраў вакол аэрадрома ўжо расійскі — ніводнага беларуса: ні вайскоўца, ні цывільнага. Мы будзем знішчаць на тэрыторыі Беларусі непасрэдна расійскія базы, якія з'яўляюцца расійскай тэрыторыяй», — сказаў украінскі генерал у інтэрв'ю.

На гэты момант вядома сама меней пра тры размешчаныя побач з беларуска-ўкраінскай мяжой вайсковыя аб’екты, якія выкарыстоўваюцца расійскай арміяй. Разбіраемся, як можа пацярпець цывільнае насельніцтва Беларусі ў выпадку ўдараў па іх.

Аэрадром «Зябраўка», 10 км да Гомеля, пяць вёсак навокал

Пра выкарыстанне расійскімі войскамі вайсковага аэрадрома «Зябраўка» пад Гомелем стала вядома ў першыя дні вайны. З яго рэгулярна выляталі самалёты і верталёты.

Крыніца: openstreetmaps.org

Крыніца: openstreetmaps.org

Расійскія вайскоўцы засталіся на тэрыторыі «Зябраўкі» і пасля адыходу расіяне з поўначы Украіны і часткова з тэрыторыі Беларусі на пачатку красавіка. Пра гэта паведамляюць як крыніцы «Свабоды», так і іншыя рэсурсы, такія як «Беларускі Гаюн».

Ад «Зябраўкі» да тэрыторыі Украіны, якая цяпер цалкам кантралюецца ўрадам у Кіеве, каля 50 кіламетраў. Гэтага больш чым дастаткова для нанясення ракетных удараў як старой савецкай зброяй кшталту комплексаў «Точка У», так і новымі заходнімі сістэмамі залпавага агню накшталт амерыканскай HIMARS. Украіна ўжо актыўна выкарыстоўвае іх падчас абстрэлаў цэляў на тэрыторыі самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР», а таксама на тэрыторыі нядаўна акупаванай Херсонскай вобласці.

«Зябраўка» знаходзіцца даволі блізка ад Гомеля, густанаселены Навабеліцкі раён абласнога цэнтра ўсяго ў дзесяці кіламетрах ад вайсковага аэрадрома. Згодна з афіцыйным сайтам раёна, у 2019 годзе там пражывала каля 70 тысяч чалавек. Акрамя Гомеля, у ваколіцах аэрадрома знаходзіцца пяць вёсак. Гэта найперш Зябраўка, якая дала назву аб’екту, а таксама Клімаўка, Прыбыткі, Дуянаўка і Кантакузаўка. Усе гэтыя вёскі знаходзяцца на адлегласці ад 100 мэтраў (Зябраўка), да кіламетра ад занятага расіянамі вайсковага аб’екта. Усяго на тэрыторыі Зябраўскага сельсавета жыве каля 2 тысяч чалавек.

Аэрадром «Лунінец». Кіламетр да райцэнтра, 60 км да Украіны

Яшчэ адзін беларускі вайсковы аэрадром, які актыўна выкарыстоўваўся расійскай авіяцыяй і на якім могуць па-ранейшаму заставацца расійскія самалёты, размешчаны ля Лунінца ў Брэсцкай вобласці. Ад яго да Ровенскай вобласці Украіны, якая таксама цалкам кантралюецца Кіевам, каля 60 км. Пры гэтым аэрадром «Лунінец» знаходзіцца на поўнач ад райцэнтра. У выпадку патэнцыйнага ракетнага ўдару ўкраінскія ракеты павінны будуць праляцець проста над беларускім райцэнтрам і ўдарыць па аэрадроме, ад якога да найбліжэйшых цывільных будынкаў усяго каля аднаго кіламетра.

Крыніца: openstreetmaps.org

Крыніца: openstreetmaps.org

Паводле Белстата, у 2021 годзе ў Лунінцы жыло каля 24 тысяч чалавек. Акрамя райцэнтра, побач з вайсковым аэрадромам знаходзяцца таксама вёскі Вулька, Лунін і Палескі. Ад іх да вайсковага аб’екта ад аднаго да трох кіламетраў, у кожнай жыве каля сотні жыхароў.

Пляцоўка ля вайсковай часткі побач з вёскай Прудок ля Мазыра, 50 км да Украіны

Пра тое, што паміж вёскай Прудок і Мазыром застаюцца расійскія вайсковыя абʼекты з тэхнікай і салдатамі, «Свабода» паведамляла ў маі. Гэта пацвярджалі як мясцовыя жыхары, так і тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн». Па словах відавочцаў, расійскіх вайскоўцаў там няшмат, але яны застаюцца побач з Прудком пастаянна. У гэтай мясцовасці няма вайсковага аэрадрома. Паводле непацверджанай інфармацыі, там расіяне трымаюць некалькі комплексаў супрацьпаветранай абароны С-400, якія могуць несці небяспеку для ўкраінскай авіяцыі і ракет.

Крыніца: openstreetmaps.org

Крыніца: openstreetmaps.org

Занятая расіянамі пляцоўка знаходзіцца прыкладна за кіламетр ад Прудка (не блытаць з Прудком у Калінкавіцкім раёне, пра які напісаў кнігу Андрэй Горват. — РС), у якім жыве каля тысячы чалавек. Да Мазыра з насельніцтвам звыш 100 тысяч чалавек адсюль прыкладна 5 кіламетраў. Прамая адлегласць да мяжы з украінскай Жытомірскай вобласцю меншая за 50 км.

Агулам на прылеглых да расійскіх вайсковых аб'ектаў беларускіх тэрыторыях пражывае каля 200 тысяч чалавек. Гэта без уліку Гомеля, насельніцтва якога складае каля 700 тысяч. Акрамя згаданых вайсковых аэрадромаў, расійская авіяцыя таксама перыядычна выкарыстоўвае падобныя аб’екты побач з Баранавічамі, Лідай і ў Мачулішчах. Усе яны размешчаныя на недаступнай для ўкраінцаў адлегласці.

Афіцыйнае кіраўніцтва Украіны, як цывільнае, так і вайсковае, пакуль магчымасць нанясення ўдараў па размешчаных на тэрыторыі Беларусі расійскіх аб'ектах адкрыта не абмяркоўвала.

Клас
67
Панылы сорам
5
Ха-ха
4
Ого
7
Сумна
31
Абуральна
10