«Салдаты і афіцэры Рэспублікі Беларусь, вас правакуюць на ўдзел у вайсковай агрэсіі супраць Украіны, няпраўдай прымушаюць удзельнічаць у захопніцкай вайне», — адзначаецца ў спецыяльным відэазапісе, распаўсюджаным упраўленнем стратэгічных камунікацый Узброеных сіл Украіны.
У відэазвароце нагадваецца, што беларускі і ўкраінскі народы маюць супольную гісторыю і досвед супольнай барацьбы з ворагам.
«Сёння вораг прыйшоў на нашу зямлю. Вораг подлы і падступны. Вораг, які гвалтуе і забівае дзяцей, жанчын, старых. Вораг, які наносіць ракетныя авіяцыйныя і артылерыйскія ўдары па жылых масівах і цывільнай інфраструктуры, у тым ліку з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», — адзначаецца ў звароце.
Асобна падкрэсліваецца, што нягледзячы на тое, што расійскія войскі зайшлі з тэрыторыі Беларусі і менавіта з беларускай тэрыторыі абстрэльваецца Украіна, украінскія войскі не пачалі абстрэльваць у адказ беларускую тэрыторыю.
«Мы гатовы сустрэць вас твар да твару. Прыйдзеце з мірам — сустрэнем як братоў, прыйдзеце з вайной — сустрэнем, як і пуцінскія орды, агнём і свінцом. Вы самі бачылі, на што здольная наша армія, якая абараняе свой народ і сваю родную зямлю ад захопнікаў. Бачылі караваны рэфрыжэратараў з трупамі акупантаў, бачылі перапоўненыя расійскімі захопнікамі беларускія бальніцы і моргі. Мы зможам абараніць сябе, тым больш, што сёння з Украінай — цэлы свет», — адзначаецца ў звароце.





