Маржыха Фрэя адпачывае на прагулачным катары

Маржысе вагой каля 600 кг далі імя Фрэя ў гонар скандынаўскай багіні кахання. Раней яе заўважалі ў Вялікабрытаніі, Швецыі, Даніі і Нідэрландах, а ў сярэдзіне ліпеня яна прыплыла да берагоў нарвежскай сталіцы Осла і перыядычна забіралася на прагулачныя катары і лодкі, каб там паспаць. Але з-за вялікай вагі маржыхі лодкі часта перакульваліся.

Фрэя стала настолькі папулярная, што выданне Verdens Gang нават размясціла на сваім сайце жывую трансляцыю пра жыццё маржыхі. І да нядаўняга часу ўлады не планавалі ўмешвацца ў сітуацыю, яшчэ ў канцы ліпеня Упраўленне рыбалоўства Нарвегіі адзначала добрае самаадчуванне жывёліны. Але правілы парушылі людзі…

Мясцовым жыхарам прадпісвалі не падыходзіць да маржыхі блізка, бо можа спалохацца і напасці. Аднак людзі гэтае прадпісанне не выконвалі.

Фрэя залазіць на лодку

На мінулым тыдні Упраўленне рыбалоўства Нарвегіі апублікавала фатаграфію вялікай групы людзей, у тым ліку дзяцей, якія стаяць на адлегласці выцягнутай рукі ад жывёлы, што падвяргала ўсіх — і людзей, і маржыху — небяспецы. Як паведамляюць мясцовыя СМІ, аднойчы паліцыя перакрыла месца для купання пасля таго, як маржыха загнала жанчыну ў ваду.

Упраўленне рыбалоўства Нарвегіі апублікавала здымак натоўпу людзей, якія стаяць у небяспечнай блізкасці ад жывёліны. Твары схаваныя ў мэтах захавання таямніцы прыватнага жыцця

У выніку ў нядзелю дырэктар Упраўлення рыбалоўства Франк Бака-Енсэн заявіў, што ў сувязі з «захаваннем пагрозы бяспецы чалавека» жывёліну ўсыпілі.

«Падчас назіранняў на месцы на мінулым тыдні стала зразумела, што грамадскасць праігнаравала рэкамендацыю трымацца на бяспечнай адлегласці ад маржа. Такім чынам, Упраўленне прыйшло да высновы, што верагоднасць патэнцыйнай шкоды для людзей высокая, а дабрабыт жывёліны знаходзіцца пад пагрозай», — гаворыцца ў заяве Бака-Енсэна.

Чыноўнік дадаў, што ўлады разглядалі і іншыя варыянты — напрыклад, перамясціць Фрэю з фіёрда, аднак адкінулі іх, бо сумняваліся, што жывёліна добра прыстасуецца да новага асяроддзя.

Бака-Енсэн запэўніў, што эўтаназія жывёліны была праведзеная гуманна, а цела дастаўленае ветэрынарам для далейшага вывучэння.

Маржы — від жывёл, якія ахоўваюцца, і пераважна жывуць на поўначы, у Арктыцы. Звычайна на людзей яны не нападаюць, за рэдкімі выключэннямі. 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

2
Кот / Адказаць
14.08.2022
Чаму маржыху а не людзей усыпілі?
0
мясцовы2 / Адказаць
15.08.2022
Дэградацыя грамадства, ніяк не інакш, калі прымаюцца такія рашэнні
0
Максим Дизайнер / Адказаць
15.08.2022
Идиоты. Отключить и перевезти - лень, наверное, было. Нефтью в 160 раз дороже фарцевать своим же - это намного важнее.
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру