Фестываль SPRAVA ў 2019 годзе

Фестываль SPRAVA ў 2019 годзе

Міжнародны фэст-узаемадзеянне з гістарычным і прыродным ландшафтам Беларусі сродкамі сучаснага мастацтва і музыкі SPRAVA будзе праходзіць сёлета 6-7 жніўня — ужо ў гэтыя выходныя.

Музычная праграма падзеі абяцае быць унікальнай. На фестывалі будуць працаваць пяць сцэн-прастор: Вежа (mechta) — электронная і ды-джэй-сцэна; Пляж (шаткавалка) — эксперыментальная эмбіент-сцэна з візуальным, тэатральным зместам; Амфітэатр (студыя 42) — альтэрнатыўная сцэна; Сцэна — музыка; Сад — прастора для кніг, зносін і стварэння. Сярод выступоўцаў заяўленыя: «Грёзы Пафнутия», Triangle, JJ.ok, аркестр «ОКО», праект DAH, tochka K, праект 5/4, Primary noise, Tsviki, гурт «Сны синей собаки», «Morkvoцвет», Garlic&pumpkin stringband, «Колорит Кульмана», «Вовка Плюмбум», Big Daddy Blues ды іншыя музыкі.

Таксама падчас фестывалю можна будзе наведаць: тэатр, запіс падкаста, гутаркі з аўтарамі кніг, публічныя чытанні, ціхія экскурсіі, маркет рамеснікаў, майстар-класы, сустрэчы з арнітолагам і шмат іншага.

Каманда фэсту на чале з культурным падзвіжнікам і рэжысёрам Мацвеем Сабуравым выказвае падзяку публіцы за такую ўвагу да падзеі, але паведамляе, што новых квіткоў, на жаль, не будзе.

«Мы беражліва ставімся да гасцей, удзельнікаў і нашага месца, таму магчымасцяў прыняць бясконцую колькасць людзей у нас няма, — просяць паставіцца з паразуменнем да сітуацыі арганізатары. —

Камфортнае размяшчэнне гасцей у кэмпінгу, колькасць інфраструктуры, ежы і іншыя радасці ўплываюць на якасць правядзення і наведвання фестывалю».

Купіць білеты — на адзін дзень, без кэмпінгу, «проста дзве гадзіны пагуляць па фэсце» — сёння немагчыма, падкрэслівае каманда. Яны не будуць прадавацца. Выключэнне зробленае толькі для жыхароў тутэйшых вёсак, якія мусяць мець магчымасць наведаць падзею, што ладзіцца ў іх родных мясцінах.

Для тых, хто сёлета не здолее патрапіць на SPRAVA, каманда парупілася пра анлайн-трансляцыю якая будзе весціся на канале івэнта.

Таксама дадатковыя мерапрыемствы будуць зладжаныя пры канцы жніўня, абяцаюць арганізатары дзеі, — сачыце за анонсамі ў сацсетках фестывалю.

Клас
12
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
3
Абуральна
0