Святлана Ціханоўская на мітынгу ў падтрымку Украіны ў Вільні

Святлана Ціханоўская на мітынгу ў падтрымку Украіны ў Вільні

24 лютага 2022 года Беларусь, разам з Расіяй, стала для Украіны дзяржавай-агрэсарам. Усе дасягненні ў беларуска-ўкраінскіх адносінах апошніх 30 гадоў фактычна былі ануляваныя.

Гаворка ідзе не толькі і не столькі пра палітычныя стасункі — пасля прызнання Лукашэнкі Крыма расійскім у лістападзе 2021 года цяжка было чакаць аднаўлення палітычнага супрацоўніцтва паміж украінскай уладай і беларускім рэжымам. Аднак з 24 лютага адбылося кардынальнае змяненне ўспрымання Беларусі ў масавай свядомасці ўкраінцаў.

Атака з тэрыторыі Беларусі для многіх стала шокам. Да пачатку масавых пратэстаў у Беларусі пасля сфальсіфікаваных выбараў у жніўні 2020 года Аляксандр Лукашэнка шмат гадоў быў самым папулярным замежным палітыкам сярод украінцаў, а Беларусь яшчэ ў 2021-м годзе называлі сярод топ-5 дружалюбных краін.

Напад на ўкраінскія гарады з тэрыторыі Беларусі стаў для ўкраінцаў траўмай на гады, пасля якой адносіны паміж народамі прыйдзецца аднаўляць фактычна з нуля — маючы звышцяжкую тэму, якая будзе пастаянна падсілкоўваць недавер украінцаў да беларусаў. Аднак рана ці позна нам прыйдзецца займацца гэтай працай. На якім падмурку гэта будзе магчыма зрабіць?

Беларускі інтарэс Украіны

Аб'ектыўным інтарэсам Украіны з'яўляецца само існаванне незалежнай Беларусі. Тут можна прытрымлівацца папулярнай у Польшчы формулы, згодна з якой існаванне незалежных краін на прасторы ULB (Украіна, Літва, Беларусь) — аб'ектыўны інтарэс Польшчы.

Украінскі інтарэс у гэтым сэнсе цалкам супадае з польскім. Магчымае ўключэнне Беларусі ў склад Расіі будзе азначаць яшчэ больш за 1000 кіламетраў расійска-ўкраінскай мяжы на поўначы Украіны і яшчэ большае ўзмацненне расійскага ўплыву ў рэгіёне.

З іншага боку, кожны крок да паслаблення залежнасці Беларусі ад Расеі таксама аслабляе імперскія амбіцыі і магчымасці самой Расіі. Бо як пасля 1991 года ў інтарэсах Польшчы было захаваць і падтрымліваць незалежнасць Украіны, Літвы і Беларусі, так і пасля заканчэння вайны з Расіяй (маючы на ўвазе паспяховае заканчэнне для Украіны), у інтарэсах Украіны будзе падтрымка незалежнасці Беларусі.

Відавочна, знойдуцца галасы, якія скажуць, што незалежнасць Беларусі — справа беларусаў. І гэта правільна. Але пакуль незалежнасць Беларусі будзе заставацца аб'ектыўным украінскім інтарэсам, да таго часу гэта будзе таксама і справа бяспекі Украіны ды яе будучыні.

Польшча гэта зразумела яшчэ ў пачатку дзевяностых, таму там ужо 15 гадоў на дзяржаўныя сродкі працуе канал «Белсат», для беларускіх студэнтаў існуе мноства стыпендый, а для грамадзян Беларусі спрасцілі атрыманне дазволу на пастаяннае пражыванне, а не дэпартуюць з краіны. Менавіта гэта з'яўляецца стратэгічным бачаннем сітуацыі і рэалізацыяй уласнай стратэгіі, якая рана ці позна дасць свае вынікі.

Украіна асуджаная быць суседам Беларусі, а гэта значыць, што аб'ектыўная зацікаўленасць у існаванні незалежнай Беларусі будзе пастаяннай для Украіны. Гэта, у сваю чаргу, азначае неабходнасць выпрацаваць доўгатэрміновую стратэгію ўласнай палітыкі ў дачыненні да Беларусі. А для гэтага трэба прынамсі не варожае стаўленне да Беларусі з боку ўкраінскіх грамадзян, у тым ліку тых, хто пацярпеў і цяпер пакутуе ад ракет, выпушчаных з тэрыторыі Беларусі.

Адсюль першая задача для грамадзянскай супольнасці Украіны і Беларусі — не дапусціць варожасці паміж сабой, ад якой выйграе толькі Масква.

Асновы для будучых стасункаў з Беларуссю

Пасля 24 лютага прадстаўнікі ўкраінскай улады розных узроўняў неаднаразова звярталіся да беларускага народа. У гэтых зваротах можна заўважыць шэраг цалкам канструктыўных тэндэнцый, якія могуць стаць асновай будучыні «беларускага» напрамку знешняй палітыкі Украіны. Чырвонай лініяй праз гэтыя звароты і заклікі праходзяць цалкам канкрэтныя тэзісы:

— гэта не вайна беларусаў;

— Беларусь у гэтую вайну ўцягваюць Пуцін і марыянеткавы ўрад Лукашэнкі;

— беларусы маюць магчымасць не дапусціць уцягвання войска ў баявыя дзеянні супраць Украіны.

Такім чынам, гэтыя тэзісы можна лічыць пазіцыяй украінскай улады адносна беларускага ўдзелу ў расійскай агрэсіі. Зыходзячы з гэтай пазіцыі, у будучыні можна будзе аднаўляць адносіны Украіны з дэмакратычнай Беларуссю.

На чым будуць будавацца будучыя ўкраінска-беларускія адносіны? Абазначым ключавыя тэзісы.

— Незалежная Беларусь — нацыянальны інтарэс Украіны.

Гэта фундаментальны тэзіс, з якога павінны пачынацца будучыя беларуска-ўкраінскія адносіны. Прытым гэты тэзіс будзе заставацца актуальным як у выпадку, калі рэжым Лукашэнкі падзе пасля завяршэння расійска-ўкраінскай вайны, так і ў выпадку, калі яму ўдасца ўтрымацца ва ўладзе. Гэта паўплывае толькі на механізмы таго, як Украіна будзе падтрымліваць незалежнасць Беларусі, але сам па сабе гэты інтарэс будзе заставацца нязменным пры любых абставінах.

— Прызнанне Беларусі акупаванай дзяржавай як мінімум з верасня 2020 года.

З пункту гледжання Украіны гэта быў бы натуральны крок, паколькі Кіеў не прызнае вынікаў выбараў у жніўні 2020 года. Улічваючы ўдзел расійскіх прапагандыстаў і сілавікоў у падаўленні пратэстаў у Беларусі і пастаяннае знаходжанне расійскіх войскаў у Беларусі з тых часоў, Украіна мае ўсе падставы для прызнання Беларусі акупаванай дзяржавай як мінімум з 23 верасня 2020 года (дзень «інаўгурацыі» Лукашэнкі).

Гэта дазволіла б ужо цяпер вырашыць пытанне адказнасці Беларусі за ўдзел у ваеннай агрэсіі, ускладаючы яе на прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі. Першым крокам на гэтым шляху павінна было б быць скасаванне дыпламатычных адносін з рэжымам Лукашэнкі, пра што нядаўна пісала «Еўрапейская праўда».

— Аддзяленне беларускага народа ад рэжыму Лукашэнкі.

Украінская ўлада на ўзроўні рыторыкі прытрымліваецца гэтай асновы. З іншага боку, псіхалагічная траўма ўкраінцаў, якія перажываюць удары расійскіх ракет з тэрыторыі Беларусі, будзе доўжыцца гадамі, таму нават пасля заканчэння вайны тэзіс аб тым, што гэта была вайна Пуціна і Лукашэнкі, а не беларускага народа, будзе заставацца актуальнай.

— Удзел беларусаў у барацьбе ўкраінцаў за свабоду прынамсі з 2014 года.

Адной з першых ахвяраў рэжыму Віктара Януковіча падчас падзеяў Еўрамайдану стаў 25-гадовы беларус Міхаіл Жызнеўскі. Гэтую смерць можна лічыць своеасаблівай кропкай адліку барацьбы беларусаў за свабодную Украіну ў найноўшай гісторыі.

У ліпені 2014 года быў сфармаваны полк беларускіх добраахвотнікаў «Пагоня», які ваяваў на баку Украіны на Данбасе, а ў чэрвені 2015 года з'явілася тактычная група «Беларусь». Пасля 24 лютага беларускія вайсковыя часці былі аб'яднаныя ў батальён імя Кастуся Каліноўскага, які цяпер ваюе ў складзе ЦСУ.

— «Рэйкавая вайна» ў Беларусі і іншыя прыклады супрацьстаяння расійскай агрэсіі ўнутры Беларусі.

Не варта забывацца пра барацьбу беларусаў унутры краіны, самым яркім прыкладам якой з'яўляецца «рэйкавая вайна», якая пачалася фактычна адразу пасля поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну. Ва ўмовах разгалінаванай сістэмы спецслужбаў і звязанай з гэтым вялізнай рызыкі такія дзеянні з'яўляюцца не менш гераічнымі, чым непасрэдны ўдзел у вайне, таму прыклады такой барацьбы таксама могуць стаць падмуркам для будучых украінска-беларускіх адносін.

— Немагчымасць для рэжыму Лукашэнкі ўвесці беларускую армію ў Украіну.

Адсутнасць антыўкраінскіх настрояў сярод беларусаў — адзін з ключавых фактараў, якія зрабілі немагчымым для Лукашэнкі прамое прыцягненне беларускіх вайскоўцаў да вайны РФ супраць Украіны. Гэта азначае, што згаданыя вышэй заклікі ўкраінскіх палітыкаў пачулі і ў краіне адкрыўся іншы, нябачны, але вельмі дзейсны фронт, які з'яўляецца чарговым доказам, што гэтая вайна не з'яўляецца вайной беларускага народа.

Апошні тэзіс, вельмі важны, але дагэтуль неадназначна ўспрыманы ва Украіне — прызнанне Святланы Ціханоўскай як паўнапраўнага прадстаўніка Беларусі.

Падставы для гэтага відавочныя. У дадатак да таго, што такое прызнанне ўжо ёсць з боку большасці краін Захаду, Ціханоўская ўжо ў першыя дні пасля ўварвання РФ зрабіла важную заяву, у якой, па-першае, прызнала, што Лукашэнка зрабіў Беларусь дзяржавай-агрэсарам, па-другое — аддзяліла беларускі народ ад рэжыму, які стаў саўдзельнікам злачынства Расеі, і, па-трэцяе, адкрыта падтрымала Украіну. Пасля яна абвясціла аб стварэнні ў Беларусі антываеннага руху, яшчэ раз падкрэсліўшы, што Лукашэнка з'яўляецца ворагам як для беларусаў, так і для ўкраінцаў, і выказала падтрымку ўкраінскаму народу ў яго барацьбе з расейскай агрэсіяй.

Пазней Ціханоўская і прадстаўнікі яе Офіса распачалі шэраг дзеянняў для падтрымкі Украіны на міжнароднай арэне, а галоўнае — неаднаразова звярталіся да беларускага войска і спецслужбаў з заклікам не выконваць злачынныя загады Лукашэнкі.

Гэтыя факты цалкам «перакрываюць» заявы Ціханаўскай шматгадовай даўнасці, якія да гэтага часу ўплываюць на пазіцыю афіцыйнага Кіева. Больш за тое, рашучая пазіцыя Офіса Ціханоўскай пасля 24 лютага можа стаць адным з элементаў аднаўлення дружалюбных беларуска-ўкраінскіх адносін.

****

Крокі насустрач ніколі не бываюць простымі, асабліва калі паміж народамі пралягла вайна са шматлікімі ахвярамі. Аднак новая стратэгія адносін з Беларуссю Кіеву патрэбна не менш, чым беларускаму грамадству. Бо альтэрнатывай гэтаму можа быць толькі захаванне паўночнай суседкі Украіны ў арбіце Расіі.

Клас
82
Панылы сорам
3
Ха-ха
6
Ого
3
Сумна
9
Абуральна
4