Мурал вышынёй у дзевяць паверхаў пачалі ствараць 12 жніўня ў межах праекта «Традыцыі дзеля будучыні». Яго малююць на доме па адрасе бульвар Ленінскага Камсамола, 29 — там, дзе на першым паверсе знаходзіцца рэстаран «Залатое цяля». Завяршыць працу плануюць максімум за 15 дзён, распавёў Hrodna. life куратар праекта Алег Ларычаў.

Сцяну для размалёўкі пачалі шукаць у траўні 2022 года. «Шукалі досыць доўга. Гродзенцы прапанавалі шмат варыянтаў. Давялося аб’ехаць большасць з іх ужывую. Спадабаўся той дом, на якім і робіцца мурал. Але ў горадзе шмат сцен, якія пасуюць для муралаў. Дзіўна, што ніхто за іх не бярэцца», — распавёў Алег Ларычаў.

Эскіз атрымаўся эксперыментальны, але звязаны з горадам

Мурал ствараюць мастакі з Пінска Яўген Сасюра і Сяргей Рысакоў. Але ў распрацоўцы ідэі і эскіза прымалі ўдзел і іншыя сябры Urban Myths.

«Шмат з кім кансультаваліся. Эскіз атрымаўся досыць эксперыментальны для Беларусі. Цікава будзе паглядзець на рэакцыю гараджан і міжнароднай стрыт-арт-супольнасці», — сказаў Алег Ларычаў.

Мастакі арыентаваліся на тое, каб выява была звязаная з горадам. «Такія гістарычныя меткі. Каложская царква, старажытныя манеты, якія тут знаходзілі. Усё гэта ў бурштыне. І веласіпедыст, які трымае гэта ў руцэ і едзе наперад», — сказалі мастакі Яўген Сасюра і Сяргей Рысакоў.

Колькі фарбы трэба на такі мурал?

На стварэнне мурала пойдзе каля 200 літраў фарбы. Па словах Ларычава, з матэрыяламі яны праводзяць эксперымент. «Роспіс робіцца фарбай беларускай маркі Tintoll. Вытворца сам прапанаваў далучыцца да праекта «Традыцыі дзеля будучыні». Пакуль уражанні добрыя».

Мурал ствараюць у межах праекта Urban Myths «Традыцыі дзеля будучыні». Гэты праект прысвечаны 100-годдзю «Беларусбанка». «Пакуль запланавана 10 муралаў у 10 гарадах. У Гродне — шосты ўжо», — патлумачыў Ларычаў. Таксама ўжо створаны мурал у Лідзе, але афіцыйнага адкрыцця яшчэ не было.

Якія праекты ўжо рабілі ў Гродне

Супольнасць Urban Myths, якая прасоўвае ў Беларусі стрыт-арт, існуе з 2011 года. Да 2015 года яна называлася Signal. За ўвесь час з праектам працаваў 31 мастак. Яны малявалі свае творы ў Мінску, Рагачове, Мазыры, Пінску, а таксама іншых гарадах, у тым ліку ў Гродне.

Самы буйны стрыт-арт-аб’ект у Гродне — таксама іх праца. Гэта твор «Па мару», які ў 2014 годзе намаляваў той жа мастак, што цяпер малюе новы мурал, Яўген Сасюра (Mutus) на дзевяціпавярховіку на Белых Росах.

Акрамя гэтага, у Гродне малявалі і меншыя па памерах творы ў межах акцыі «Must Act — Must Art» у 2014 годзе. Адзін з іх — «Крумкач» (Алесь Kontra, 2014). Яго зафарбавалі ў 2018 годзе камунальныя службы Гродна.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру