Фота: wikimedia.org

Больш за 700 тысяч чалавек адсочвалі траекторыю палёту амерыканскага ваеннага самалёта, на борце якога знаходзілася спікер Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлосі. Яна прызямлілася на Тайвані ў 23:50 па мясцовым часе, што зрабіла Пэлосі першым высокапастаўленым амерыканскім чыноўнікам, які наведаў выспу за апошнія 25 гадоў.

Людзі сачылі за ходам палёту на FlightRadar24, сайце адсочвання палётаў, які выкарыстоўвае даныя з адкрытых крыніц. FlightRadar24 і падобныя інструменты, такія як ADS-B Exchange, былі асабліва карысныя ў апошнія тыдні, бо людзі выкарыстоўвалі іх для адсочвання маршрутаў прыватных самалётаў у жывым эфіры. Людзі сачылі за Тэйлар Свіфт і Кайлі Джэннер, самалётамі расійскіх алігархаў, а цяпер і за Нэнсі Пэлосі.

Падчас палёту Пэлосі на FlightRadar24 было так шмат наведвальнікаў, што на галоўнай старонцы сайта з'явілася паведамленне: «Мы назіраем высокі попыт сярод карыстальнікаў, якія хочуць атрымаць доступ да нашых паслуг. У якасці часовай меры, каб пазбегнуць збояў у працы сайта, створаны пакой чакання. Карыстальнікі могуць увайсці ў сістэму, каб абысці чаргу».

FlightRadar24 аб'ядноўвае даныя з некалькіх крыніц: ADS-B, MLAT (мультылатэрацыі) і даныя радараў, агрэгаваныя з раскладам і інфармацыяй пра статус рэйсаў ад авіякампаній і аэрапортаў.

ADS-B азначае «аўтаматычнае залежнае назіранне-вяшчанне», гэта тэхналогія, якая дазваляе адсочваць самалёт з дапамогай спадарожнікавай навігацыі або іншых датчыкаў. Транслятар на самалётах перадае сігнал, які змяшчае інфармацыю пра месцазнаходжанне самалёта, які пасля прыходзіць на прыёмнік, падлучаны да FlightRadar24. Па законе большасць самалётаў мусяць мець абсталяванне ADS-B, у тым ліку ў ЗША і Еўропе.

Як працуе ADS-B. Фота: spire.com

FlightRadar24 фільтруе некаторыя даныя, ускладняючы або робячы немагчымым сачэнне за прыватнымі самалётамі, але іншы сайт пад назвай ADS-B Exchange дазваляе карыстальнікам адсочваць прыватныя самалёты, якія належаць знакамітасцям і алігархам. «ADS-B Exchange не фільтруе даныя, як робіць большасць іншых сайтаў па адсочванні палётаў, якія не дзеляцца данымі пра ваенныя або некаторыя прыватныя самалёты», — гаворыцца на сайце.

MLAT — гэта мультылатэрацыя, якую выкарыстоўвае FlightRadar24 для вызначэння месцазнаходжання самалётаў, якія не маюць прымальнікаў ADS-B. MLAT выкарыстоўвае метад пад назвай Time Difference of Arrival (TDOA, часавая рознасць прыбыцця), які вымярае час, неабходны для атрымання сігналу ад самалёта са старых перадатчыкаў, каб вызначыць яго месцазнаходжанне (прыкладна так жа працуе трыангуляцыя, якая дазваляе высветліць месцазнаходжанне чалавека па ягоным смартфоне — заўв. НН).

Як працуе MLAT. Фота: researchgate.net

FlightRadar24 мае дадатковыя крыніцы даных, уключаючы спадарожнікавае сачэнне, якое атрымлівае дадзеныя са спадарожнікаў з прыёмнікамі ADS-B. Гэтыя спадарожнікі дапамагаюць павялічыць ахоп палётаў над акіянамі ці там, дзе наземны прыём немагчымы. Сайт таксама атрымлівае аператыўныя даныя ў Паўночнай Амерыцы ад радараў і з Open Glider Network (OGN), якая з'яўляецца адзінай платформай назірання за малымі самалётамі.

На сайце FlightRadar24 вы можаце ўбачыць карту свету, пакрытую абразкамі невялікіх самалётаў. На кожны самалёт можна націснуць, і пасля націску на яго з'яўляецца акно з інфармацыяй пра палёт, уключаючы запланаваны і фактычны час узлёту і пасадкі, месцазнаходжанне самалёта на маршруце палёту, інфармацыю пра самалёт, даныя пра хуткасць і вышыню, а таксама крыніцу даных, з якой была атрыманая інфармацыя. Большасць значкоў самалётаў жоўтага колеру, што азначае, што самалёты адсочваліся з наземных радыёлакацыйных станцый, а сінія значкі паказваюць самалёты, якія адсочваліся са спадарожніка.

Ян Пятчанік, прадстаўнік FlightRadar24, паведаміў Motherboard, што сайт працуе над павелічэннем сваіх рэсурсаў у сувязі з «надзвычайна высокай цікавасцю» да адсочвання палёту Пэлосі.

«Сённяшні палёт стаў самым папулярным за ўсю нашу гісторыю. За пасадкай самалёта ў Тайбэі сачылі крыху больш за 700 тысяч чалавек. Другім па колькасці адсочваннняў у жывым эфіры быў палёт Аляксея Навальнага ў Расію з Германіі, і пік склаў 550 тысяч чалавек», — сказаў Петчанік.

У апошні час самалёты даволі часта трапляюць у навіны. Спачатку Кайлі Джэнер раскрыкавалі за тое, што яна здзейсніла 17-хвілінны пералёт, выкінуўшы пры гэтым 1 тону вуглякіслага газу ў атмасферу.

Пасля гэтага маркетынгавая кампанія Yard, якая займаецца пытаннямі ўстойлівага развіцця, падрыхтавала справаздачу, у якім пералічыла знакамітасцяў, чые прыватныя самалёты здзейснілі найбольшую колькасць палётаў у гэтым годзе, і адпаведныя выкіды вуглякіслага газу. На першым месцы ў гэтым спісе апынулася Тэйлар Свіфт, чый самалёт у гэтым годзе здзейсніў 170 палётаў і выкінуў 8294 тоны вуглякіслага газу, што прыкладна ў 1185 разоў больш, чым агульны гадавы аб'ём выкідаў сярэдняга чалавека.

Цяпер у твітары ёсць акаўнты, якія адсочваюць канкрэтныя самалёты з дапамогай бота, выкарыстоўваючы агульнадаступныя даныя ADS-B. Гэта @ElonJet, @CelebJets, @SportJets, @Corporate_Jets і @RUOligarchJets, якія стварыў Джэк Суіні, студэнт другога курса Універсітэта Цэнтральнай Фларыды.

Падобна на тое, што ўсё больш людзей цікавяцца адсочваннем самалётаў, асабліва тых, якія належаць знакамітасцям, бо яны разумеюць, наколькі шкодныя некаторыя палёты — напрыклад, дзесяціхвілінны палёт Флойда Мэйвезера ў Лас-Вегас. У твітары людзі абураюцца не толькі тым, як моцна знакамітасці адарваныя ад «простых» людзей, але і абмяркоўваюць, які сур'ёзны ўрон клімату наносіць кожны палёт.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру