Начны Мінск

Начны Мінск

я прашу цябе, едзь адсюль, я прашу, бяжы!
хоць адну душу ад пякельнае ночы выратуй!
гэта нашы, вер, ля дарогі стаяць крыжы,
гэта нам з табой свежы дол сярод пустак вырыты.

я прашу цябе, едзь, ратуйся, бяжы адсюль!
тут гадамі раскашавалі чужынцы-злодзеі,
апаганьвалі наш пачэсны пасад, пакуль
мы спявалі, спадзяваліся, карагодзілі…

я прашу, не раздумвай, не азірайся, едзь!
я не маю сіл глядзець, як мы не вынырваем,
як жывое нішчым, сцяўшыся пад павець,
як мы забываем, што такое быць шчырымі.

я прашу, зберажы чалавека ў сабе, з’язджай!
я ўжо не выдужваю гэты боль, не выплакваю…
тут самота, страх, немата, бедната і жаль
усё цягнуць і цягнуць народ мой вякоў клаакаю.

а пасля, калі вернуцца голас, любоў і слых,
калі зможам задыхаць нанова ў сусветным вэрхале,
тады ўстань, я прашу, ідзі і сведчы — пра тых,
што насуперак слабасці гэтых радкоў не з’ехалі.

Клас
44
Панылы сорам
5
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
12
Абуральна
3