Шэсць гадоў таму Алена адкрыла на фуд-корце гандлёвага цэнтра «Тытан» свой пункт і прапанавала наведвальнікам смажанае марожанае.

— Я падгледзела ідэю ў Тайландзе, калі гуляла па рынку. Убачыла, што людзі стаялі ў чарзе за нейкімі роламі, здзівілася, што гэта марожанае. У памяці адклалася яркая карцінка, а калі я задумалася пра свой бізнэс, вельмі ўдала пра гэта ўспомніла.

Зразумела, што марожанае па-сапраўднаму ніхто не смажыць. Для яго прыгатавання выкарыстоўваецца адмысловы фрызер — гэта такая халодная бляха, на якую Алена выкладвае ягады (ці любое іншае начынне), залівае іх тлустымі вяршкамі, а потым з дапамогай лапаткі скручвае застылую сумесь у ролы, зверху палівае топінгам або дадае якую-небудзь абсыпку на выбар. Атрымліваецца порцыя вагой прыкладна ў 150 грамаў, якую Алена прадае за сем рублёў.

Згаджалася на любыя ўмовы

З боку бізнэс здаецца нескладаным: купіў патрэбнае абсталяванне, узяў у арэнду пляцоўку на фуд-корце і круці сабе ролы з вяршкоў. А цяпер уявіце, што вам больш за 40 гадоў, вы ўсё жыццё працавалі наёмным работнікам у гандлі і не дапускалі думкі пра тое, каб пачаць сваю справу. Алена кажа, што раней не адчувала ў сабе прадпрымальніцкай жылкі.

— Я скончыла гандлёвы каледж і папрацавала, напэўна, год у ГЦ «Кірмаш». Потым у мужа добра пайшоў бізнэс, ён сказаў мне сыходзіць з працы: маўляў, на панчохі і так грошы дасць. Доўгі час я была хатняй гаспадыняй, займалася дачкой. А потым усё стала сумна ў нашай сям'і: муж сур'ёзна захварэў, я ўжо гадоў дзесяць як удава, каб вы разумелі. Мне прыйшлося вярнуцца ў гандаль, каб забяспечваць сям'ю.

Алена пералічвае, дзе паспела папрацаваць за гэты час. Спачатку выйшла ў кіёск недалёка ад дома, потым уладкавалася ў кавярню бармэнкай, далей патрапіла на «Экспабел», дзе займалася аптовым гандлем. Усё гэта была занятасць без афармлення — мінчанка згаджалася на любыя ўмовы. 

Грошай сям'і катастрафічна не хапала, жыць даводзілася ў літаральным сэнсе ад заробку да заробку. Падарункі на дні нараджэння трэба было прадумваць за паўгода.

— Потым я зразумела, што мне трэба падумаць пра нейкую пенсію: гады ідуць, а адлічэнняў я не раблю. Уладкавалася ў звычайную прадуктовую краму, каб быў запіс у працоўнай кніжцы. Спачатку стаяла за прылаўкам, потым патрапіла за касу. Два гады так адпрацавала, пакуль мяне не падвысілі да старшага касіра. Я стала тым самым чалавекам, які бегае з ключом ад касы да касы, робіць звароты-адмены і просіць прабачэння ў пакупнікоў за любое глупства.

«З'явілася злосць на сябе: гады ідуць, а я залежу ад настрою іншага чалавека»

Мінчанка кажа, што гэты «кар'ерны рост» выціснуў з яе ўсе сокі. Праца была вельмі складанай як фізічна (за дзень старшы касір праходзіць шмат кіламетраў), так і эмацыйна. Акрамя таго, Алене не падабалася знаходзіцца ў калектыве, які яна параўноўвае з «серпентарыем»: суцэльныя інтрыгі, скандалы і расследаванні.

— Я папрасілася ў мужчынскі калектыў — у службу бяспекі, падраздзяленне cash control. Над кожнай касай у крамах вісяць камеры, якія запісваюць даволі дакладную карцінку з гукам. Калі ўзнікаюць нейкія пытанні па разліках, можна прагледзець запісы і разабрацца, што адбылося. І вось я сядзела і ўсю змену па дзевяць гадзін з перапынкам на абед праглядала рухі цела касіраў.

Гэтая праца аказалася спакайнейшай, чым у старшага касіра, плацілі за яе сярэдні заробак — каля $400. Алена на той момант ужо жыла адна, адказнасць за сям'ю на яе не ціснула, бо дачка вырасла і з'ехала на заробкі за мяжу. У мінчанкі нават стала атрымлівацца адкладваць грошы на першыя самастойныя падарожжы.

— У той перыяд у мяне з'явілася наймацнейшая цяга да паездак. Я ўвесь час хацела ўбачыць нешта новае, кудысьці з'ездзіць. Каб вы разумелі, я не марыла пра Фіджы ці Балі, а лётала лаўкостэрамі ў Еўропу, здымала недарагое жыллё, але ўсё роўна гэта патрабавала грошай. А яшчэ трэба было адпрошвацца ў кіраўніцтва ў водпуск. «Можна паехаць улетку?» — «Не, нельга». Атрымліваецца, што ты заўсёды залежыш ад настрою іншага чалавека. І ў мяне такая злосць на сябе з'явілася: гады ідуць, а я жыву не так, як мне хочацца!

Менавіта тады ўзнікла першая думка пра тое, што я павінна працаваць на сябе, займацца сваім бізнэсам.

Яшчэ адным довадам на карысць звальнення стаў сапсаваны зрок. На cash control Алена прыйшла з адзінкай і ўсяго за пару гадоў пасадзіла зрок да мінус 5.

— Ты сядзіш і ўвесь час у цемры, разглядаеш гэтыя драбнюткія дэталі, якія купюры касір адлічыла, колькі здачы дала. Націскаеш на «стоп», потым зноў «плэй» — і так цэлы дзень. Калі заставалася месяцы два да канца кантракта, я дакладна ўсвядоміла: больш не хачу яго працягваць. І не хачу ісці ў іншую краму. Мне стала зразумела, што трэба поўнасцю мяняць сваё жыццё.

На старце выдаткавала $8 тысяч

Алена расказвае: у заначцы на той момант у яе было не больш за тысячу даляраў. Яна звязалася з дачкой, якая працавала ў Катары і збірала грошы на сваё жыллё.

— Я сказала, што буду займацца бізнэсам, спытала: «Ці можаш ты мне пазычыць грошай і колькі?» Яна падтрымала мяне і паабяцала, што зможа даць мне $6 тысяч. Самае цікавае, што на той момант я нават не ведала, чым буду займацца. Суткамі рылася па інтэрнэце, вывучала стартапы, розныя прапановы па куплі франшызы, варыянты па рамеснай дзейнасці. Хацелася, каб гэта было грамадскае харчаванне, але нешта такое, чаго няма ў іншых. А яшчэ мне падавалася важным ахапіць максімальна шырокі дыяпазон насельніцтва.

«Шаурма — гэта хутчэй для мужчын, кола і бургеры — для моладзі, а маё марозіва падыходзіць і дзецям, і бацькам, і цяжарным.

З рэцэптурамі, расказвае мінчанка, усё аказалася прасцей, чым яна думала. Ніякіх сакрэтаў: у інтэрнэце дакладна напісана, што і як змешваць, каб атрымаліся акуратныя ролы.

— Вядома, прыйшлося патрэніравацца дома: першы час мая радня на сняданак, абед і вячэру ела марожанае. Але ў выніку ўсё стала атрымлівацца.

Зноў жа дзякуючы сёрфінгу ў інтэрнэце мінчанка даведалася пра тое, што прадпрымальнікі-пачаткоўцы ў Мінску могуць атрымаць субсідыю на адкрыццё сваёй справы. На той момант гэта было $990 — для бізнэсу грошы невялікія, але чаму б не ўзяць, калі даюць, разважыла Алена.

— Я ўстала ў цэнтр занятасці на ўлік як беспрацоўная, і адтуль мяне накіравалі на курсы прадпрымальнікаў. Не магу сказаць, што яны былі вельмі карыснымі, але прынамсі пра падаткаабкладанне я менавіта там усё і даведалася. Пасля заканчэння курсаў прадаставіла бізнес-план і атрымала субсідыю. За гэтыя грошы купіла свой першы фрызэр, ён каштаваў $1120.

Паралельна з навучаннем на курсах прадпрымальнікаў Алена стала шукаць месца для сваёй кропкі. Напісала лісты ў розныя гандлёвыя цэнтры. У выніку на запуск кропкі з марожаным даў дабро гандлёвы цэнтр «Тытан».

— Усяго на запуск сваёй кропкі я выдаткавала каля $8 тысяч. Асноўная сума пайшла на мэблю, якую я рабіла на замову, і абсталяванне. Купляла ўсё новае: халадзільнік, фрызер, кавамашыну, міксер і гэтак далей.

За свой пункт мінчанка аддае ў месяц €360.

— Працэс узгаднення кропкі ў гандлёвым цэнтры заняў дзесьці паўгода. Я не чакала, калі шчыра, што гэта расцягнецца на такі доўгі тэрмін. Увесь гэты час не працавала і жыла на тыя грошы, якія заняла, а гэта не надта камфортна. Перажывала моцна. Памятаю, што важыла тады 48 кілаграмаў, адзін нос тырчаў, — з усмешкай успамінае Алена.

«Палічыла, што мне трэба прадаваць 30 порцый за дзень»

Першы час пасля запуску прадпрымальніца працавала на кропцы адна з раніцы да вечара: фізічна не было часу на тое, каб шукаць супрацоўнікаў. Ужо пазней стала прыцягваць працаўнікоў і плаціць ім заробак.

— Калі я складала бізнэс-план, палічыла, што мне трэба прадаваць 30 порцый марожанага, каб пакрываць арэнду і працаваць з невялікім прыбыткам. І ўлетку, калі я адкрылася, так і было — я прадавала нават больш за 30 порцый. А потым пачалася восень, бацькам трэба было купіць дзецям адзенне/абутак, і стала зусім ціха. Я села і палічыла, што чыстымі зарабляю 650-700 рублёў, то бок той заробак, які быў у мяне на апошняй працы! Але я сябе супакойвала: затое сама сабе гаспадыня і ні перад кім не адчытваюся.

Прадпрымальніца завяла старонку ў Instagram, запусціла акцыі для падпісчыкаў, стала думаць, як пашыраць меню, і ўвяла «аўтарскія рэцэптуры».

— Пакупнікоў стала больш, але не нашмат. А недзе праз год мы даведаліся, што замест кантактнага заапарка на трэцім паверсе адкрыецца паўнацэнны фуд-корт. Спачатку я перажывала, думала, што прыйдуць канкурэнты, але перамены аказаліся да лепшага. Дзякуючы фуд-корту, наведвальнасць вельмі моцна вырасла, стала больш пасадачных месцаў. Увосень і ўзімку марожанае сталі купляць нават лепш, чым летам! У нас нават чарга ў дажджлівыя дні бывае — мы па сто і больш порцый за дзень прадаём. 

Цяпер Алена зарабляе па 3-4 тыс. рублёў на месяц. Гэта яе чысты прыбытак, за мінусам усіх выдаткаў на вядзенне бізнэсу і аплату працы прадаўцоў. З даўгамі прадпрымальніца ўжо разлічылася — апошнія некалькі сотняў аддала летась.

Мінчанка не хавае: яна вельмі рада, што ў свой час рызыкнула і занялася бізнэсам. Па-першае, з'явіўся сэнс у працы («Раней я займалася нейкім глупствам»), а па-другое, удалося атрымаць доўгачаканую свабоду, калі ты плануеш свой час без аглядкі на іншых.

— Увосень-узімку ў выхадныя я стаю тут сама, яшчэ ні адны выхадныя за шэсць гадоў не прапусціла. А ўлетку дазваляю сабе адпачываць, проста кантралюю, каб усё было ў парадку. Я так рада, што цяпер мне не трэба адпрошвацца ў адпачынак (хутка палячу ў Італію, напрыклад). А яшчэ я нарэшце занялася любімым хобі: раблю сваімі рукамі ўпрыгожанні і раздорваю іх знаёмым.

Клас
68
Панылы сорам
8
Ха-ха
14
Ого
40
Сумна
10
Абуральна
34