Гаворка ідзе пра сайты prizivnik.by, povestka.by і armyhelp.by, якія спецыялізуюцца на кансультацыях для прызыўнікоў па юрыдычных і медыцынскіх пытаннях. Пры спробе зайсці на «Прызыўнік» сайт просіць увесці логін і пароль пры ўваходзе, да сайта «Павестка» не ўдаецца атрымаць доступ, а пры спробе зайсці на «Арміхэлп» з'яўляецца заглушка, якая інфармуе пра тое, што на сайце праводзяцца «тэхнічныя работы».

У «вэб-архіве» захаваліся копіі сайтаў: «Прызыўнік» — за 17 мая гэтага года, «Павестка» працавала 25 чэрвеня, а ўжо 11 ліпеня выдавала памылку 502 Bad Gateway; сайт «Арміхэлп» апошні раз быў захаваны 31 сакавіка. Апошнія водгукі пра кампаніі кліенты пакінулі ў «Яндэксе» ў канцы чэрвеня.

Чым займаліся сайты?

«Усе рашэнні аб атрыманні ваеннага білета і адтэрміноўкі ад прызыву прымаюцца выключна прызыўной камісіяй», нагадвае сайт «Прызыўнік». Прадстаўнікі кампаніі тлумачаць, што «Прызыўнік» не з'яўляецца» медыцынскай установай і не праводзіць медыцынскіх абследаванняў», а займаецца «арганізацыяй візітаў у акрэдытаваныя дзяржавай медыцынскія ўстановы».

Сайт «Павестка» пазіцыянуе сябе як «сэрвіс пытанняў і адказаў, прызначаны для прызыўнікоў, дапрызыўнікоў, ваеннаабавязаных, вайскоўцаў, альтэрнатыўшчыкаў і іх блізкіх».

На сайце «Арміхэлп» пазначана, што ён «не прадае ваенныя білеты, не садзейнічае ўхіленню ад прызыву, не займаецца подкупам службовых асоб медустаноў і ваенкамата», а інфармацыя, «атрыманая падчас аказання паслуг, нясе рэкамендацыйны характар».

Кошт паслуг на «Арміхэлп» вар'іруецца ад 460 рублёў да 1340 рублёў.

«Прызыўнік» прапануе паслугі ад 590 да 1990 рублёў з дадатковымі пакетамі ад 790 да 890 рублёў. Яго прадстаўнікі прыводзяць колькасць паспяховых кейсаў: «Больш за 3000 прызыўнікоў атрымалі ваенны білет» і «8 з 10 кліентаў атрымліваюць ваенны білет з намі».

Прызыўнік Мікіта, які звярнуўся па дапамогу на адзін з сайтаў, заплаціў за паслугі прыкладна 1000 рублёў. «Паслугі былі па тыпу «асабістага сакратара». Запісвалі на медагляды, здачу аналізаў у зручны час. Кансультавалі па ўсіх пытаннях», — распавядае ён «Медыязоне».

Па яго словах, прадстаўнікі сайта склалі для яго план абследаванняў, які карэкціраваўся па меры праходжання: «Такім чынам адсяваюцца варыянты, па якіх можна ці нельга атрымаць непрыгоднасць, — кажа Мікіта. — Ну і таксама перад кожнай паездкай у ваенкамат кансультавалі, што і як казаць».

Па сцвярджэнні Мікіты, нягледзячы на тое, што ён «не заўсёды і не адразу атрымліваў неабходную інфармацыю», сайт дапамог яму атрымаць ваенны білет, не праходзячы службу ў войску.

«Змагарыкі, адкасіць не атрымаецца»

«Мутныя фірмачкі прапануюць паслугі па адкосе ад войска — і існуюць чамусьці», — напісала 29 мая праўладная актывістка Вольга Бондарава. Яе здзівіла, што «антыдзяржаўная рэклама, якая пагражае нацыянальнай бяспецы Беларусі, не блакуецца».

«Канторкі для ўхілістаў прыхлопнутыя. Прычым, што характэрна, самі ўладальнікі добраахвотна, уласнаручна напісалі заявы аб ліквідацыі. Але самы цымес у тым, што ўся кліентура за гады працы гэтых кантор ўстаноўленая і складзіраваная ў шэрых тэчках. І ў гэтай гісторыі яшчэ будзе працяг», — такімі словамі пракаментаваў знаходку Антона Матолькі праўладны канал «ЖС Premium».

«Усё, змагарыкі, адкасіць не атрымаецца. У першых шэрагах, так бы мовіць», — падхапіў радасць тэлеграм-канала супрацоўнік канала СТБ Рыгор Азаронак.

«Медыяазона» патэлефанавала па паказаным на сайтах кампаній нумарах. Прадстаўнік сайта «Прызыўнік» адмовіўся каментаваць сітуацыю, бо знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні. Ці ідзе гаворка пра крымінальную справу, невядома. У «Арміхэлпе» на пытанне карэспандэнта пра тое, ці туды ён датэлефанаваўся, суразмоўца адказаў: «Не ўжо», і папрасіў нічога не пісаць. Па тэлефоне з сайта «Цэнтр правоў прызыўніка» мужчына пацвердзіў, што калісьці нумар належаў кампаніі. Ён адмовіўся распавядаць што-небудзь пра тое, што адбываецца і дадаў што, больш сайт працаваць не будзе.

Карэспандэнт «Медыазоны» запытаўся ў суразмоўцы, наколькі праўдзівыя сцвярджэнні праўладнага тэлеграм-канала аб тым, што «ўладальнікі [кампаній] ўласнаручна, добраахвотна напісалі заявы аб ліквідацыі». Мужчына распавёў, што сайт зарэгістраваны на індывідуальнага прадпрымальніка: «ІП пакуль не ліквідуецца, наколькі я ведаю. Проста сайт выключаны», — сказаў ён.

Паводле атрыманай «Медыязонай» выпіскі з Адзінага дзяржаўнага рэестра, усе кампаніі, якія былі пазначаныя на сайтах па дапамозе прызыўнікам, на момант напісання тэксту існуюць і не знаходзяцца ў стадыі ліквідацыі.

Клас
1
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
2
Сумна
3
Абуральна
12