Юлія і яе палітзняволены муж Ігар Лаптановіч — актывісты з Пружанаў, якія цяпер знаходзяцца за кратамі. На волі іх чакаюць трое дзяцей.

Нагадаем, мужа і жонку асудзілі 4 жніўня 2021 года ў Брэсце па «справе карагодаў» за падзеі 13 верасня 2020 года, калі пратэстоўцы вадзілі карагод і спявалі песні, а іх разагналі вадамётам. Тады Ігара асудзілі да двух з паловай гадоў калоніі, а Юлію — да трох гадоў «хатняй хіміі». Праз некалькі месяцаў пасля вынясення прысуду, 13 кастрычніка 2021 года, дома ў Юліі прайшоў ператрус, пасля якога яе затрымалі ў межах новай крымінальнай справы.

Як паведамляў Следчы камітэт, падчас допыту Юлія распавяла, што ў ліпені мінулага года ў сацсетках з ёй звязаўся карыстальнік, які прапанаваў фінансавую падтрымку за прадастаўленне інфармацыі аб службовых асобах, якія ажыццяўлялі ў дачыненні да яе сям'і крымінальны пераслед.

Жанчына пагадзілася праз цяжкае матэрыяльнае становішча, бо выхоўвае траіх непаўналетніх дзяцей, а муж знаходзіцца ў калоніі. Паведамляецца, што шматдзетная маці выканала ўсе ўмовы суразмоўцы і атрымала грашовы перавод на суму больш за 500 еўра. Акрамя гэтага, на рахунак абвінавачанай пераводзіліся грошы, якія яна перадавала сваім знаёмым у якасці фінансавай дапамогі з-за мяжы. Лаптановіч нібыта перадала інфармацыю пра персанальныя даныя і дзейнасць службовых асобаў сваёй знаёмай, у якой быў выхад на «экстрэмісцкія телеграм-каналы». Усе звесткі былі апублікаваныя, а пацярпелым, як сцвярджае следства, паступалі пагрозы і абразы ў сувязі з выкананнем імі службовых абавязкаў.

14 ліпеня на судовым пасяджэнні пракурор запытаў для Юліі пяць гадоў калоніі, а таксама штраф у памеры 100 базавых велічынь (3200 рублёў). 

18 ліпеня Лаптановіч прызналі вінаватай паводле шасці артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 188 (паклёп); ч. 1 арт. 13 арт. 369 (стварэнне ўмоваў для здзяйснення абразы прадстаўніка ўлады); ч. 1 арт. 1 арт. 389 (стварэнне ўмоваў для здзяйснення пагрозы ў дачыненні да суддзі); ч. 6 арт. 16 і ч. 1 арт. 366 (садзейнічанне пагрозе гвалтам у дачыненні да службовай асобы); ч. 3 арт. 203-1 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да персанальнай інфармацыі); ч. 1 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Суддзя Віктар Сянько вынес прысуд — пяць гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 19 базавых велічынь (608 рублёў). Таксама суд пастанавіў сплаціць 5000 рублёў маральнай кампенсацыі на карысць аднаго пацярпелага пракурора.

Падтрымайце Юлію бандэролямі, пасылкамі, грашовымі пераводамі і лістамі салідарнасці па адрасе:

Турма №1, 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1,

Юлія Аляксандраўна Лаптановіч.

Падтрымайце Ігара:

ПК №3, 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба.

Клас
0
Панылы сорам
2
Ха-ха
3
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
19