Лукашысты зацікавіліся маладзёнамі пасля першага ж публічнага выказвання. Потым былі з дзясятак размоў у РАУС і пракуратуры, вымовы ва ўніверсітэце, вобшукі дома, штрафы, суткі і крымінальныя справы па артыкулах 369 (Абраза прадстаўніка ўлады) і 391 (Абраза суддзі ці народнага засядальніка), развіцця якіх абое вырашылі не чакаць і з’ехалі ва Украіну.

Хто б мог ведаць, што не паспеюць яны абжыцца ў Гастомелі, як іх чакае чарговае жудаснае выпрабаванне: вайна, два тыдні жыцця ў падвале і эвакуацыя пад абстрэламі.

«Наша Ніва» пагаварыла з Ганнай і Сашам пра перажытае.

«Калі я адчуваю несправядлівасць, то агучваю гэта і стараюся адстойваць свае правы»

Саша вучыўся ў Полацкім дзяржаўным універсітэце на фінансава-эканамічным факультэце. Заўсёднік навуковых канферэнцый, намінант на студэнта года Беларусі ў 2019 годзе. Аня павінна была стаць дызайнерам інтэр’ераў. Ад адных з найлепшых студэнтаў кіраўніцтва ВНУ не чакала «падставы».

Саша: «Я разумеў, куды я «лезу» і што мне за гэта будзе. Але, калі ты бачыш, што адбываецца, калі ты сам быў удзельнікам падзей 10 жніўня (а ў нас менавіта 10-га пачалася самая жэсць), пасля гэтага маўчаць было б дзіўна. Таму я і ўключыўся ў незалежную раду Наваполацка, якая вырашала першыя тры-чатыры месяцы розныя пытанні: сустрэчы з дэпутатамі, акцыі, справаздачы з іх, стыкеры, друк лістовак».

Саша на адной з акцый

Саша на адной з акцый

Аня: «У мяне па жыцці такая пазіцыя: калі я адчуваю несправядлівасць, то гэта агучваю і стараюся адстойваць свае правы. Таму мне была не зразумелая пазіцыя аднакурснікаў, якія маглі працягваць жыць, заплюшчваючы вочы на гвалт і рэпрэсіі, канцэнтравацца на сабе і сваіх справах.

Праблема ў тым, што, калі ты спачатку ідзеш прасцейшым шляхам і нічога не робіш, гэта не значыць, што цябе не зачэпіць у будучыні. І вось мой паток зараз выпускаецца, і яны ў жаху ад сітуацыі з працай. А гэта ўсё ўзаемазвязаныя рэчы».

Аня падчас флэшмоба, у якім студэнты ПДУ пагаліліся ў знак салідарнасці з рэпрэсаванымі

Аня падчас флэшмоба, у якім студэнты ПДУ пагаліліся ў знак салідарнасці з рэпрэсаванымі

Саша лічыць, што ў іх атрымалася зрабіць ПДУ адным з самых пратэсных рэгіянальных ВНУ і прыводзіць у доказ лічбы. Але і сам аб’ём ціску на актывістаў паказвае, наколькі яны сталі дыскамфортнымі для прыхільнікаў рэжыму: толькі Сашу цягалі ў пракуратуру і РАУС каля 15 разоў. Дэманструе «праблемнасць» ПДУ і тое, колькі звальненняў пракацілася там пасля: быў заменены нават рэктар — прагрэсіўнага Дзмітрыя Лазоўскага, які нікога не звальняў па «палітычных» матывах, замяніў Алег Раманаў, член Савета Рэспублікі і прыхільнік «правільнага ідэалагічнага выхавання моладзі». А цяпер яшчэ і старшыня «Белай Русі».

На наступны дзень пасля публікацыі гэтага відэазвароту амаль да ўсіх аратараў пагрукаліся з міліцыі. Яшчэ адно гучнае выказванне, якое справакавала імгненную рэакцыю, — акцыя «нуль праміле» ў падтрымку журналісткі TUT.BY Кацярыны Барысевіч і доктара Арцёма Сарокіна. Усіх, каго апазналі, асудзілі па артыкуле 23.34 КоАП (сёння — 24.23).

