Менавіта гэтыя адкрыцці далі старт даследаванням, якія праз паўстагоддзя прывядуць да стварэння атамнай бомбы — і першых атамных электрастанцый, што з'явіліся як свайго роду пабочны прадукт гонкі за ядзернымі ўзбраеннямі. Да Сусветнага дня барацьбы за забарону ядзернай зброі экалагічная арганізацыя «Экадом» расказвае пра стварэнне атамнай бомбы і шляху да «мірных» атамных электрастанцый у мінулым стагоддзі. У той час, як у нашы дні АЭС самі становяцца ваеннымі аб'ектамі на фоне вайны Расіі ва Украіне.

Фота: Russian Defense Ministry Press Service via AP

Эксперыменты з радыеактыўнасцю

Неўзабаве пасля адкрыццяў Бекерэля, Кюры і Складоўскай-Кюры, навуковец Эрнэст Рэзерфорд выказвае меркаванне, што радыеактыўнасць — гэта выпраменьванне, якое суправаджае распад атамаў, што раней лічыліся непадзельнымі. Наступныя даследаванні даказалі складаную будову атама: пратоны і нейтроны складаюць ягонае ядро, акружанае электронамі.

У 1938 годзе навукоўцы Ота Ган і Фрыц Штрасман даказалі магчымасць расшчаплення атама. Пры сутыкненні нейтрона з атамам урану, атам расшчапляецца на дзве практычна роўныя часткі і вызваляе энергію. Годам пазней Фрэдэрык Жаліё-Кюры выяўляе, што падчас расшчаплення ўрану вызваляюцца тры нейтроны, што ў сваю чаргу робіць магчымым далейшае расшчапленне. Такім чынам, была выяўлена магчымасць запуску ланцуга рэакцыі, якая вызваляе вялікую колькасць энергіі.

Падчас Другой сусветнай вайны Альберт Эйнштэйн піша ліст прэзідэнту ЗША Франкліну Рузвельту з інфармацыяй аб апошніх ядзерных адкрыццях і аб магчымасці стварэння магутнай бомбы з выкарыстаннем урану.

У ЗША прыбывае ўсё болей навукоўцаў-уцекачоў ад вайны ў Еўропе, тым самым спрыяючы далейшым даследаванням у галіне ядзернай фізікі. Лёсавызначальным стаў 1942 год. Менавіта тады Глен Сібарг выяўляе, што апраменены ўран вырабляе невялікую колькасць плутонію — новага радыеактыўнага элемента са здольнасцю да расшчаплення, што дае магчымасць запусціць ланцуговую рэакцыю.

Глен Сібарг

Тады ж у Чыкага Энрыка Фермі стварае ядравы рэактар ​​і ўпершыню праводзіць кантраляваны ланцуг рэакцый расшчаплення атамаў урану.

Такія поспехі на фоне ваенных дзеянняў стымулююць вялікі прыток сродкаў у далейшыя даследаванні. У 1943 годзе ЗША, Канада і Вялікабрытанія запускаюць Манхэтэнскі праект: у 30 сакрэтных лакацыях вядучыя навукоўцы з доступам да найноўшых лабараторый праводзяць даследаванні з мэтай стварэння атамнай бомбы.

Атамная бомба

Мэтай навукоўцаў было стварэнне двух тыпаў бомбаў — уранавай і плутоніевай. Прыродны ўран на 99,3% складаецца з урану-238 і на 0,7% з урану-235. Толькі другі можна расшчапіць і выкарыстоўваць для стварэння ўранавай бомбы, таму галоўным выклікам стала яго ізаляванне і канцэнтраванне дзеля атрымання так званага ўзбагачанага ўрану. «Гарматны» прынцып бомбы складаецца ў сутыкненні двух блокаў з такім уранам для запуску расшчаплення і вокамгненнага ланцуга рэакцый, што вызваляе велізарную колькасць энергіі.

У плутоніевай бомбе некалькі сфераў укладзена адна ў адну. У цэнтры ствараецца ўранавы кацёл для збору вырабленага плутонію, у ім жа канцэнтруецца сам матэрыял. Пры адначасовым падрыве выбуховага рэчыва вакол катла ўдарная хваля накіроўваецца ўнутр сферы, матэрыял сціскаецца, становіцца звышкрытычным і выбухае.

