«У Беларусі сёння, нягледзячы на ўсе санкцыі, самая ўстойлівая эканоміка сярод дзяржаў на постсавецкай прасторы. У Беларусі няма залежаў нафты, урану або іншых карысных выкапняў», — сказаў Якаў Кедмі.

«Украіна была патэнцыяльна больш багатая. Але дзе цяпер украінская эканоміка і дзе беларуская?

Як была развіта эканоміка Прыбалтыкі, і дзе яна цяпер? Дзе іх прамысловасць і іх моладзь?

Насельніцтва Беларусі жыве і працуе ў Беларусі. Беларускія прадпрыемствы працуюць, эканоміка функцыянуе. Беларусы не батрачаць на палякаў або кагосьці іншага, збіраючы ў іх клубніцы», — кажа палітычны каментатар. 

Давайце праверым словы «эксперта». 

«Як была развіта эканоміка Прыбалтыкі» — па-першае, эканомікі Літвы, Латвіі і Эстоніі выглядалі прыстойна толькі на сярэднесавецкім узроўні. Да 1940 года Эстонія, прыкладам, знаходзілася на адным узроўні развіцця з суседняй Фінляндыяй. па стане ж на 1990 год незалежная Фінляндыя па ВУП на душу насельніцтва апераджала Эстонію ў разы.

А што ж маем цяпер з Беларуссю?

Адзін з галоўных індыкатараў эканамічнага развіцця любой краіны — ВУП на душу насельніцтва па парытэце пакупніцкай здольнасці. 

І тут Беларусь саступае, прычым не толькі ўсім краінам Балтыі, але нават Расіі і Казахстану. 

Паводле разлікаў МВФ, у 2022 годзе самы высокі паказчык ВУП на душу насельніцтва па парытэце пакупніцкай здольнасці з усіх поставецкіх краін у Літве — 46 479 даляраў. 39-ае месца ў свеце, паміж Чэхіяй і Іспаніяй. 

Далей ідзе Эстонія. Там 44 778 даляраў. 41-ае месца ў свеце, паміж Іспаніяй і Польшчай. 

Крыху бяднейшая Латвія. Там гэты паказчык складае 37 330 даляраў. 49-е месца ў свеце, паміж Турцыяй і Румыніяй. 

Казахстан і Расія займаюць 57 і 58 месца ў свеце (30 502 і 30 013 даляраў адпаведна). 

Беларусь са сваімі 21 686 далярамі займае толькі 73-яе месца ў свеце (паміж Антыгуа і Барбуда і Кітаем). 

Далей давайце параўнаем сярэднія заробкі ў краінах былога СССР. Тут Беларусь таксама далёка не ў лідарах. 

Напрыклад, у Эстоніі ў першым квартале 2022 года сярэдні заробак чыстымі дасягнуў 1379 еўра. 

У Літве ў мінулым годзе сярэдні заробак дасягнуў 1087 еўра. 

У Латвіі — 1011 еўра. 

Гэта ў разы больш, чым Беларусі. І гэта прытым, што грамадзяне краін Балтыі, як правіла, маюць больш даходаў з іншых крыніц, акрамя заробкаў, чым беларусы. Гэта звязана з тым, што доля прыватнага сектара ў эканоміцы тут большая, а зямлю вярнулі прыватным уласнікам.

Нават з улікам вышэйшага кошту камунальных паслуг, узровень жыцця грамадзян краін Балтыі лепшы, чым у беларуса.

Але як гэта магчыма? Прапаганда ж крычыць, што ў краінах Балтыі закрыліся ўсе заводы, пабудаваныя ў часы СССР, а прамысловасць развалілі? 

Па-першае, сучасная постіндустрыяльная эканоміка — гэта не толькі заводы і прамысловасць. Эстонія, маючы насельніцтва, меншае за насельніцтва Мінска, стала адным з сусветных лідараў у інфармацыйных тэхналогіях. Краіна дала свету Skype, Wise, Bolt, Pipedrive і іншых IT-гігантаў. 

