Рыгор Кастусёў, Віталь Краўчук і Юрась Зянковіч. Фота: БелТА

Цяпер суд вывучае гэтыя запісы ў якасці рэчавых доказаў. Падчас адной з ZOOM-канферэнцый абвінавачаны Рыгор Кастусёў чарговы раз выказаў занепакоенасць. Ён адзначыў, што запісваць ход канферэнцыі можа быць небяспечна. Юрый Зянковіч запэўніў прысутных, што запіс вядзецца для «ваенных калегаў» і «партызан, у якіх ёсць гісторыя барацьбы з рэжымам — аж да 20 гадоў». Разам з тым прапаноўвалася падзяліць змоўшчыкаў на тэхнічную і палітычную групы, каб пазбегнуць уцечак інфармацыі.

Гаворка ішла пра «аб'яднанне на аснове адмаўлення». Удзельнікі канферэнцыі пагадзіліся, што любы, хто выступае супраць Аляксандра Лукашэнкі, нават калі ён па-прарасійску настроены, можа далучыцца. Яшчэ адной умовай была згода з тым варыянтам Канстытуцыі Беларусі, які быў распрацаваны Аляксандрам Фядутам. Яго абмеркаванне прапаноўвалася вынесці на рэферэндум.

Падчас размовы некалькі разоў гучала фраза пра неабходнасць «мачыць Луку». 

«Калі мы яго «мочым» і Беларусь знікае, то я не згодны. Калі мы яго «замочым», а вырашаць, хто будзе кіраваць Беларуссю, будуць без нас, то мне нецікава», — заявіў Рыгор Кастусёў.

Ён таксама дадаў, што неабходна правесці ў Беларусі выбары, каб абраць новага прэзідэнта. Падрыхтоўку да новых выбараў планавалі пачаць адразу ж пасля правядзення папярэдніх.

Іншы абвінавачаны, Юрый Зянковіч, падчас канферэнцыі задаў пытанне, ці згодны Рыгор Кастусёў далучыцца да іх. Ён адказаў, што «можа, наколькі будзе магчыма». Дзмітрый Шчыгельскі павінен быў выслаць пакет неабходных дакументаў, але, па словах Рыгора Кастусёва, ён іх не атрымаў, паколькі быў затрыманы.

«Прашу звярнуць увагу на маю пазіцыю. Галоўнае для мяне — гэта захаванне суверэнітэту і незалежнасці Беларусі. Мая непрыязнасць да Аляксандра Лукашэнкі не дазваляе паступіцца гэтай пазіцыяй. Лепш хай ён будзе прэзідэнтам Беларусі, пакуль краіна застаецца незалежнай», — звярнуўся да суда Рыгор Кастусёў.

Абаронца задала Юрыю Зянковічу пытанне, што ён меў на ўвазе пад фразай «замочым Луку». Абвінавачаны адказаў, што яны планавалі «мачыць» палітычна, а не літаральна.

У Рыгора Кастусёва спыталі, як ён разумеў гэтую фразу. Ён адказаў, што разумеў гэта ў рамках палітычнага працэсу.

***

Працэс па справе аб «змове з мэтай захопу ўлады» ў Мінскім абласным судзе пачаўся 29 ліпеня. 

Абвінавачанымі па справе праходзяць пяць чалавек: лідар Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, літаратуразнаўца і паліттэхнолаг Аляксандр Фядута, юрыст з ЗША Юрый Зянковіч, супрацоўніца яго мінскай фірмы Вольга Галубовіч і актывіст, дальнабойшчык Дзяніс Краўчук.

Зянковіч, Фядута і Кастусёў абвінавачваюцца ў «змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам» (ч.1 арт. 357 КК), а Галубовіч і Краўчук — толькі ў «грубым парушэнні грамадскага парадку» (ч. 1 арт. 342).

Акрамя гэтага, Зянковічу інкрымінаванае «стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва такім фармаваннем» (ч. 1 арт. 361-1 КК), «заклікі да захопу дзяржаўнай улады» (ч. 3 арт. 361 КК), «распальванне сацыяльнай варожасці, здзейсненае групай асобаў» (ч. 3 арт. 130 КК).

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру