Аляксандр Лукашэнка на нарадзе 9 жніўня. Скрыншот з відэа

«Палякі, іншыя ўносяць нам ужо прапановы: «давайце размаўляць». Добра, давайце. Але пакуль у МЗС яшчэ ў нас так — з нагі на нагу пераступаюць», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Што азначае гэтая заява, зробленая падчас працяглай нарады? У мінулым такія заявы не раз рабіліся, калі Мінск хацеў прадэманстраваць Захаду гатоўнасць да перамоваў і кантактаў. 

Гэты прыём — назавём яго павяртаннем ката хвастом — характэрны для палітычнага стылю Аляксандра Лукашэнкі.

Знішчальныя наступствы для беларускага бюджэту маюць як забарона Еўрасаюза на транспартаванне беларускага калію, так і страта ўкраінскага рынку ў выніку нападу на Украіну Расіі. Паводле афіцыйных даных, падзенне ВУП Беларусі склала каля 9% у маі і 8% у чэрвені гэтага года.

Афіцыйнае агенцтва БелТА дае такія цытаты з заяў Аляксандра Лукашэнкі. 

«Кіраўнік дзяржавы назваў няправільнай пастаноўку пытання і рыторыку аб тым, што замест несяброўскіх краін зараз Беларусь будзе працаваць выключна з сяброўскімі. «Нам ні ў якім разе нельга сыходзіць з Еўрасаюза. Гэта наш бліжэйшы сусед. Мы палову там, па-мойму, працавалі па экспарце, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — З імі трэба працаваць. Шаленства палітыкаў ужо адыходзіць на задні план. Бізнэс ёсць бізнэсам».



І таксама:

«Але актывізаваць супрацоўніцтва трэба імкнуцца і з так званымі несяброўскімі краінамі. «Нічога не трэба адкідаць. З усімі краінамі трэба весці дыялог. Санкцыі рана ці позна адыдуць. І гэтыя дзікія адносіны, якія ў нас існуюць з Захадам, таксама адыдуць у нябыт. Нельга губляць гэтыя рынкі. Бо потым будзем гераічна на іх вяртацца».

Тыя самыя ўрыўкі былі пакінутыя і ў відэаверсіі:

Пікантнасці дадае той факт, што нарада адбылася 9 жніўня 2022 года, роўна праз два гады пасля сфальсіфікаваных выбараў 2020 года, якія выклікалі масавыя пратэсты, для здушэння якіх пачаліся такія ж масавыя рэпрэсіі.

Заявы Аляксандра Лукашэнкі прагучалі на фоне контрнаступальных дзеянняў украінскай арміі на паўднёвым фронце.

Нагадаем, што пасля правалу спробы захопу Кіева і адступлення расійскіх войскаў з поўначы Украіны Уладзімір Макей 6 красавіка накіраваў краінам Еўрасаюза ліст, у якім заклікаў да аднаўлення дыялогу. 

Макей абяцаў, што «Беларусь не будзе ўцягнутая ў вайну». І прапаноўваў: «Давайце выкарыстаем дыпламатычны інструментарый, каб аднавіць дыялог, які ёсць адзіным спосабам, каб знайсці дарогу наперад у любых абставінах».

Макей у сваім лісце адзначаў, што і раней Беларусь і ЕС праходзілі розныя перыяды ў сваіх узаемаадносінах. Але пры гэтым змаглі дасягнуць многага, асабліва ў 2016—2019 гадах: развівалася гандлёвае супрацоўніцтва, быў аслаблены візавы рэжым, працавалі трансгранічныя праграмы і іншае.

«Няўжо ўсе гэтыя ўзаемныя дасягненні ў мінулым?» — пытаўся Макей. «Нешчаслівая чарада падзей, што адбылася з 2020 года, вярнула Беларусь і ЕС практычна ў «ледніковы перыяд», — пісаў ён, дадаючы, што на мяжы паміж намі вырасла новая «Берлінская сцяна».

Ліст выглядаў як прапанова Еўропе ўцягнуцца ў новы дыялог. У самім лісце нічога не гаварылася пра тое, ці застануцца расійскія войскі на тэрыторыі Беларусі і ці будуць вызваленыя і рэабілітаваныя тысячы палітзняволеных. Таму еўрапейцы пакінулі ліст без адказу і проста перадалі яго ў СМІ.

Ці будзе адказ Захаду на новую спробу Аляксандра Лукашэнкі аднавіць кантакты, можа залежаць ад таго, на якія крокі лукашэнкаўцы гатовыя пайсці.

Пакуль Расія працягвае выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі ў ваенных мэтах. Рэпрэсіі ў краіне працягваюцца ў тых жа маштабах, у тым ліку і катаванні палітвязняў у турмах. Распальванне варожасці да Захаду ў цэлым і суседніх краін у прыватнасці таксама не спыняецца. 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

1
Рубам / Адказаць
10.08.2022
размаўляй з кадыраўскім донам - гэта твой узровень
4
антисвета / Адказаць
10.08.2022
адзначыў таксама гадаўшчыну... дастала яго света)
1
полк / Адказаць
10.08.2022
с табой будзе толькі адна размова - на лаўцы падсудных!
Паказаць усе каментары/ 31 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру