Фота: dan-news.info
Грамадзян Швецыі, Харватыі і Вялікабрытаніі — Матыяса Густаўсана, Вэкаслава Прэбега і Джона Хардынга — абвінавачваюць ва ўдзеле ў якасці наймітаў «у ваенных дзеяннях і навучані для гвалтоўнага захопу ўлады». Ім пагражае смяротнае пакаранне.
Яшчэ двум грамадзянам Вялікай Брытаніі — Эндру Хілу і Дылану Хілі — прад’явілі абвінавачанні ва ўдзеле ў ваенных дзеяннях і ў вярбоўцы наймітаў адпаведна.
Згодна з Крымінальным кодэксам самаабвешчанай «ДНР», Хілу пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі. Хілі — да васьмі.
Ніхто з замежнікаў не пагадзіўся з агучанымі абвінавачваннямі.
Наступнае пасяджэнне адбудзецца ў кастрычніку.
9 чэрвеня так званы «вярхоўны суд» самаабвешчанай «ДНР» асудзіў грамадзян Вялікабрытаніі Шона Пінэра і Эйдэна Эсліна і грамадзяніна Марока Саадуна Брагіма на смерць. Яны служылі ў 36-й асобнай брыгадзе марской пяхоты Узброеных сіл Украіны і былі ўзятыя ў палон у Марыупалі. Усе трое пераехалі ва Украіну задоўга да пачатку расійскага ўварвання і ўжо некалькі гадоў служылі ў марской пяхоце УСУ на кантракце, нагадвае «Радыё Свабода».





