Жнівень 2020 года быў часам сацыяльнай эйфарыі і вялікай надзеі ў Беларусі. Лукашэнка зноў сфальсіфікаваў выбары, але гэтым разам беларусы былі гатовыя адстойваць свой рэальны вынік галасавання, таму пачалі выходзіць на шматтысячныя мірныя дэманстрацыі не толькі ў Мінску, але і ў іншых гарадах.

Інфармацыя ад сумленных выбарчых камісій, а таксама даныя з тэлеграм-бота «Голас» выразна паказвалі: у Аляксандра Лукашэнкі няма 50% галасоў, а вынік Святланы Ціханоўскай у разы заніжаны. Яе муж, Сяргей Ціханоўскі, які хацеў балатавацца на выбары, быў затрыманы яшчэ ў маі, а цяпер мае прысуд у 18 гадоў зняволення за нібыта арганізацыю масавых беспарадкаў, хаця ў рэальнасці за тое, што ствараў канкурэнцыю Лукашэнку.

Тры жанчыны

Яшчэ за некалькі месяцаў да выбараў нават эксперты ставілі на Беларусі крыж. Усе ўжо было раней. Выбары прызначаны, ёсць кандыдат ад апазіцыі, але ён трапляе у турму, адбываецца пратэст у цэнтры Мінска, які хутка разганяецца, затым хваля рэпрэсій і хваля палітычнай эміграцыі. Але ў 2020 годзе ў Беларусі адбылося абуджэнне грамадства, і сутнасць гэтага абуджэння дагэтуль не зусім зразумелая, а яго прычын вычарпальна ніхто не апісаў. На постсавецкай прасторы беларускае грамадства выдзялялася сваёй палітычнай апатыяй. Здавалася, рэпрэсіўны аўтарытарызм Лукашэнкі пад соусам вырашэння сацыяльных пытанняў, задавальняў большасць.

І нібыта беларусы не хацелі развіцця, яны хацелі застацца ў Савецкім Саюзе, як абяцаў і запэўніваў Лукашэнка. Але вясной 2020 года беларусы раптам зацікавіліся палітыкай, мабілізаваліся, самаарганізаваліся і натоўпамі рушылі пакідаць подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў. Акрамя Ціханоўскага з'явіліся яшчэ дзве перспектыўныя фігуры: Віктар Бабарыка і Валерый Цапкала. Бабарыка таксам атрымаў вялікі тэрмін зняволення, 14 год, а Цапкала выехаў з краіны перад выбарамі.

Тады здарылася непрадказальнае. У кансерватыўным патрыярхальным беларускім грамадстве на палітычны план выйшлі тры жанчыны. Першая — Святлана Ціханоўская, якую зарэгістраваў ЦВК. Яе падтрымалі Вераніка Цапкала, жонка Валерыя, і найбліжэйшая паплечніца Віктара Бабарыкі — Марыя Калеснікава. Той фатаздымак, на якім Святлана, з паднятым кулаком, Вераніка, са знакам V (перамога), і Марыя, якая склала рукі ў сардэчка, — ужо ўвайшоў у гісторыю.

Вялікі энтузіязм, выбары і беспрэцэдэнтны для Беларусі сацыяльны выбух, які смела можна назваць нацыятворчым. Калі хтосьці меў сумневы, ці самі беларусы адчуваюць сябе самастойнай, асобнай нацыяй — асобнай, вядома, ад Расіі, якая, як і ў выпадку з Украінай, лічыць Беларусь у лепшым выпадку спецыфічнай разнавіднасцю сябе самой, — то у жніўні 2020 года мог пераканацца, што адчуваюць. Нават тыя людзі, якія прыхапкам шылі бел-чырвона-белы сцяг, можа, не да канца разумеючы яго гістарычныя карані, што вядуць да Беларускай Народнай Рэспублікі і Вялікага Княства Літоўскага, нават тыя, хто мала гаварыў у Беларусі па-беларуску, адназначна выступілі на баку суверэнітэту і дэмакратыі.

Фотаздымкі беларускіх пратэстаў абляцелі ўвесь свет. Падкрэслена мірны пратэст рабіў фурор, бо нават самыя пратэстоўцы, перад тым, як стаць на лаўку ў парку, здымалі абутак. На вокладках у газетах лунаюць фоты з жаночых маршаў, дзе жанчыны ў белых сукенках, з кветкамі ў руках і вянкамі на галавах. Спяваючы народныя песні і калыханкі, беларускі спрабавалі залашчыць, супакоіць супрацоўнікаў АМАПа, якіх Лукашэнка паслаў збіваць удзельнікаў акцыі пратэсту.

Варта быць з Расіяй?

Апарат рэпрэсій у Беларусі заўсёды працаваў бездакорна. Лукашэнка здушыў пратэсты сілай, і цягам некалькіх месяцаў каток гвалту з боку праваахоўных органаў раздушыў надзею беларусаў на перамены. Зноў з Беларусі хлынула хваля эміграцыі, але на гэты раз большая і мацнейшая. Беглі асобы, якія займаюцца палітыкай, ратавалася моладзь праз адсутнасці перспектыў, замежныя кампаніі і ўстановы рэлакавалі сваіх супрацоўнікаў. Той, хто застаўся ў краіне, рызыкуе апынуцца на многія гады ў турме, зусім ні за што. Рэпрэсіі перасталі быць проста актам помсты, сталі звычайнай прафілактыкай.