16 ліпеня 1945 года ў пустыні штата Нью-Мексіка праводзяцца першыя паспяховыя выпрабаванні атамнай бомбы «Трыніці».

На той момант Нямеччына ўжо капітулявала, але Японія працягвала ваенныя дзеянні супраць ЗША. Пасля адмовы японцаў ад безумоўнай капітуляцыі, ЗША скідваюць уранавую бомбу на горад Хірасіма і плутоніевую на Нагасакі. Агульная колькасць ахвяр дасягае каля 200 000 чалавек. Праз некалькі дзён Японія капітулюе.

Бамбардзіроўка Нагасакі. Фота: U.S. National Archives and Records Administration

Неўзабаве пасля заканчэння Другой сусветнай вайны СССР запускае сваю ядзерную праграму і праводзіць першыя выпрабаванні на палігоне ў Сяміпалацінску (цяпер горад Семей у Казахстане) у 1949 годзе.

Пачатак халоднай вайны адзначыў і старт гонкі ядзерных узбраенняў. У мэтах тэхналагічнага апярэджання суперніка і назапашванні найбольшага ядзернага арсенала ЗША і СССР выдаткоўваюць велізарныя рэсурсы. У 1952 годзе ЗША тэстуюць вадародную бомбу — яна паўтарае рэакцыю, што адбываецца ў зорках, падчас якой пад высокім ціскам і пры тэмпературы ў некалькі мільёнаў градусаў Цэльсія зліваюцца ў цэлае два лёгкія атамы — дэйтэрый і трыцій. Дзеля ўзнаўлення падобных умоў было вырашана выкарыстоўваць плутоніевую бомбу ў якасці пускавога механізму. Выніковы выбух становіцца ў тысячы разоў магутнейшым, чым пры ядравым расшчапленні. Неўзабаве вадародная бомба тэстуецца і ў СССР.

Варта адзначыць, што ядзерныя выпрабаванні не прайшлі бясследна. Забруджванне засталося ва ўсіх месцах іх правядзення: у Нью-Мексіка і Казахстане, на архіпелагу Новая Зямля і выспах Ціхага акіяна.

«Атамная ліхаманка»

Паралельна з распрацоўкай ядзернай зброі вяліся даследаванні па выкарыстанні атамнай энергетыкі ў мірных мэтах. У 1953 годзе Прэзідэнт ЗША Дуайт Эйзенхаўэр робіць прамову «Атам дзеля міру» пра перспектывы атама для дабрабыту чалавецтва. У 1954 годзе ў СССР запускаецца Обнінская АЭС, а ў 1956 годзе адкрываецца першая грамадзянская АЭС у брытанскім Колдэр-Хол. Аднак фактычна Колдэр-хол быў не проста грамадзянскім рэактарам — яго галоўнай мэтай стала вытворчасць плутоніевага матэрыялу для ядзернай зброі.

На пачатку свайго развіцця выраб электрычнасці на АЭС быў усяго толькі карыснай пабочнай дзейнасцю. Галоўнай задачай такіх АЭС па-ранейшаму было стварэнне ўзбагачанага ўрану і плутонію для ядзернай зброі.

У хуткім часе «мірны» атам прапагандаваўся на выставах па ўсім свеце. Прыватныя энергетычныя кампаніі падагравалі цікавасць публікі да атамнай энергетыкі тэматычнымі фільмамі і плакатамі, вучоба на ядзершчыкаў стала прэстыжнай як ніколі раней, а самі станцыі ператвараліся ў аб'екты прамысловага турызму. У ЗША распачаўся перыяд «залатой ліхаманкі» ў пабудове прыватных АЭС.

Адначасова праводзілася кампанія па змене публічнага меркавання аб атамнай энергетыцы, у першую чаргу накіраваная на Японію ў мэтах абялення наступстваў бамбёжкі Хірасімы і Нагасакі. Патэнцыял атамнай энергетыкі раптам стаў падавацца ў якасці светача сусветнага прагрэсу. Для развіцця даследаванняў у галіне ядзернай энергетыкі ў 1959 годзе пад эгідай ААН ствараецца МАГАТЭ — Міжнароднае агенцтва па атамнай энергетыцы. Арганізацыя абавязуецца забяспечваць бяспечнае і мірнае выкарыстанне ядзернай энергетыкі.

Але тады ж пачаў набіраць моц і антыядзерны рух. Першай гучнай перамогай стала спыненне будаўніцтва АЭС Бадэга-Бэй у Каліфорніі. Мясцовыя актывісты пратэставалі спачатку супраць пагаршэння эстэтычнага віду мясцовасці, а неўзабаве падлілі смалы ў агонь асцярогі наконт выкідаў радыяцыі са станцыі і магчымых аварый. Актывісты Бадэга-Бэй у рэшце рэшт прымусілі энергетычную кампанію спыніць будоўлю, што стала важным прэцэдэнтам для антыядзернага руху. У 1974 годзе больш за тысячу актывістаў упершыню сабраліся на канферэнцыі «Крытычная Маса», усвядоміўшы там сваю сілу ў яднанні.

Будынак Рэйхстага асветлены лозунгам экалагічнай арганізацыі Greenpeace. Пратэст арганізацыі перад будынкам парламента Германіі заклікае ўрад Германіі падпісаць дамову аб забароне ядзернай зброі, 2022 год. Фота: AP / Markus Schreiber

Гонка ядзерных узбраенняў

Услед за ЗША і СССР, Вялікабрытанія і Францыя тэстуюць уласныя атамныя бомбы і ўступаюць у ядзерны клуб. Тым часам, гонка ўзбраенняў паміж дзвюма звышдзяржавамі эскаліруецца. На той момант ЗША і СССР ужо распрацавалі міжкантынентальныя ракеты і атамныя падлодкі.

СССР тэстуе «Цар-бомбу» з магутнасцю 58 мегатон у тратылавым эквіваленце — для параўнання бомба «Малыш», скінутая на Хірасіму, мела эквівалент «усяго» 15 кілатон.

«Цар-бомба». Фота: Вікіпедыя

У 1962 годзе ЗША тэстуюць вадародную бомбу на вышыні 400 кіламетраў у адкрытым космасе над атолам Джонстан у рамках праекта Starfish Prime. Зарніца ад выбуху назіралася ў некалькіх тысячах кіламетраў ад эпіцэнтра — у Новай Зеландыі, а вызваленая радыяцыя нанесла шкоду як мінімум васьмі касмічным спадарожнікам.

У тым жа годзе ЗША пагражаюць СССР ракетамі, размешчанымі ў Турцыі і Італіі, у той час як СССР пастаўляюць ракеты на Кубу. Сітуацыя радыкальна абвастраецца падчас Карыбскага крызісу, і толькі дзякуючы напружаным мірным перамовам абодва бакі адводзяць свае ракеты і сітуацыя стабілізуецца.

У 1967 годзе Кітай тэстуе сваю першую атамную бомбу і таксама ўступае ў клуб ядзерных дзяржаў. Рост колькасці краін з ядзернай зброяй насцярожвае СССР і ЗША. Праз ААН абедзве краіны прасоўваюць Дамову аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі (ДНЯЗ), адасабляючы пяць ядзерных дзяржаў ад астатняга свету. Па яго выніках існуючыя ядзерныя дзяржавы не могуць дзяліцца напрацоўкамі альбо пастаўляць зброю ў іншыя краіны, у той час як астатнія краіны не могуць спрабаваць стварыць уласную атамную бомбу. Да таго ж ядзерныя дзяржавы абавязваюцца максімальна скараціць ядзерны арсенал.

Да гэтай дамовы паступова далучыліся амаль усе краіны свету, акрамя Індыі, Пакістана і Ізраіля. У 1969 годзе краіны Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна падпісваюць дамову Тлатэлолька, у выніку якой цэлы кантынент становіцца першай населенай бяз'ядзернай зонай у свеце.

Энергетычны бум і фатальныя памылкі

Велізарны штуршок да развіцця ядзернай энергетыкі даў сусветны нафтавы крызіс, што разгарэўся ў 1973 годзе. Краіны Персідскага заліва скарацілі пастаўкі нафты заходнім краінам, што прывяло да скачка цэн у чатыры разы — з 3 да 12 даляраў за барэль. За кароткі час рост цэн на нафту падрывае эканомікі сусветных дзяржаў, якія знаходзяцца ў сур'ёзнай залежнасці ад іх. Увесь свет шукае альтэрнатыву нафце для вытворчасці энергіі і выхад з-пад залежнасці ад краін-экспарцёраў нафты (АПЕК).

На працягу некалькіх гадоў ва ўсім свеце адбываецца бум будаўніцтва АЭС, які суправаджаецца ростам цэн на пабудову рэактараў. Францыя і Японія асабліва разлічваюць на атамную энергетыку з прычыны адсутнасці прыродных запасаў нафты. 

Аднак усё больш вострай станавілася праблема ўтылізацыі ядзерных адходаў — працэс, які займае некалькі сотняў тысячагоддзяў. У шэрагу краін раней разлічвалі на падземныя сховішчы глыбінёй больш за 300 метраў, але гэты спосаб аказаўся няўдалым.

Так, у Швецыі шахты, куды скідалі адходы, заліло вадой — герметычнасць кантэйнераў для захоўвання парушылася, і іх прыйшлося тэрмінова вымаць. Пры гэтым, калі скласці ўсе радыеактыўныя адходы еўрапейскіх атамных электрастанцый на пляцоўцы памерам з футбольнае поле, атрымаецца вежа вышынёй амаль з кіламетр. Але нідзе ў свеце пакуль няма сховішча, у якім усе гэтыя адходы маглі б быць надзейна захаваныя назаўжды.

У 1979 годзе адбываецца аварыя на АЭС Тры-Майл-Айлэнд у ЗША, падчас якой праз нявыяўленую своечасова ўцечку адзін з рэактараў пераграваецца і растапляе палову актыўнай зоны рэактара. Каўпак рэактара вытрымлівае і прадухіляе ўцечку радыяцыі, аднак пасля гэтага інцыдэнту ўжо было немагчыма казаць аб поўнай бяспецы АЭС.

Серыя чалавечых памылак і страта персаналам кантролю над сітуацыяй прыводзіць да аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе. Высокарадыеактыўнае воблака распаўсюджваецца і забруджвае большую частку Еўропы. Больш за 200 000 чалавек пераселена, а вокал АЭС ствараецца зона адчужэння памерам 2600 км².

Менавіта аварыя на Чарнобыльскай АЭС стала наймагутным трыгерам для супраціву атамнай энергетыцы па ўсім свеце. Праз адносную блізкасць да СССР і забруджаных тэрыторый асабліва моцным рух становіцца ў Нямеччыне і Італіі. У Нямеччыне традыцыя антыядзернага руху была моцная яшчэ з часоў акупацыі грамадзянамі месца пабудовы АЭС каля вёскі Віль у Бадэн-Вюртэмбергу, што прывяло да сутыкненняў з паліцыяй, але ў выніку паўплывала на спыненне будаўніцтва АЭС. З тых часоў ядзерная праграма ў Нямеччыне павольна набліжаецца да свайго заняпаду. У Італіі ж быў праведзены рэферэндум, па выніках якога грамадзяне адмовіліся ад атамнай энергетыкі ў сваёй краіне. Чарговы імпульс антыядзернаму руху надала аварыя на Фукусімскай АЭС у 2011 годзе.

Пасля распаду СССР, ЗША і Расія працягнулі скарачаць ядзерныя ўзбраенні. Аднак дзевяць краін ядзернага клуба — ЗША, Расія, Вялікабрытанія, Францыя, Кітай, а таксама Індыя, Пакістан і КНДР — да гэтага часу валодаюць сумарным арсеналам у 16 ​​000 ядзерных боегаловак. Ізраіль у сваю чаргу не пацвярджае і не адмаўляе наяўнасць ядзернай зброі, але ёсць важкія падазрэнні, што ў Ізраіля яна ёсць. Большасць краін свету не падтрымліваюць ядзернае ўзбраенне. На сёння бяз'ядзернымі зонамі абвешчаныя Антарктыка, Лацінская Амерыка і Карыбскі басейн, Паўднёвая частка Ціхага акіяна, Паўднёва-Усходняя Азія, Афрыка і Цэнтральная Азія.

І хаця ў сукупнасці гэта сур'ёзныя дасягненні, да ядзернай бяспекі чалавецтву ўсё яшчэ далёка. Гэта яскрава бачна па падзеях з пачатку вайны ва Украіне, у якой АЭС, пабочны прадукт стварэння ядзернай зброі, самі становяцца зброяй у руках агрэсара.

Чытайце па тэме:

Расійскія войскі маглі замініраваць Запарожскую АЭС — The Insider

label.reaction.like
label.reaction.facepalm
label.reaction.smile
label.reaction.omg
label.reaction.sad
label.reaction.anger

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру