«Гэтае лета, прапітанае шампанскім, — самае звычайнае ў расійскай сталіцы, нягледзячы на ​​тысячы забітых і значна больш параненых на вайне, усё часцей адзначанай актамі дзікай бязлітаснасці», — перадае з Масквы карэспандэнт Эндру Рот. Ягоны артыкул пераказвае BBC.

«Прагуляйцеся па горадзе ці ўключыце VPN, каб прагартаць стужку ў інстаграме ці фэйсбуку, і можна нават не заўважыць, што краіна знаходзіцца ў стане вайны — слова, якое расійская цэнзура забараніла ў мясцовых СМІ і якое нават сярод шматлікіх сяброў стала табуяваным», — працягвае ён.

Калі ў сакавіку расіяне былі шакаваныя пачаткам вайны, то да чэрвеня тых, хто называў падзеі ва Украіне самай важнай бягучай праблемай для краіны, стала значна менш.

І шмат каму значна лягчэй далучыцца да «мэйнстрыму» — падтрымцы або абыякаваму стаўленню да вайны.

Як сцвярджаюць сацыёлагі, людзі называюць гэта найбольш зручнай пазіцыяй, якая не патрабуе ад іх назіраць ці, галоўнае, думаць.

Па назіраннях карэспандэнта Guardian, Масква адчайна спрабуе зрабіць выгляд, што ў горадзе ўсё ў парадку, эканамічныя санкцыі — не перашкода, а сыход заходніх прадпрыемстваў і фірм — наогул поспех. Былы калісьці першым у краіне «Макдоналдс» на Цвярской вуліцы цяпер перайменаваны ў «Смачна і кропка»: клон амерыканскага брэнда не толькі працягвае карміць масквічоў, але і плаціць некаторым з іх заробак.

Эндру Рот прыводзіць словы аднаго з наведвальнікаў рэстарана: «Мы ўсё гэта — ежу, дызайн — можам зрабіць і самі, без заходніх гаспадароў. Спадзяюся, іх наогул усіх адсюль павыкідваюць».

Некаторыя масквічы прызнаюцца, што проста перасталі закранаць далікатную тэму ўкраінскай «спецаперацыі», каб захаваць адносіны з сябрамі і сваякамі. Іншыя ахвотна абвінавачваюць «заходнюю прапаганду» і сцвярджаюць, што ім няма чаго саромецца, і ў любым выпадку, паўплываць на ход падзей яны не ў стане.

Выбар у расіян небагаты, нагадвае газета, прыводзячы ў якасці ілюстрацыі прыклад Аляксея Горынава — дэпутата Массавета, які выступаў супраць вайны і асуджанага ў пачатку ліпеня на сем гадоў за «дыскрэдытацыю расійскага войска».

Клас
4
Панылы сорам
54
Ха-ха
3
Ого
3
Сумна
16
Абуральна
52