«У нас за плячыма быў траўматычны досвед эміграцыі ўнікуды, і не хацелася бегчы зноў»

Пасля вобшуку і крымінальных спраў, якія замаячылі на гарызонце, маладзёны з’ехалі ва Украіну: Саша — у студзені 2021-га, Аня — летам таго ж года.

Саша: «Першы час я жыў у студэнцкай камуне ў Кіеве — два месяцы пражывання ў адной з трох кватэр для студэнтаў, якія былі вымушаныя пакінуць Беларусь, аплочвала студэнцкая рада ЗБС. Яшчэ да ўсіх падзей я працаваў фатографам і рэтушорам і, як толькі нарасціў аб’ёмы заказаў, зразумеў, што магу здымаць кватэру сам. У Гастомелі кватэры былі лепшымі за меншы кошт, і гэта блізка ад Кіева, таму я перасяліўся туды. Пазней да мяне прыехала і Аня».

Адна з прац Сашы: партрэт Цімы Беларускіх

Аня: «З часам я ўладкавалася ў Кіеве ў невялікую краму — ездзіла туды, займалася дызайнам і друкаваннем рознай прадукцыі. Неяк асвоілася, было разуменне будучыні і планы, а потым здарылася 24 лютага…»

Саша: «Я звычайна не прачынаюся рана, а тут мяне пачалі будзіць тэлефонныя званкі: «Вайна, вайна».

Ну, і потым ты глядзіш у акно, а ўжо пачалі лётаць верталёты, калі былі спробы высадкі дэсанту. Здалёк бачны Гастомельскі аэрапорт, які бамбяць, жылы сектар, які таксама бамбяць непадалёку. Што рабіць?

Мы не разумелі, куды бегчы: ты ў Гастомелі, але цэль жа, здаецца, у рускіх — Кіеў. А куды тады ехаць? Не было разумення, дзе канкрэтна ты зможаш быць у адноснай бяспецы. Плюс у нас за плячыма быў траўматычны досвед эміграцыі ўнікуды, і не хацелася бегчы зноў да апошняга. Таму мы вырашылі застацца ў першы дзень і ў выніку згубілі самы каштоўны і зручны момант для эвакуацыі».

Аня: «Я, дарэчы, даведалася пра самалёт «Мрія», калі ён ужо гарэў, на жаль. І 24-га яшчэ выйшла на працу: збіралася ехаць у Кіеў, але начальства напісала, што не трэба. Бачыла вакол такіх жа разгубленых: нехта набываў прадукты, але вельмі мала, нібыта не верыў у тое, што гэта надоўга».

На фота гарыць аэрапорт «Антонаў», у якім захоўвалася «Мрія»

На фота гарыць аэрапорт «Антонаў», у якім захоўвалася «Мрія»

У ноч з 24-га на 25-га лютага маладзёны вырашылі застацца дома. 

Аня: «Калі мы клаліся спаць у гэтую ноч, памятаю адчуванне: ты настолькі выматаная пасля стрэсаў за цэлы дзень, што была адна думка: ну, не прачнуся больш, дык і ладна. Што я зараз зраблю? Я проста вельмі хачу спаць».

Саша: «Цяпер, калі я згадваю жыццё даваеннае, за тыдзень-два да падзей, то разумею, што паветра вакол было наэлектрызаванае магчымасцю вайны, але ніхто не хацеў у яе верагоднасць верыць».

«Рускі падстрэліў украінца, а беларус рабіў перавязкі»

На другі дзень эвакуацыя з Гастомеля зрабілася ўжо небяспечнай — Аня і Саша пачалі шукаць падвал, дзе маглі б уладкавацца і схавацца на час абстрэлаў і прылётаў ракет. Яны жылі ў новым квартале «Пакроўскі», у 10-павярховай высотцы, але яе падвал аказаўся падтопленым і з вельмі нізкай столяй. У выніку яны рушылі да суседняга дома — старэйшага пяціпавярховіка, што знаходзіўся ў 200 метрах. Там у падвале знайшлі ўжо іншых людзей.

