«Ідэальнае прадпрыемства ператварылі ў банкрута. У нас такіх прадпрыемстваў няма. Гэта суперпрадпрыемства. Тут проста трэба закасаць рукавы і вырабляць прадукцыю, збываць», — заявіў сёння Лукашэнка.
Ён адзначыў, што неабходна ратаваць людзей. «Самы галоўны вынік майго наведвання сёння: мы ўжо дамовіліся аб двух Героях Беларусі, якія выканаюць даручанае ім і атрымаюць зоркі героя. Гэты завод павінен нараджаць новых герояў для Беларусі», — дадаў ён.
Лукашэнка заявіў, што ўжо прызначыў дырэктара завода, а сам завод ператвораны ў дзяржаўны.
«У вас зараз ёсць паўнапраўны дырэктар. З сённяшняга дня вы працуеце як дзяржаўнае прадпрыемства. Прыватнікі не выканалі абавязацельствы, усе даўгі я забраў на дзяржаву! Цяпер вы беларускі завод», — заявіў Лукашэнка.
Таксама Лукашэнка сказаў, што на заводзе не хапае 60 чалавек, загадаўшы браць туды студэнтаў з апошніх курсаў.
Суд аб прызнанні ММПЗ банкрутам быў прызначаны на лістапад. Агульная запазычанасць па крэдытах складала 1,656 млрд рублёў.
Што адбылося?
Праблемы завода пачаліся з затрымання яго кіраўніцтва. Бізнэсмен Аляксей Кавалёнак і яго партнёры запусцілі Мёрскі металапракатны завод у 2020 годзе. Інвестыцыі склалі 200 млн еўра. У тым жа годзе «ММПЗ-груп» заключыла спонсарскі кантракт з адной з вядучых гоначных каманд «Формулы-1» McLaren, нагадвае Zerkalo.io.
У пачатку лета 2021-га на прадпрыемства павінен быў прыехаць Аляксандр Лукашэнка. Але гэтага не здарылася, замест яго завод наведалі сілавікі і затрымалі некаторых кіраўнікоў і работнікаў. Пазней стала вядома, што за кратамі знаходзяцца гендырэктар завода Пётр Шымуковіч, яго намеснік па эканоміцы і фінансах Дзмітрый Слаўнікаў і кіраўнік савета дырэктараў Аляксей Кавалёнак.
Паводле звестак КДБ, іх абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 424 КК (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі), ч. 6 арт. 16 (саўдзел у злачынстве) і ч. 2 арт. 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў). Па першым з гэтых артыкулаў праходзілі яшчэ пяць чалавек, якіх 20 чэрвеня мінулага года выпусцілі з-пад варты.
Пасля затрымання чыноўнікі ўзяліся «ратаваць» прадпрыемства, абвінавачваючы ўладальнікаў у тым, што за першы год працы завод не выйшаў на прагнозныя паказчыкі. Аднак работнікі ММПЗ распавядалі, што праблемы пачаліся як раз пасля затрымання кіраўніцтва.





