Супрацоўнікі выявілі тыпаграфію, якая нібыта друкавала бела-чырвона-белую сімволіку. Паставілі кіраўніка тыпаграфіі на праслушку, а пасля на затрыманне адправілі дэсант з 15 чалавек — 10 з Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі (ГУБЭЗ) і 5 амапаўцаў.

Але аказалася, што тыпаграфія выпускала чырвона-зялёную сімволіку.

«Яны як сказалі? Ёсць сімволіка? Так. Толькі яны мелі на ўвазе чырвона-зялёную»,

— абураўся па тэлефоне адзін з супрацоўнікаў ГУБЭЗ, меркавана, намеснік начальніка Андрэй Макарук, што нічога «бэчэбэшнага» пры аглядзе не знайшлі.

Як вынікае са злітых размоваў, часам занадта імпэтныя супрацоўнікі пачынаюць цікавіцца тымі арганізацыямі, якія «пад патранажам» дзяржавы.

Адзін з супрацоўнікаў, меркавана, намеснік начальніка ГУБЭЗ Валерый Балабуеў, пераказваў словы кіраўніцтва (міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова) свайму калегу:

«Ён сказаў так. Першае, што выклікае, скажам так, занепакоенасць. Што ў рамках адпрацоўкі гэтых вось момантаў раёны лезуць не туды! І ідуць да тых, хто наогул не мае ніякага дычынення да гэтага. Ты ж разумееш, што маецца на ўвазе — пад шумок ідуць, пачынаюць вытрасаць усіх запар».

«Ён уважліва прагартаў усе спісы, вельмі здзівіўся наяўнасці ў іх «ТабакІнвеста», «Ленты» і іншае. Ну пакажыце мне, што «Лента» шые такія сцягі, — працягвае сілавік. — І сказаў, што такім агульным «чохам» адпрацоўка ўсяго — гэта ёсць нерацыянальнае выкарыстанне сіл і сродкаў, таму нам трэба засяродзіць намаганні на тыпаграфіях.

Ну і другое пытанне, на што гораду трэба акцэнтаваць увагу, гэта фінансаванне апазіцыі. Тое самае далей: аплата штрафаў, паслуг адваката, нейкая дапамога».

Праз пэўны час падпалкоўніка міліцыі Макарука, нягледзячы на яго адданасць, не прасунулі па службе. Цэнтральная атэстацыйная камісія адхіліла яго кандыдатуру на падставе даклада Галоўнага ўпраўлення ўласнай бяспекі МУС.

«Рубанулі. Сказалі, не дастойны», — жаліўся меркаваны Макарук іншаму калезе.

ГУБЭЗ мае дачыненне і да вобшукаў у беларускамоўнай кнігарні Андрэя Янушкевіча, паведамляе «Байпол».

Клас
7
Панылы сорам
7
Ха-ха
44
Ого
0
Сумна
4
Абуральна
9