Фота: AP

Фота: AP

Цэнтральны банк Зімбабвэ выпусціў у абарот залатыя манеты, кошт якіх будзе вызначацца не наміналам, а рынкавай цаной золата.

Вартасць кожнай манеты роўная цане ўнцыі золата плюс 5% на пакрыццё выдаткаў на чаканку. У канцы мінулага тыдня ўнцыя золата каштавала 1724 даляры ЗША.

Кіраўнік зімбабвійскага Цэнтрабанка Джон Мангудзья кажа, што гэтымі манетамі можна расплачвацца за звычайныя пакупкі — калі ў краме знойдзецца рэшта

Манету назвалі «Мосі-оа-Тунья», што азначае «дым, які грукоча» — так на мове мясцовага народа лозі называецца вадаспад Вікторыя.

У ліпені гадавая інфляцыя ў Зімбабвэ перавысіла 190%, і цэнтральны банк падняў уліковую стаўку да 200%. Курс зімбабвійскага даляра ў дачыненні да іншых валют даўно і імкліва ляціць уніз.

13-14 гадоў таму, пры Роберце Мугабэ ўсё было яшчэ горш. Слова «Зімбабвэ» стала сінонімам поўнага фінансавага краху і залімітавай інфляцыі.

Улады нават перасталі публікаваць даныя аб інфляцыі, былі толькі экспертныя ацэнкі з боку, і па адной з іх у 2008 годзе інфляцыя склала 89,7 секстыльёна адсоткаў. Секстыльён — гэта лічба з 21 нулём.

Грошы абясцэньваліся хутчэй, чым улады дадавалі на іх нулі. Гэтая гонка скончылася банкнотай у сто трыльёнаў, а ў выніку ў 2009 годзе Зімбабвэ проста адмовілася ад свайго даляра і перайшла на разлікі ў замежных валютах.

У 2019 годзе Зімбабвэ зноў увяла нацыянальную валюту, але яе рынкавы курс адразу са старту апынуўся нашмат ніжэйшым за афіцыйны, а да цяперашняга часу ён абваліўся ў дачыненні да даляра ЗША і іншых замежных валют больш чым у 150 разоў.

Клас
5
Панылы сорам
10
Ха-ха
7
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
2