Будаваць аб'ект па адрасе Інтэрнацыянальная, 38 пачалі ў 2017 годзе. За некалькі гадоў да гэтага на Кастрычніцкай плошчы знеслі былы музей ВАВ. Будаўніцтва тады многія мінчукі ўспрынялі негатыўна. Лічылі, што будынак не ўпісваецца ў архітэктуру горада, а архітэктары называлі знос музея ВАВ пачаткам маштабнай бяды.

Будаўніцтвам займалася кампанія Dana Holdings — кампанія сербскіх нуварышаў, якія атрымліваюць выгадныя ўчасткі для забудовы ў Мінску і трапілі пад санкцыі ЕС як набліжаныя да Аляксандра Лукашэнкі.

Некалькі гадоў таму будынак дабудавалі, і сёння яго прадаюць па дагаворнай цане.

«Capital Palace — васьміпавярховы шматфункцыянальны будынак прэміум-класа на цэнтральнай плошчы сталіцы. Знакавае для Беларусі месца з сучаснымі і гістарычнымі традыцыямі горада і краіны сапраўды ўнікальнае. Вакол размешчаныя папулярныя і эксклюзіўныя аб'екты і будынкі. Будынак пабудаваны ў 2020 годзе з выкарыстаннем якасных матэрыялаў і сучасных тэхналогій. Мае двухузроўневы падземны паркінг на 170 машынамесцаў», — напісана ў аб'яве.

Realt патэлефанаваў, каб даведацца пра цану і ўмовы.

«Цана дагаворная. Канкрэтных лічбаў я вам не назаву. Мне сказалі, што ўсё будзе залежаць ад запыту, — адказаў спецыяліст, які займаецца продажам аб'екта. — Але якой бы ні была цана, там не будзе ПДВ, яны вызваленыя».

Па словах спецыяліста, уладальнікі гатовыя прадаваць асобна кожны паверх. Але калі знойдзецца купец для ўсяго будынка цалкам — таксама гатовыя да ўгоды.

«Нейкіх абмежаванняў або пажаданняў да пакупніка няма. Гэта можа быць юрыдычная асоба, але калі знойдзецца фізічная, таксама гатовыя прадаваць».

Клас
2
Панылы сорам
3
Ха-ха
46
Ого
3
Сумна
2
Абуральна
5