Яўгенія расказала «Нашай Ніве», што аднойчы, чытаючы дачцэ кнігу «Казкі на ноч для юных бунтарак» пра вядомых жанчын свету, задумалася пра тое, як важна фіксаваць беларускую гісторыю таксама.

«Мне здаецца, што цяпер самы час уводзіць культуру нацыянальнай памяці. Таму што ўсё, што адбываецца, павінна замацавацца ў нашых розумах, у розумах нашых дзяцей, а потым і ўнукаў.

Я чытала гісторыю Ларысы Геніюш, і мне вельмі сорамна, што я даведалася пра яе ў досыць дарослым узросце. Я з 2020 года ўчытваюся ў гісторыі жанчын-палітвязняў — гэта жах. Іх прасуюць, здзекуюцца з іх, ствараюць зусім дзікія ўмовы ўтрымання, шантажуюць дзецьмі. І на фоне насмешак пра «з кветачкамі хадзілі» за жанчын балюча ўдвая і ўтрая. А на самой справе, у нас сярод жанчын-палітвязняў ёсць і па цяжкіх артыкулах — і за «здраду дзяржаве», і за «акт тэрарызму». І ўсё гэта за грамадзянскую пазіцыю».

Журналістка кажа, што выношвала ідэю стварыць кнігу пра беларусак, якія пацярпелі ад рэжыму, збірала гісторыі, фатаграфіі. Калі яна апісала сваю ідэю ў інстаграме, адгукнулася беларуская мастачка Ганна Татур, якая зараз вучыцца ў Францыі ў школе мастацтваў. Тая прапанавала маляваць партрэты жанчын-палітвязняў.

«Партрэты сталі мастацкім праектам у яе школе мастацтваў. Аня сказала, што педагогі былі шакаваныя тым, што адбываецца з нашымі жанчынамі. І пасля мы прынялі рашэнне рабіць усё гэта і ў лічбавым фармаце», — удакладняе Яўгенія.

Спачатку дзяўчаты хацелі стварыць паўнавартасны тэматычны сайт, але з пачаткам вайны ва Украіне справа адклалася. 

«Я хацела, каб гэты сайт быў і на беларускай, і на ўкраінскай мове, — адзначае Яўгенія. —

Я жыла ў Кіеве з лістапада 2020 года і бачыла неразуменне сярод украінскіх калег, таксама вось гэтыя ўсмешкі з нагоды кветачак. Сваёй знаёмай украінскай калезе я расказала, што мне асабіста хацелася б больш салідарнасці сярод украінскіх журналістак, праваабаронцаў, палітычных лідарак у дачыненні да беларусак. Таму што сядзяць абсалютна розныя жанчыны і сядзяць рэальныя тэрміны. Цяпер — за тое, што выказалі салідарнасць з Украінай, выступілі супраць вайны.

На дадзены момант мы перавялі на ўкраінскую мову 100 жаночых гісторый і ўсе ж будзем публікаваць іх таксама — я буду грукацца ва ўкраінскія жаночыя СМІ па гэтым пытанні, таму што гэта важна.

Тым больш, калі пачалася вайна, нашы палітвязні адышлі на другі план. Я нават бачыла, як шмат якія беларусы сталі пісаць, што нашы праблемы не такія ўжо і праблемы ў параўнанні з жахам вайны. Але, разумееце, калі ідзе вайна, цішком можна нарабіць рознага лайна. І мне стала страшна, што пад шум вайны пра нашых жанчын забудуцца, і тады іх будуць яшчэ больш «дабіваць». 

Партрэты мастачка Ганна Татур стварае на аснове падрыхтаваных Жэняй гісторый і фотаздымкаў жынчын з адыкрытых крыніц, іх сацсетак. На адну працу сыходзіць ад некалькіх гадзін і больш. 

Журналістка прызнаецца, што для яе амаль усе гісторыі, якія яна апісвае для праекта, — вельмі цяжкія. 

«Але калі згадваць кагосьці менш медыйнага, то гэта гісторыя Ірыны Палянінай (жыхаркі Пастаў, якую асудзілі за тое, што ў снежні 2020 года яна пакінула абразлівы каментар у сацыяльнай сетцы пад фатаграфіяй начальніка Пастаўскага РАУС. Таксама, па версіі следства, пастаўчанка знайшла ў хаце сваёй маці патроны ад малакалібернай вінтоўкі і прынесла іх дахаты: іх выявілі ў швейнай машынцы пры аглядзе. — НН). У фэйсбучнай групе «Лісты салідарнасці» нехта апублікаваў ліст ад Ірыны, напісаны алоўкам. У ім яна пісала, што ў яе няма нават асадкі, што муж яе кінуў, засталася пажылая маці-інвалід. І яна вельмі сціпла прасіла дапамогі. Я ведаю, што Ірыне ў выніку вельмі дапамаглі».

Галоўная мэта праекта «Палітвязынкі» — каб пра рэпрэсаваных беларусак не забылі, каб, убачыўшы іх партрэт, у кагосьці з’явілася дадатковая нагода напісаць жанчынам за краты. 

«Калі Воля Гарбунова выйшла з СІЗА, яна сказала, што там страшна ад думак, што пра цябе забыліся. Мы павінны быць зацікаўленыя ў тым, каб палітвязні захавалі сваё ментальнае і фізічнае здароўе. На другое мы не можам паўплываць, а на ментальнае — так», — каментуе Яўгенія Доўгая.

У будучыні праект, магчыма, перарасце ў кніжку. Таксама ў інстаграме можна будзе спампаваць партрэты «палітвязынак» у добрай якасці, каб надрукаваць такі прынт, напрыклад, на цішотку. Аўтаркі таксама зараз думаюць над тым, як трансфармаваць праект, каб ён мог дапамагаць палітзняволеным і іх сем’ям яшчэ і фінансава.

Чытайце таксама:

«Арыштавалі піяніна, якое мне купілі бацькі ў першым класе». У Дар’і і Ігара Лосікаў арыштавалі маёмасць

«Лукашэнка разлічвае не на грошы, а на адмену санкцый і прызнанне яго перамогі». Вячорка аб прапанове выкупіць палітвязняў і іншых прэтэнзіях

КДБ унёс у «тэрарыстычны» спіс яшчэ восем беларусаў. Што пра іх вядома

Клас
21
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
8
Абуральна
1