Пра абвінавачанага вядома, што яму 44 гады, да арышту жыў у Гомелі і працаваў правадніком рэзерву.
Аляксандра Лучыновіча затрымалі 31 сакавіка 2022 на працы — у Гомельскім аддзяленні Беларускай чыгункі. Падчас затрымання ў мужчыны забралі тэлефон, а калі яго праглядзелі, склалі на яго пратакол паводле арт. 19.11 КаАП, па якім і асудзілі да адміністрацыйнага арышту.
Пасля «сутак» на волю Аляксандр не выйшаў — яго перазатрымалі ўжо ў межах крымінальнай справы паводле ч. 1 арт. 361-4 КК «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».
У віну мужчыну ставяць перадачу тэлеграм-каналу «Беларускі гаюн» відэа расійскай вайсковай тэхнікі, якая прасоўвалася па тэрыторыі Беларусі. Вядома, што тыя фотаздымкі ў канал Аляксандр даслаў яшчэ тады, калі ён не быў прызнаны экстрэмісцкім.
15 красавіка Лучыновіча змясцілі ў гомельскі СІЗА-3 і прад'явілі абвінавачванне.
Падчас судовага пасяджэння па крымінальнай справе Аляксандра Лучыновіча пракурорка запытала для яго 2 гады калоніі агульнага рэжыму. Аляксандр сваёй віны не прызнаў, але супрацоўнічаў са следствам і распавёў, што сапраўды запісаў на відэа калону расійскай вайсковай тэхнікі і даслаў яго ў бот «Беларускага гаюна».
21 ліпеня суд Гомельскай вобласці прызнаў Аляксандра Лучыновіча вінаватым у здзяйсненні злачынства па ч. 1 арт. 361-4 КК «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» і прысудзіў яму 2 гады калоніі агульнага рэжыму.