Але з прамысловасцю ў краінах Балтыі таксама ўсё ў парадку. Прынамсі, нашмат лепш, чым у Беларусі. Так, у 1990-я там закрыліся асобныя савецкія заводы, якія былі абсалютна неканкурэнтназдольныя на сусветным рынку і маглі функцыянаваць толькі ва ўмовах каманднай эканомікі на вайсковыя заказы з Масквы. Затое

новыя і сучасныя заводы выраслі як грыбы. Былі фактычна з нуля створаныя некаторыя новыя галіны прамысловасці.

Напрыклад, у Літве пабудаваныя заводы па вытворчасці аўтамабільнай электронікі. Свае заводы пабудавалі такія гіганты Continental AG і Hella, а таксама іншыя фірмы.

Новы завод VMG grupė у Новай Акмяне.

Новы завод VMG grupė у Новай Акмяне.

У краіне з’явіліся вялікія высокатэхналагічныя заводы па вытворчасці біятэхналагічных, фармацэўтычных і медыцынскіх прыбораў. 

Краіна стала адным з сусветных лідараў у вытворчасці лазернай тэхнікі. 

Важнымі для Літвы таксама застаюцца харчовая і хімічная прамысловасць. 

Беларусь мае больш чым у 3 разы большую колькасць насельніцтва, чым у Літве. Аднак калі браць гадавы экспарт тавараў (без паслуг), то маленькая Літва экспартуе на знешнія рынкі амаль столькі ж, колькі ў Беларусь. У 2021 годзе аб’ем экспарту тавараў у Беларусі дасягнуў 40 мільярдаў даляраў, а Літва экспартавала тавараў амаль на 35 мільярдаў еўра. 

Структура літоўскага таварнага экспарту нашмат больш разнастайная, чым беларускага, які ў значнай меры абапіраецца на танныя расійскія энергарэсурсы. Большую частку беларускага экспарту складаюць калійныя ўгнаенні і нафтапрадукты, вырабленыя з расійскай нафты. Літоўскага — прадукцыя прамысловасці.

Напрыклад, Літва ў 2021 годзе прадала прадукцыі станкабудавання і катлоў на 2,89 мільярда даляраў (Беларусь — на 1,84 мільярда). 

Электрычнага і электроннага абсталявання Літва прадала на 2,65 мільярда (Беларусь — на 1,42 мільярда). 

Мэблі, светлавых шыльд, хуткаўзведзеных будынкаў на 3,35 мільярда даляраў (Беларусь — на 1 мільярд). 

Пластмасы на 2,48 мільярда (Беларусь — на 1 мільярд). 

Транспартных сродкаў на 2,19 мільярда (Беларусь — на 900 мільёнаў). 

Літва (якая па версіі прапагандыстаў разваліла сваю сельскую гаспадарку) прадала збожжа на 1 мільярд даляраў. Працягваць можна бясконца. 

Літва мае нават абаронную вытворчасць. Менавіта літоўскія супрацьдронныя сістэмы даказалі сваю эфектыўнасць ва Украіне.

Вось толькі частковы пералік заводаў, пабудаваных у Літве за апошні год (альбо якія будуюцца): эстонская Harju Elekter пабудавала завод у Панявежы, нямецкія Rehau і Bar Cargolift пабудавалі завод пад Клайпедай. Міжнародная кампанія Hella пабудавала завод пад Каўнасам. VMG grupė пабудавала завод у Новай Акмяне. AQ Wiring Systems і Komex пабудуюць фабрыкі ў Панявежы. Hill Group будуе завод у Клайпедскім раёне. Фабрыку мае намер пабудаваць кампанія Light Conversion, якая займаецца вытворчасцю лазераў. Нямецкая Homanit будуе фабрыку ў Віленскім раёне. Teltonika будуе фабрыку ў Вільні. І Літва ж у 3 разы меншая за Беларусь. 

Але пра гэта лукашэнкаўская прапаганда не скажа. 

Клас
187
Панылы сорам
6
Ха-ха
11
Ого
15
Сумна
6
Абуральна
17