Прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па міжнародных справах, а цяпер таксама член Аб'яднанага пераходнага кабінета Валерый Кавалеўскі 1 жніўня адправіўся ва Украіну — планаваў наведаць Кіеў цягам некалькіх дзён, каб сустрэцца з дыяспарай і правесці працоўныя сустрэчы. Але на польска-ўкраінскай мяжы яму адмовілі ва ўездзе.

Сам прадстаўнік дэмсілаў не бачыць у гэтым нічога экстраардынарнага і ўдакладняе: украінцы яго ўжо разварочвалі.

З пачатку вайны ва Украіне Кавалеўскі наведаў гэтую краіну не менш за восем разоў. Паводле яго слоў, ужо здаралася так, што яго не ўпускалі на тэрыторыю Украіны з першай спробы.

«Такія інцыдэнты адбываліся і раней, прычым не толькі са мной, але і з іншымі маімі калегамі.

Бывала, што нас здымалі з цягніка, мы чакалі раніцы, калі прачнецца Кіеў, СБУ дасць дабро на праезд. Але ўсё дазвалялася і мы заязджалі ва Украіну. Аднойчы была сітуацыя, калі мяне не пусцілі ва Украіну і адправілі назад у Польшчу. Тады я зрабіў другую спробу на наступны дзень і нармальна праехаў ва Украіну. Прычым была тая ж самая змена [на мяжы], такі ж пакет дакументаў, як і заўсёды», — расказвае Валерый Кавалеўскі.

Дакладных прычын адмоў прадстаўнік дэмсілаў не ведае. Але мяркуе, што гэта можа быць звязана са збоямі ў сістэме, эксцэсамі выканаўцаў ці нейкімі іншымі абставінамі. Адмаўляючы ва ўездзе, памежнікі не ўнікаюць у падрабязнасці, але звычайна ківаюць на недастатковасць падстаў для ўезду ў краіну.

«Гэтым разам, калі мяне не пусцілі, у мяне быў дэфіцыт часу, і я не стаў паўтараць спробу. Мне трэба было вяртацца на канферэнцыю ў Вільні.

Але прычыны, якія мне падалі, былі падобныя да папярэдніх: яны не ўбачылі дастатковых падстаў для майго знаходжання ва Украіне, — кажа Кавалеўскі.

Аднак у цяжкасцях з перасячэннем межаў Кавалеўскі не вінаваціць Кіеў. Ён кажа, што ў аснове такога становішча спраў «ляжыць рашэнне Лукашэнкі ўцягнуць Беларусь у вайну і з-за гэтага памянялася стаўленне да ўсіх грамадзян краіны з боку Украіны».

«Важна разумець, што для Украіны цяпер усе грамадзяне Беларусі з'яўляюцца прадстаўнікамі краіны-агрэсара. З нас асабліва пытаюцца.

На нас [украінцы] глядзяць па-асабліваму і вельмі старанна правяраюць носьбітаў беларускіх пашпартоў. Менавіта таму ва ўсіх беларусаў узнікаюць такія праблемы, незалежна ад таго, прыватныя гэта асобы ці афіцыйныя прадстаўнікі.

Так што справа не ў тым, што вылучылі з натоўпу менавіта мяне і адмаўляліся ўпусціць. Тое, што такое адбылося з прадстаўніком Офіса Святланы Ціханоўскай, надае гэтаму пэўную афарбоўку, але я ўсё ж не спяшаўся б рабіць нейкія маштабныя высновы, паколькі пакуль рэальная прычына адмовы незразумелая.

Пра адмову ва ўездзе прадстаўнік лідара дэмсілаў праінфармаваў партнёраў, дзяржструктуры ў Кіеве. Наступную паездку, кажа, ён будзе планаваць пасля таго, як атрымае тлумачэнні аб прычынах адмовы ва ўездзе або запэўніванні аб тым, што перасячэнне мяжы пройдзе без праблем.

Клас
17
Панылы сорам
3
Ха-ха
10
Ого
2
Сумна
6
Абуральна
8