ЖК «Пакроўскі» на афіцыйным сайце забудоўшчыка  

ЖК «Пакроўскі» на афіцыйным сайце забудоўшчыка

Саша: «Агулам у жылым квартале ўладкавалі тры ці чатыры падвалы. У нашым было каля 50 чалавек, каля сямі дзяцей і адзін зусім груднічок. З аднаго боку мы былі схаваныя нашым 10-павярховым домам, з іншага была будоўля — гэта неяк супакойвала, што вось ты крышачку нечым абнесены, і авіяўдар наўрад ці на дом з нашым падвалам адразу прыйшоўся б».

Аня: «Мы ўзялі з сабой такі паходны набор — заплечнікі з рэчамі першай неабходнасці. У першы ж дзень закупіліся ежай, але збольшага то былі розныя крупы, а праз пару дзён у нас ужо не было магчымасці гатаваць. Наш дом завязаны на святло: калі яно знікае, то не працуе бойлер і, адпаведна, няма вады, плюс не працуе пліта. Ацяпленне ж у нашым доме адключылі ўвогуле ў першы дзень вайны».

Саша: «Але ў пяціпавярховіках былі газавыя пліты, мы пазнаёміліся з суседзямі адтуль і першы час гатавалі ў іх кватэрах: там былі арганізаваныя так званыя «палявыя кухні».

Спачатку людзі проста прыносілі тое, што назапасілі ў халадзільніках. Калі гэтыя прадукты скончыліся, то мы хадзілі ў краму ў адным з дамоў: з намі ў ЖК жыла яе кіраўніца. Потым — у краму ў 5-7 хвілінах: жыльцы яе ўскрылі і па чарзе набіралі там ежу.

Усе, мне думаецца, у дзяцінстве марылі зайсці ў краму і браць усё, што хочацца. Але ў такой сітуацыі ты трапляеш унутр і не ведаеш, што ўзяць. Асабліва калі ты ў краме без святла, пад нагамі ў цябе шкло, а вакол чуюцца выбухі».

Пад туалет у падвале быў выдзелены адзін з пакояў, які ў мірны час прызначаўся для захоўвання рэчаў і нарыхтовак жыльцоў: туды проста паставілі вёдры. Але галоўным фізічным дыскамфортам стала не гэта, а лютаўска-сакавіцкія маразы. У падвале замярзала нават вада, і людзі на матрацах, у куртках, пад некалькімі коўдрамі ўсё адно не маглі сагрэцца начамі.

Саша ў падвале дома, дзе яны пражылі амаль два тыдні

Саша ў падвале дома, дзе яны пражылі амаль два тыдні

Аня: «Ужо калі мы эвакуяваліся, я вельмі баялася, што з абмерзлымі пальцамі могуць быць нейкія праблемы. Але, на шчасце, усё нармальна».

Аня: «Побач з намі, як мы ўжо казалі, была будоўля, і там меўся вулічны туалет, але пасля таго, як адзін з нашых адышоў у той бок і яму прастрэлілі нагу, туды больш ніхто не хадзіў». 

Саша: «Рускі падстрэліў украінца, а беларус, то-бок я, рабіў перавязкі. Гэта здарылася ў перыяд асноўнай жэсці — з 1-га па 3-га сакавіка. Тады мы амаль не выходзілі з падвала, таму што вяліся баі, над намі ездзілі танкі».

«Дзіцячая пляцоўка ў мяса пасля танкаў — усё, можна здымаць серыял для Netflix»

Пасля таго, як горад заняла руская армія, жыльцы, з дазволу вайскоўцаў, разводзілі вогнішча на дзіцячай пляцоўцы ў двары і гатавалі там.

Саша: «Мы зрабілі вялікую памылку, пакінуўшы частку прадуктаў, што нацягалі з крам, у кватэрах. І калі нас акупавалі, усё, што было дома, ужо стала не нашым. Каб вы разумелі: на момант нашай эвакуацыі ў нас заставалася ежы на пару дзён, а гуманітарку ў горад ужо не пускалі, расстрэльваючы машыны з дапамогай».

Былыя студэнты расказваюць, як канкрэтна даведаліся, што акупаваныя: суседка, якая вырашалася яшчэ знаходзіцца ў сваёй кватэры, спуцілася да іх і паведаміла, што яе і ўсіх, хто заставаўся дома, адправілі ў падвалы.