Здавалася, што сітуацыя ў Беларусі ўжо не можа быць больш драматычнай. Але ў лютым 2022 года пасля сумесных вучэнняў расійска-беларускай арміі Крэмль заявіў, што праз сітуацыю ў рэгіёне не будзе выводзіць свае войскі з Беларусі. А потым Расія нападае на Украіну, выкарыстоўваючы для гэтага беларускую тэрыторыю таксама. Беларусы прама кажуць, што гэта акупацыя, а Лукашэнка цаной утрымання ўлады канчаткова прадаў беларускую незалежнасць.

Адкрытае ўварванне Расіі ва Украіну адсунула праблемы Беларусі на другі план. Уцягнутая Лукашэнкам ў вайну Беларусь раптоўна ператварылася ў такую ж дзяржаву-агрэсара, як і Расія. Беларусы ў эміграцыі, якія раней адчувалі салідарнасць з боку суседзяў, пачалі адчуваць непрыязнасць. Яшчэ складаней было тым, хто ад рэпрэсій збег ва Украіну.

У лютым разам з мільёнамі ўкраінцаў беглі і яны — ад бомбаў, якія ляцяць з тэрыторыі іх уласнай краіны. Аднак, напрыклад, у Польшчы пра уцекачоў-беларусаў з Украіны першапачаткова не вялася гутарка ў адмысловых дапаможных пастановах, што прымаліся польскім урадам. Як быццам іх і няма, ці яны самі вінаватыя. Падобных сітуацый ёсць больш, таму што там, дзе з'яўляюцца абмежаванні для расіян, пад іх аўтаматычна трапляюць і грамадзяне Беларусі. Тады дапамагчы можа толькі аўтарытэт і ўмяшанне Святланы Ціханоўскай ці Паўла Латушкі. Латушка — былы міністр культуры і дыпламат, які ў 2020 годзе падтрымаў пратэсты супраць Лукашэнкі. 

Канферэнцыя «Новая Беларусь», прымеркаваная да другой гадавіны выбараў, — гэта спроба выйсці з тупіка і знайсці новую стратэгію ў вельмі цяжкі для Беларусі час, калі нават сам факт існавання беларускай дзяржаўнасці ставіцца пад сумнеў.

Вайна з імперыяй

Падзеі ва Украіне ўплываюць на ўспрыманне палітычнай барацьбы беларусаў. У 2020 годзе абсалютным прынцыпам пратэсту быў яго мірны характар і адсутнасць геапалітычных лозунгаў, напрыклад, звязаных з далучэннем да еўрапейскіх структур. Гаворка ішла аб тым, каб не правакаваць Расію, таму што беларусы баяліся паўтарэння крымска-данбаскага сцэнару ў сябе дома. Аднак Лукашэнка патапіў краіну ў тэроры і ўцягнуў у кровапралітную вайну супраць блізкага суседа. Украінцы маюць да беларусаў прэтэнзіі — і наконт няўдалай рэвалюцыі два гады таму, і наконт таго, што яны нібыта недастаткова робяць, каб спыніць вайну, што вядзецца з іх тэрыторыі. Тым больш што калі ва Украіне і рыхтаваліся да нападу Расіі, то ніхто не чакаў, што напад адбудзецца з поўначы, з тэрыторыі Беларусі. Дарадца кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк у адным з інтэрв'ю адкрыта выказаў абвінавачванні ў адрас беларускага грамадства, а пазіцыю Ціханоўскай назваў «прарасійскай».

Сама Ціханоўскай і беларускія актывісты ў якасці адказу на такія заявы нагадваюць не толькі пра антываенныя пратэсты, дапамогу беларусаў уцекачам з Украіны і беларускіх добраахвотнікаў, што ваююць у палках Кастуся Каліноўскага і «Пагоні», але і пра чыгуначныя дыверсіі беларускіх партызан. Нават New York Times, спасылаючыся на свае крыніцы, прызнала, што шмат у чым дзякуючы гэтаму расійскай арміі не ўдалося захапіць Кіеў.

Вайна перастае табуяваць варыянт сілавога рашэнне выйсця з крызісу, прынамсі, для пэўнай часткі прадстаўнікоў беларускага дэмакратычнага руху. Па-рознаму называецца і галоўны вораг, з якім даводзіцца змагацца. Падчас дыскусій у Вільнюсе гэты варыянт агучыў Вадзім Пракоп'еў, заснавальнік палка «Пагоня».

— Мы на вайне з 2020 года, з тых часоў, як развеяліся апошнія надзеі на аксамітную рэвалюцыю, як не спрацавала тэорыя негвалтоўнага супраціву. Мы на вайне не з Лукашэнкам — мы на вайне з рускай імперыяй, з цынічнымі, подлымі і непрыстойна багатымі людзьмі ў Крамлі. Лукашэнка, якога мы ненавідзім, — гэта ілжывая мэта, ён проста зручны чалавек для Крамля.

Пракоп'еў, які яшчэ нядаўна быў бізнэсменам, таксама сказаў, што ў 2020 годзе шанец быў выпушчаны, таму што ўсе былі ў захапленні ад нацыянальнага пад’ёму, а структуры супраціву не выбудоўваліся. 

Незалежна ад ацэнкі падзей беларускага жніўня 2020 года і дзейнасці Святланы Ціханоўскай у ролі беларускага дэмакратычнага лідара, несумненна адно: калі б не прэзідэнцкія выбары два гады таму і масавыя пратэсты па ўсёй краіне, сёння было б цяжка каго-небудзь пераканаць у тым, што ёсць такая краіна, як Беларусь.

Клас
62
Панылы сорам
7
Ха-ха
8
Ого
2
Сумна
7
Абуральна
10