У нас з Андрэем сёння першае дзесяцігоддзе шлюбу. Дамовіліся пачаць сінхроннае святкаванне аб 11-й, у час роспісу.

Летась у гэты дзень і час яму нарэшце (пасля 13 дзён на Акрэсціна) прад’явілі абвінавачанне ў сплаце камуналкі па няправільных тарыфах (цікава будзе паслухаць з першых вуснаў, як гэта адбывалася; па аповедах сукамернікаў, Андрэй тады ад тэмпературы і кашлю ледзь хадзіў і сядзеў).

Назаўтра яго перавялі на Валадарку (о, як я тады цешылася, што магу перадаць перадачу! і дагэтуль удзячная медчастцы, што яму далі ложак, матрац і падушку, што ён змог адляжацца, што яго адкачалі). І пачаўся наш марафон.

На гэтай фотцы ён катае мяне на лодцы — вязе ў зарасці чароту глядзець ныркоў. Я на другім месяцы цяжарнасці, мяне ўвесь час падташнівае, і вось Андрэй штовечар прыдумляе нам пасля працы ўсякія радасці і адўлячэнні.

У той дзень, помню, апісваю я ў бібліятэцы Евангелле ХVII стагоддзя, а Андрэй піша, маўляў, прыдумаў нам прыгоду на вечар. І я радасная купляю па дарозе запакаваныя бутэрброды ў Белсаюздруку (гэтакія ж, як у Вільні на вакзале, такая ў мяне прыемная асацыяцыя). Адчыняем у машыне вокны, каб я перажыла паездку, і выпраўляемся.

Сёння чытала нашы перапіскі мінулых гадоў. З тыднёвай канферэнцыі ў Ольштын пішу, як сумую. Ён піша, як сумуе. А прайшло два дні. Як мы перажылі гэты год і два тыдні?..

Самым цяжкім сёння здаецца год без фізічнага кантакту. Калі Андрэя забіралі з дому год таму, мы пацалаваліся, і я не магла ўявіць, што наступны год я нават не змагу да яго дакрануцца. Я не магу сфармуляваць, чаму гэта так важна, але без дотыкаў вельмі цяжка.

Усе сустрэчы за гэты год былі праз шкло. Адзіны раз, калі між намі было не шкло, а паветра — суд. Праходзячы міма клеткі, я ўсміхалася, пасылала паветраныя пацалункі, гаварыла словы любові. Цяпер думаю: чаму не прасунула руку, чаму не дакранулася!.. Гэта нельга рабіць, але прыкра, што мне нават не прыйшло гэта ў галаву!

Мой апошні дотык да мужа — 8 ліпеня 2021 года. Ды і тады — свядомасць не дапускала, што расстанне можа так зацягнуцца. Было горача, Андрэй быў увесь мокры, я прынесла са спальні майку пераапрануцца. Канечне, каб мы ведалі, што наперадзе, стаялі б у абдымку ўвесь час, пакуль джэнтэльмены афармлялі вынікі свайго візіту.

Сумую па дотыках і сумую па адчуванні шчасця, калі мы разам і калі разам з усяго смяёмся.

Але менавіта ўспамін пра гэта адчуванне і дае пакуль сілы перажываць гэтыя пякельныя выпрабаванні, гэта расстанне.

Што пісаць пра Андрэя. Я ўжо пісала: я страшэнна шчаслівы чалавек, і трыццаць гадоў свайго жыцця жыву ў гэтым шчасці бесперарыўна. У гэтым заслуга бацькоў і апошнія дзесяць гадоў — Андрэя.

Андрэй фантастычны. Калі б ён не быў маім мужам, я б хацела і шукала такога. Нядаўна падумала, што баюся і не хачу паміраць не таму, што баюся смерці, а таму, што не хачу, каб гэта наша вясёлае шчасце некалі канчалася.

(Замест дотыкаў у нас лісты, фота і ўспаміны. Андрэй сёння, напэўна, глядзіць на мяне такую, вясновую, на фотцы з нашым абрыкосікам, які сёлета ўпершыню цвіў.)

Клас
8
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
8
Абуральна
1