  Жанчына моліцца ў падвале

Жанчына моліцца ў падвале

Аня: «Яны ж прыехалі ноччу, і для мяне гэта адна з самых яркіх начэй там ва ўспамінах. Ты слухаеш вельмі гучны ляскат гусеніц танкаў над сабой, нейкія выбухі. Мы спачатку пару дзён увогуле не выходзілі з падвала, але потым некалькі людзей вырашыліся пайсці ў разведку».

Саша: «Ты прыадчыняеш дзверы падвала і бачыш, што каля кожнага пад’езда стаяць БТР-ы, а рускія салдаты бегаюць па лесвічных пралётах. Дзіцячая пляцоўка пры гэтым у мяса пасля танкаў. Усё, можна здымаць серыял для Netflix». 

Вайскоўцаў вельмі раздражняла, калі яны бачылі, што нехта карыстаецца тэлефонамі. Так, у людзей з суседняга падвала іх увогуле забралі і расціснулі танкам, таму суседзі Ані і Сашы ўжо спецыяльна хавалі тэхніку.

Саша: «Святло зусім знікла недзе на трэці-чацвёрты дзень вайны, але ў нас папярэдне атрымалася зрабіць генератар, і на ім недзе да 3-4 сакавіка мы маглі падзараджаць тэлефоны, пакуль рускія не забралі і генератар».

«У акупацыі людзі знаходзілі ў сабе смеласць выказаць сваё меркаванне тым, хто стаіць насупраць са зброяй у руках»

Узаемадзеянне з суседзямі ў крытычнай сітуацыі нагадала Ганне і Сашы салідарнасць, якая ахапіла беларусаў у 2020 годзе. Яны кантактавалі з усім ЖК, даставалі канкрэтныя лекі, калі гэта было камусьці неабходна, — з дазволу рускіх людзі выходзілі на пошукі дадатковай ежы ці нейкіх рэчаў з дома.

Аня: «Я шмат чаму навучылася тады ва ўкраінцаў. Зразумела іх падыход да правоў і свабоды. Памятаю сітуацыю, калі жанчын заганялі ў падвал, а яны папрасілі забраць патрэбныя рэчы дома. І вось дзве ўкраінкі пры гэтым прымусілі маладых рускіх салдат несці гэтыя пажыткі ў падвал. І тыя сапраўды за імі пайшлі.

Гэта паказвала моц людзей: канечне, яны стараліся не выходзіць на канфлікт, каб не наклікаць бяду на ўсіх, але ўсё адно давалі зразумець агрэсарам: вам тут не рады. У акупацыі людзі знаходзілі смеласць выказаць сваё меркаванне тым, хто стаіць насупраць са зброяй у руках: адзін з мужчын, у кватэры якога ўтрымліваўся паранены рускі салдат, напрамую скардзіўся, што ў яго забралі дом, што яго дзеці не адчуваюць сябе ў бяспецы».

Саша: «Некаторыя з вайскоўцаў у дыялогах з украінцамі даводзілі нам, што «ваш Зяленскі ва ўсім вінаваты», і, канечне, пра помсту за Данбас. Частка казала, што прыйшла вызваляць украінцаў».

Аня: «Мне падалося, што вайскоўцы самі выглядалі крыху запужанымі. Такімі, хто баяўся зрабіць лішні крок самастойна. Відаць, нейкіх загадаў датычна нас там не было, таму яны і паводзілі сябе не так жудасна, як у іншых месцах».

Саша: «Але з 3-4 сакавіка яны пачалі выламваць дзверы ў кватэры і выносіць адтуль рэчы. У нас скралі фотаапарат, гадзіннікі, ноўтбук. Мне пашанцавала, можна сказаць: напярэдадні я папрасіўся ў салдата наведаць кватэру, яшчэ да ўсіх пагромаў, і забраў адтуль у чамадан сістэмны блок з цвёрдым дыскам (там было дзевяць гадоў маёй працы ў розных кірунках — навуковыя працы, фотаздымкі) і ўсю сімволіку, заматаўшы ў плед. 

