Фота: AP Photo/ Sergei Ivanov
Крыніца Reuters паведаміла, што як мінімум адзін самалёт Sukhoi Superjet 100 і адзін Airbus A350, эксплуатаваныя «Аэрафлотам», цяпер разбіраюцца на запчасткі. Пры гэтым, па словах суразмоўцы агенцтва, Airbus A350 быў амаль новым. Таксама абсталяванне знялі з пары самалётаў Boeing 737 і Airbus A320.
«Канібалізацыя» самалётаў, якія базуюцца ў Расіі, «толькі пытанне часу», кажа крыніца Reuters у заходняй авіяцыйнай прамысловасці. Агенцтва тлумачыць, што новыя пакаленні самалётаў (A320neo, A350, Boeing 737 MAX і 787) выкарыстоўваюць кампаненты, якія неабходна пастаянна абнаўляць.
Reuters на падставе звестак Flightradar24 падлічыла, што з ліпеня «Аэрафлот» не эксплуатуе каля 50 сваіх самалётаў. Гэта каля 15% парку, у тым ліку тыя самалёты, якія трапілі пад санкцыі. Тры з сямі самалётаў Airbus A350 не ўзляталі ўжо каля трох месяцаў, сярод іх адзін цяпер разбіраецца на запчасткі.
Іншы суразмоўца агенцтва заявіў, што расійскія авіякампаніі цяпер лётаюць па меншай колькасці маршрутаў з-за заходніх санкцый. Гэта азначае, што ў распараджэнні кампаній ёсць неэксплуатаваныя самалёты, якія таксама могуць быць разабраныя на запчасткі.
Пры гэтым забяспечыць пастаўкі запчастак з краін, якія адмовіліся ад санкцый супраць Расіі, будзе складана, бо замежныя кампаніі баяцца другасных санкцый. Кожная дэталь для авіягаліны мае ўнікальны нумар, а канчатковы пакупнік павінен быць вядомы Boeing і Airbus, таму, па словах суразмоўцы Reuters, ні Кітай, ні ААЭ не пагодзяцца пастаўляць неабходныя кампаненты.
Большая частка пасажырскага авіяпарку Расіі складаецца з заходніх самалётаў. Каля 80% авіяпарку «Аэрафлота» — гэта мадэлі Boeing і Airbus. Ад заходніх кампанентаў моцна залежыць і Sukhoi Superjet айчыннай вытворчасці.
Раней здымаць запчасткі з самалётаў рэкамендаваў авіякампаніям экс-віцэ-прэм'ер Юрый Барысаў, які цяпер узначаліў «Раскосмас». Такое рашэнне, па ягоную думку, дасць магчымасць захаваць частку лайнераў у здатным да палётаў стане на працягу яшчэ пяці гадоў.





