Неабходнасць быць уключаным у дзяржаўны рэестр для правядзення культурных мерапрыемстваў — не адзінае новаўвядзенне ў Кодэксе аб культуры. Разабралі асноўныя апгрэйды, якія эксперты называюць рэпрэсіўнымі і апісваюць як забарону на прафесію.

«Інфармацыю пра ўдзельнікаў мерапрыемства могуць запытаць у органаў унутраных спраў, дзяржаўнай бяспекі»

Кодэкс аб культуры папярэдняй версіі (2016 года) таксама крытыкаваўся культурнымі работнікамі. Менавіта з яго выраслі «гастролькі» і мастацкія камісіі, якія вызначалі «нізкі мастацкі ўзровень», на падставе чаго маглі адмовіць у праве на выступ любому артысту (на справе атрымлівалася, што ў гастрольных пасведчаннях часцяком адмаўлялі з палітычных прычын).

Заснавальнік Tuzinfm.by Cяргей Будкін, які цяпер з’яўляецца кіраўніком Беларускай рады культуры, расказвае, як у 2017 годзе выкрыў схему цэнзуры мастацкіх камісій, дзякуючы падачы ў Эканамічны суд заявы на дзеянні галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама, за подпісам супрацоўнікаў якога было забаронена правядзенне канцэрта Алеся Дзянісава.

«Алесь Дзянісаў, лідар гурта «Дзецюкі», тады павінен быў прэзентаваць сольную праграму на вершы Алеся Чобата, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, але нам забаранілі, спаслаўшыся акурат на «выснову мастацкага савета па культурна-відовішчных мерапрыемствах аб нізкім мастацкім узроўні выкананняў, прадугледжаных праграмай культурна-відовішчнага мерапрыемства». На судзе ж высветлілася, што яны нават не слухалі музыку, а для прыняцця рашэння кіраваліся вершамі і персонай выканаўцы.

Суддзя спачатку пацяшалася з ідэолагаў: ім было не зразумела, як гэта, раней Дзянісаву выдавалі гастролькі, і ў яго быў высокі мастацкі ўзровень — у якім жа месцы ён панізіўся? Настрой суда першапачаткова быў на баку арганізатараў, але пасля перапынку яны занялі пазіцыю ідэолага, адхіліўшы нават нашу спасылку на Канстытуцыю пра свабоду творчага самавыяўлення», — расказвае Будкін. 

Сяргей Будкін.

Сяргей Будкін.

Канцэрт тады ўсё ж адбыўся, але без квіткоў — з вольным уваходам.

«Па старой версіі Кодэкса можна было праводзіць мерапрыемствы са свабодным уваходам, данэйшнам ці проста за чэк-бар без узгадненняў. Цяпер такое немагчыма, — адзначае Сяргей Будкін, маючы на ўвазе артыкулы 213-1 і 214 у дакуменце «Аб змяненні законаў па пытаннях культуры». Згодна з імі,

усе арганізатары культурна-відовішчных мерапрыемстваў падлягаюць уключэнню ў рэестр. Пасля трапляння туды яны мусяць атрымаць спецыяльны дазвол-пасведчанне. Пры гэтым для прыняцця рашэння аб выдачы пасведчання могуць запытваць інфармацыю пра ўдзельнікаў мерапрыемства ў органаў унутраных спраў ці дзяржаўнай бяспекі.

Ілюстрацыйнае фота.

«Мы падышлі вельмі блізка да таго, каб узгадняць жывы выступ на ўласным вяселлі»

«Фактычна будуць маніторыць, ці ўдзельнічаў артыст у акцыях пратэсту, і, калі нехта падпадаў пад арышт, гэта будзе ўлічвацца пры разглядзе і выдачы «гастролькі». У выніку любы, хто праявіў хоць нейкую нязгоду з дзяржпалітыкай і трапіў на аловак да пільнуючых органаў, зможа апынуцца ў сітуацыі пазбаўлення магчымасці зарабляць грошы, нават на непублічных мерапрыемствах — карпаратывах, вяселлях. Але артысты, што застаюцца ў Беларусі, і так атрымлівалі адмовы на выступ раней, і без зменаў у кодэксе. 

