Адно з пытанняў журналіста Майкла Смярконіша тычылася турнэ Уотэрса па Паўночнай Амерыцы з шоў This is Not a Drill. Падчас выступлення на гіганцкім экране з'яўляюцца фотаздымкі людзей, якіх музыкант лічыць «ваеннымі злачынцамі». У адным з малюнкаў угадваюцца рысы прэзідэнта ЗША Джо Байдэна. Фотаздымак суправаджаецца надпісам «Гэта — толькі пачатак».

На пытанне вядучага, што там мелася на ўвазе, Уотэрс адказаў: «Ну, ён (Байдэн) распальвае агонь ва Украіне, для пачатку, — гэта велізарнае злачынства».

«Чаму б Злучаным Штатам Амерыкі не заахвоціць» прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага да перамоваў, «зняўшы неабходнасць гэтай жудаснай, жахлівай вайны, у якой забіта… мы не ведаем колькі… украінцаў і рускіх», — задаў Роджэр Уотэрс рытарычнае пытанне.

У адказ журналіст звярнуў увагу Уотэрса, што той «усё пераблытаў» і памылкова «абвінавачвае бок, які падвергнуўся ўварванню». Аднак заснавальнік Pink Floyd працягваў абараняць сваю пазіцыю, гаворачы, што вайна абумоўленая, галоўным чынам, рэакцыяй Масквы на дзеянні НАТА, якое падышло ўшчыльную да межаў Расіі.

Выказванні Уотэрса выклікалі, натуральна, вельмі негатыўную рэакцыю ў Кіеве і вельмі станоўчую — у Маскве, мясцовыя прапагандысты ўжо ўзялі яго ў свой арсенал.

Нічога асабліва дзіўнага ў такой пазіцыі музыкі, які пакінуў Pink Floyd яшчэ ў далёкім 1985 годзе, няма. Ён і раней рабіў заявы падобнай скандальнасці. Так, Уотэрс, вядомы сваёй актыўнай антыізраільскі пазіцыяй, неаднаразова сцвярджаў, што Ізраіль — гэта «расісцкі рэжым», які праводзіць палітыку апартэіду і «этнічных чыстак». Музыка таксама з'яўляецца актыўным прыхільнікам міжнароднага руху «Boycott, Divestment and Sanctions» (BDS), які праводзіць кампаніі за байкот, адкліканне інвестыцый і санкцыі супраць Ізраіля.

Клас
1
Панылы сорам
6
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
10