Кватэра Ані і Сашы пасля пагромаў рускіх

Кватэра Ані і Сашы пасля пагромаў рускіх

Аня:

«Што мяне ўразіла ў нашай кватэры, калі мы завіталі туды пасля сыходу вайскоўцаў з іх імправізаванай базы ў нашым ЖК, — сляды ад фісташак. Яны хадзілі па кватэры і лузгалі іх. Я проста ўявіла, як яны нязмушана прагульваліся, жавалі фісташкі і выбіралі: «Гэтую тэхніку хачу, гэтыя рэчы не хачу». Гэта проста сюррэалізм нейкі». 

Вайскоўцы ў ЖК — з камер відэаназірання

Вайскоўцы ў ЖК — з камер відэаназірання

«Было балюча праязджаць і бачыць прыгожы, цудоўны зялёны горад, з кучай кавярняў, дзе мы жылі, разбураным»

Адным з самых страшных момантаў героі называюць прылёт міны ў пяці метрах ад Сашы — яго адкінула гукавай хваляй і засыпала аскепкамі. А таксама паспяховую ў канцы, але поўную жахаў і выпрабаванняў эвакуацыю.

Напярэдадні 9 сакавіка Сашы на тэлефон прыйшло смс-паведамленне ад дзяржаўнай службы па надзвычайных сітуацыях са спісам гарадоў Кіеўскай вобласці, адкуль будзе дазволеная эвакуацыя, у тым ліку там быў Гастомель.

Саша: «Эвакуацыя пачалася для нас раніцай 9 сакавіка і скончылася 10-га ў сем вечара. Мы пасябравалі з адной суседкай — у яе ў адной з нямногіх з ЖК уцалела машына, і яна ўзяла нас з сабой. У самым пачатку мы трапілі ў вялікі затор на выездзе з горада. Пры гэтым у нас над галавомі працавала артылерыя, мінамёты: з нашага ЖК стралялі па пазіцыях УСУ, ішла бойка за Бучу. Лёталі верталёты. Крыху прасунуўшыся, мы даведаліся, што наперадзе падарваўся рускі БТР і забарыкадаваў рух. Што рабіць? На той момант мы і яшчэ тры машыны даехалі да Бучанскай калоніі. У адной жанчыны сям’я жыла ў доме ў трох хвілінах ад таго месца — яны дазволілі, калі ён цэлы, там пераночыць. Мы разбілі ў тым доме акно і ўвайшлі.

Але ноч была страшнай: літаральна ў 500 метрах ад нас прылятала раз за разам. Замест неба мы бачылі чырвонае зарыва з дымам, вакол усё гарэла. Акрамя таго, у самім доме было вельмі халадно, халадней, чым у падвале. Праўда, выбару не было: не вяртацца ж у акупаваны ЖК».

На наступны дзень маладзёны атрымалі новыя смс-кі пра паўторную эвакуацыю. Ім прыйшлося зноў вяртацца ў Гастомель і ехаць праз яго ў бок Кіева. 

Саша: «Было балюча праязджаць і бачыць прыгожы, цудоўны зялёны горад, з кучай кавярняў, дзе мы жылі, разбураным. Бачыць наш разбураны ЖК і руіны…»

  ЖК «Пакроўскі» падчас вайны

ЖК «Пакроўскі» падчас вайны

У Кіеў яны ўехалі літаральна за 10 хвілін да пачатку каменданцкай гадзіны і акурат на апошняй зарадцы: тэлефон вырубіўся амаль адразу, як яны заехалі ў сталіцу.

Саша: «Рухаліся мы, канечне, не без прыгод: напрыклад, прабілі кола па дарозе. Цудам раскручвалі ўсё і мянялі, а над намі ў гэты момант стаяў рускі салдат з аўтаматам, намякаючы, што ў нас ёсць пяць хвілін. Калі праехалі Ірпень і выехалі на Жытомірскую трасу, там пабачылі рускі грузавік, які ў 300 метрах ад нас знянацку падарваўся. Але гэта дробязі ў параўнанні з тым, што ў наступныя дні эвакуацыі машыны маглі расстрэльваць».

Аня: «У Кіеве працавалі запраўкі, крамы, і нам прыйшлося наноў прызвычайвацца да гэтага пасля апакаліптычнага Гастомеля, да таго, што вакол шмат людзей, да жыцця. Нават да цяпла і ежы. Зняўшы з сябе шмат слаёў адзення ў кватэры сяброў, мы проста сядзелі і елі-елі і не маглі наесціся, толькі там асэнсаваўшы нашу поўную знясіленасць.

А яшчэ пасля блокпастоў расійскіх было шчасцем убачыць украінскі сцяг. За час, праведзены ў падвале, я яшчэ больш зблізілася з краінай. Там я адчула, што гэта сапраўды мой другі дом. І ўкраінскі сцяг стаў каштоўнасцю, як і наш сцяг. Толькі ўбачыць яго было дастаткова, каб цела, нарэшце, расслабілася. Але яно зноў, канечне, напружылася, калі ўвесь свет пабачыў фоты з Бучы… Мне было вельмі сорамна са свайго боку, што я ў той момант выдыхнула: таму што гэта было хоць і побач вельмі, але там, не са мной. Я адчула палёгку ад таго, што людзі паміралі не ў маім раёне. Ад гэтага пачуцця не па сабе…»

Украінская стужка замест пояса

Украінская стужка замест пояса

«Варта канцэнтравацца на тым, што ў нас з украінцамі адны і тыя ж ворагі»

У Кіеве Аня і Саша прабылі пару дзён і пасля, пры падтрымцы Free Belarus Center, змаглі прыехаць у Варшаву, дзе знаходзяцца і сёння ў працэсе атрымання міжнароднай абароны для легалізацыі.

Аня: «Эміграваўшы ў другую краіну, цяжка зноў знаходзіць глебу пад нагамі. Плюс яшчэ ёсць гэта адчуванне, што ты нібыта не так моцна пацярпеў ад вайны, як іншыя, ты недастаткова маеш права, каб знаходзіцца тут, бо ты не паляк. І гэта пачуццё, што ты недастаткова нейкі, пераследуе мяне. Як ні круці, мы з краіны-агрэсара яшчэ…»

Саша: «Асабіста я зараз не хачу саромецца таго, што я беларус. Я не лічу, што я вінаваты перад украінцамі. Як і ўсе беларусы, якія змагаліся супраць рэжыму. Калі і вінаваціць у нечым, то Лукашэнку, Пуціна, ябацек…. Я ж у свае 23 гады зрабіў, здаецца, усё, што мог. Дакладна больш, чым многія. І згубіў нямала».

Аня: «Усім, канечне, варта зараз канцэнтравацца на тым, што ў нас адны і тыя ж ворагі. І свабода Украіны — гэта адзін з галоўных інтарэсаў у тым ліку для свабоднай Беларусі. І таму важна па меры магчымасцяў дапамагаць Украіне». 

Аляксандр — аўтар фотапраекта «MADE IN BELARUS/MADE OF PAIN», арыгіналы здымкаў якога ён і ратаваў са сваёй кватэры ў Гастомелі. Зараз ён плануе арганізаваць выставу ў афлайнавых прасторах. Таксама ў планах Ані і Сашы — працяг навучання па праграме Каліноўскага і новыя фотапраекты.

 

Ганна — на фотаздымках для праекта Сашы.

Каб працягваць сваю дзейнасць паўнавартасна, Ганна і Аляксандр маюць патрэбу ў новай тэхніцы, якую скралі рускія вайскоўцы, а таксама ў медаглядзе і дапамозе псіхолагаў пасля ўсяго перажытага. Падтрымаць актывістаў можна заданаціўшы пасільную суму па спасылцы.

Чытайце таксама:

«На плошчы было шмат людзей» — што кажуць відавочцы ўдару па Вінніцы?

Хто такія «Атам», «Сябро» і «Папік». Расказваем пра траіх байцоў з палка Каліноўскага, якія, напэўна, загінулі

Прапагандысты на БТ гаруюць па загінулых на Данбасе дзецях. Але хто іх забіваў і забівае?

Клас
14
Панылы сорам
3
Ха-ха
2
Ого
8
Сумна
16
Абуральна
11

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?