Сітуацыя ўскладняецца тым, што пад кантроль трапляюць цяпер самі арганізатары. Нават калі цябе ўключаць у рэестр (хаця на сёння там усяго 37 арганізатараў на ўсю Беларусь), невядома, як далей выбудоўваць бізнэс і каго везці выступаць: артысты, якія карыстаюцца папулярнасцю ў беларусаў, альбо забароненыя, альбо з’ехалі. З рускіх усе адэкватныя выказаліся супраць вайны, з украінцаў таксама нікога амаль немагчыма прывезці, а з іншымі замежнікамі ўвогуле складана. 

Гэты бізнэс і раней быў рызыкоўным, а цяпер будзе фактычна закрыты для незалежных арганізатараў. Не ўяўляю, на якія хітрыкі трэба ісці, каб застацца сёння ў справе», — адзначае кіраўнік Рады культуры. «Прычым калі чытаць размытую фармулёўку закона, то пад кантроль пры жаданні могуць трапіць і карпаратывы, і прыватныя вечарыны, юбілеі. Мы падышлі вельмі блізка да таго, каб узгадняць жывы выступ на вяселлі. Напрыклад, на маім грала «Крама» ў перыяд іх забароны. І з сённяшнімі фармулёўкамі магло б атрымацца, што я мушу браць дазвол на іх выступ і рызыкую застацца на свяце без жывой музыкі».

Ілюстрацыйнае фота.

Ілюстрацыйнае фота.

Прааналізаваўшы папраўкі, перш-наперш на гэтыя ж артыкулы з трывогай звяртае ўвагу і беларускі юрыст, які папрасіў захаваць яго ананімнасць:

«Заяву аб уключэнні ў рэестр разглядае рэспубліканская экспертная камісія пры Мінкультуры, якая ў тым ліку будзе аналізаваць не толькі ўзровень культурна-відовішчных мерапрыемстваў, але і наяўнасць фактаў прыцягнення да крымінальнай ці адміністрацыйнай адказнасці (у прыватнасці, па артыкулах 19.11 і 24.23 КаАП). Калі вы сядзелі на сутках па так званых палітычных артыкулах, вам, вядома, лёгка могуць адмовіць ва ўключэнні ў рэестр арганізатараў. Канечне, як і любое рашэнне дзяржаўнага органа, згодна з нормамі ГПК, адмову можна абскардзіць у судовым парадку, але, на жаль, сённяшнія рашэнні судоў па такіх справах прадказальныя».

«У схеме «арганізатар-пляцоўка-выступоўца» дзяржава — чацвёртая лішняя»

Пры гэтым дзяржаўныя пляцоўкі кшталту Палаца рэспублікі, «Мінскканцэрта», ці арганізатары-дзяржтэлеканалы, як і раней, вызваляюцца ад неабходнасці атрымліваць пасведчанні для правядзення мерапрыемстваў. Такім чынам працягваецца дыскрымінацыя «недзяржаўнага».

«Калі расказваеш замежнікам, што ў нас трэба атрымліваць нейкія «гастролькі», ніхто не верыць, бо ў цывілізаваный краінах такой практыкі ўвогуле няма. Нідзе ўлады не ўмешваюцца ў працэс дамаўлення арганізатара, пляцоўкі і выступоўцы — гэта чацвёрты лішні тут (калі толькі гэта не тычыцца падзей дзяржаўнага ўзроўню тыпу інаўгурацыі). Калі мы ладзілі флэшмоб у Вільні да гадавіны выбараў, нам дастаткова было проста паставіць улады да ведама», — каментуе Сяргей Будкін

Вышэй за ідэалагічныя органы і мастацкія камісіі працягвае стаяць Лукашэнка.

«Для асобных культурна-відовішчных мерапрыемстваў прэзідэнтам могуць вызначацца патрабаванні, якім павінен адпавядаць арганізатар культурна-відовішчнага мерапрыемства», — гучыць у падпісаным ім жа законе.

Святкаванне 3 ліпеня. Ілюстрацыйнае фота.

Святкаванне 3 ліпеня. Ілюстрацыйнае фота.

«Бачны недавер нават да тых, хто ім жа прызначаны кантраляваць культуру, — заўважае Будкін. — Спадар Павел Латушка, экс-міністр культуры, у свой час расказваў, што Мінкульт разглядаўся як канцэртнае агенцтва пры прэзідэнце, аддзел абслугоўвання карпаратыўных інтарэсаў. Таму там і будуць прасоўваць не інтарэсы нацыянальнай культуры, а ўласныя інтарэсы аднаго чалавека, у якога з густам і разуменнем мастацтва вядома якія справы».

Якія яшчэ моманты ў праўках выклікаюць хваляванне?

Акрамя «канцэртнікаў» і тэатралаў, змены закрануць музейную, бібліятэчную, рамесную дзейнасць, сферу кіно і народнай творчасці.

У прыватнасці, экскурсіі ў музеях цяпер змогуць праводзіць толькі іх супрацоўнікі. З улікам актыўных затрыманняў экскурсаводаў-фрылансераў апошнім часам робіцца відавочным, што прадстаўнікоў гэтай прафесіі таксама хочуць узяць пад татальны кантроль.

Ілюстрацыйнае фота.

Ілюстрацыйнае фота.

«Цяпер свабодным экскурсаводам будзе забаронены ўваход у музеі. Як мы бачым, дзяржава хоча, каб усе праходзілі прыніжальныя працэдуры ўзгадненняў. Відавочна, што на ўзмацненне кантролю паўплывалі падзеі апошніх двух год, калі чыноўнікі зразумелі, што мастацтва — магутны інструмент, які ўздымае баявы дух і можна натхняць на змаганне (фонам тых жа маршаў была музыка, на чале іх апынуліся і іншыя культурныя дзеячы)», — каментуе Сяргей Будкін.

Прадстаўнікі культурнай сферы кажуць, што ў новых умовах усе будуць яшчэ глыбей сыходзіць у падполле, хаця многія ўжо пасля 2020-га пачылі жыць у такіх умовах: кватэрнікі, выступы і спектаклі для правераных людзей. Існавала такая практыка і раней: негалосныя «чорныя спісы» артыстаў прымушалі выступаць некаторыя гурты і тэатры патаемна ці за мяжой.

«Нехта не вытрымае і сыдзе ў іншую сферу ці пераарыентуецца, — лічыць Сяргей Будкін. — Гэтак было ў самыя змрочныя часы савецкіх рэпрэсій: беларускія пісьменнікі сыходзілі ў перакладніцкую ці дзіцячую тэмы, гэта быў такі спосаб выжывання і захавання сябе ў прафесіі. Застаецца таксама поле адукацыйных праектаў, скіраваных на захаванне і распаўсюд культуры, якая яшчэ лічыцца не забароненай. 

Але татальна кантраляваць культуру ўсё адно немагчыма, яна не мусіць разглядацца толькі як сфера забавак і ідэалагічны інструмент. Гэта тое самае, як захацець узяць пад кантроль незалежныя медыя. Такая спроба сціснуць пружыну на час, але, натуральна, энергія будзе пад ёй назапашвацца і ў любы момант раскруціцца. Імкнучыся адшукаць тут нейкі пазітыў, магу сказаць, што пасля жыцця пад ціскам нас чакае вялізны ўздым».

Як кіраўнік Рады культуры Сяргей бачыць задачу творцаў унутры краіны найперш у самазахаванні і развіцці беларускай культуры — хаця б у фармаце чытання беларускамоўных казак і ўключэння беларускай музыкі дзецям. Са свайго боку яны будуць працягваць дапамагаць творцам у межах праектаў Рады культуры.

«Нам важна, каб людзі засталіся ў прафесіі нават у такіх умовах, даваць ім дадатковы штуршок для развіцця. Для падтрымкі беларускіх творцаў у Рады ёсць тры вымярэнні працы. Першае, гэта рэсурсны цэнтр — хуткая і доўгатэрміновая дапамога дзеячам культуры, адукацыйныя праграмы, а таксама дапамога з запускам новых праектаў. Другое — культурніцкі сойм будучыні. Ëн запланаваны ў фармаце камунікацыйнай пляцоўкі дзеячаў культуры, з якімі мы абмяркоўваем бягучыя праблемы і іх магчымае вырашэнне, будучыя рэформы. Ну, і трэці наш кірунак — так званы інстытут прамоцыі Беларусі — праца над лабіяваннем беларускай культуры ў свеце, прасоўванне нашага парадку дня ў сусветных медыя, дні беларускай культуры і ночы паэтаў у свеце і гэтак далей», — расказвае Сяргей Будкін.

Чытайце таксама:

Курапаты: на сёння вядома амаль усё

«У новай Беларусі чорных спісаў не будзе: хочаш збіраць Мінск-Арэну — калі ласка». Вялікая гутарка з Маргарытай Ляўчук

Што адбываецца ў беларускім кінематографе? Сабралі цікавыя стужкі, якія можна паглядзець у кінатэатрах ці дома

Клас
11
Панылы сорам
32
Ха-ха
3
Ого
3
Сумна
9
Абуральна
38