У 1991 годзе Еву Якубовіч, калгасніцу з Кажан-Гарадка, адзначылі як перадавіка вытворчасці. Узнагародзілі пуцёўкай у Піцунду — тады папулярны курорт. Абхазія, экзотыка, мора… прыгажосць! Ды і прэмія не шараговая — такіх пуцёвак было толькі чатыры на ўвесь раён. 

Піцунда. Фота: Вікіпедыя

Вось толькі была адна праблема — Еве Пятроўне рабілася млосна ў любой дарозе. І яна аддала гэтую пуцёўку сваёй дачцэ.

На той момант 18-гадовая Святлана працавала выхавацелькай у мясцовым дзіцячым садку. Для яе паездка была вялікай падзеяй. І хоць ехаць трэба было адной, дзяўчына выправілася ў дарогу: цягнік да Адлера, адтуль аўтобус у Піцунду. 

«Па дарозе прачнулася, убачыла горы — першыя ўражанні былі супер», — згадвае Святлана. 

Вось толькі далей настрой дзяўчыне трохі сапсавалі мясцовыя. 

«Мужчыны пачалі падкатваць. То адзін прычэпіцца, то другі… А я першы раз хоць дзе, адна, простая дзяўчына з вёсачкі… Мне стала страшна настолькі, што ўжо на трэці дзень я вырашыла вяртацца дадому, — прызнаецца Святлана. — Нават сядзела ў вестыбюлі санаторыя і абдумвала, як з’ехаць, дзе і як квіткі купіць».

Але ў тым жа вестыбюлі яна пазнаёмілася з суседкай па санаторыю. Пачалі разам хадзіць на мора, у горад… У выніку Святлана вырашыла не спяшацца з ад’ездам. 

І аднойчы суседка запрасіла Святлану ў госці.

«Я як была ў халаціку, так і пайшла: а там сядзяць два прыгожыя хлопцы, голас у голас, волас у волас. Я разгубілася… — згадвае Святлана. — Аказалася, што гэта два браты-блізнюкі, мясцовыя хлопцы, Вова і Сяргей.

Уладзімір (злева, сядзіць) і Сяргей Кузюбердзіны

Ну і далей мы ўжо адпачывалі кампаніяй: на мора хадзілі разам, на катамаранах каталіся… 

Так у нас з Вовам і закруцілася».

Неўзабаве Святлане прыйшоў час вяртацца ў Беларусь. А ў хуткім часе Уладзіміра мусілі забіраць у войска. У адзін з апошніх вечароў Святланы ў Піцундзе хлопец запрасіў беларускую прыгажуню да сябе ў госці. 

«Але ён мяне так і не раскруціў, — смяецца Святлана. — Пасля сам прызнаваўся: раскруціў бы, то і забыўся б на наступны дзень. А тут я яго зацікавіла: такая ўся непрыступная, і не ягоная!»

***

Наступныя два гады Святлана з Уладзімірам перапісваліся. І раптам ад яго прыйшоў шакуючы ліст.

«Вова напісаў, што ляжыць у бальніцы: яму адарвала нагу, нешта з рукамі… Я адразу ўсё кінула, паехала да яго ў Піцунду. А там Вова мяне сустрэў жывы і здаровы! Я ў шоку.

Уладзімір і Святлана

Вова прызнаўся: такім чынам ён мяне вырашыў выпрабаваць!

Аказалася, гэта яго сябар так «навучыў». Маўляў, калі яна цябе кахае, то прыедзе, нават калі табе нагу адарве, — расказвае Святлана. —

Я тады адначасова злавалася на Вову, але і была рада, што з ім усё добра». 

Праверку Святлана прайшла. У 1993 годзе яны з Уладзімірам ажаніліся. Вяселле гралі ў беларускім Кажан-Гарадку, там маладзёны і засталіся жыць. 

«Уся мая сям’я спачатку была супраць: бо ён быў цёмны, не такі, як нашы… Я і сама часам адчувала сябе няёмка: Вова смуглы, прыгажун, але ж калі ідзем па вёсцы, то ўсе на нас вытарэшчваюцца… — прызнаецца Святлана. — 

Але пасля людзі ўбачылі, які Вова чалавек: таварыскі, прыязны, не п’е, мяне кахае… Стаўленне да яго змянілася, яго прынялі. 

Вяселле Уладзіміра і Святланы

У нас нарадзіліся дзве дачкі: Яна і Міла. Калі дзеці з’явіліся, Вова сам пялюшкі мыў, любіў дачок неверагодна. Аднойчы атрымаў заробак, паехаў сабе купіць туфлі — старыя зусім разваліліся. Ну і паехаў, а вярнуўся з ботамі для дачкі, сабе нічога не купіў.

Вова быў такі мужчына… Цяпер такіх не бывае».

***

Лёс Уладзіміра быў пакручастым ад самага яго нараджэння. 

Блізняты Вова і Сяргей нарадзіліся ў Адэсе. Выхоўваліся ў дзіцячым доме, куды іх немаўлятамі падкінулі невядомыя. Яшчэ зусім малых хлопцаў усынавіла Ніна Кузюбердзіна — жанчына, якая працавала афіцыянткай на адэскім цеплаходзе, сваіх дзяцей яна мець не магла пасля сур'ёзнай аперацыі. Так Вова і Сяргей атрымалі маці, нацыянальнасць (смуглявых цыганскіх хлопцаў Ніна запісала «грузінамі») і імя па бацьку. Апошняе Ніна Кузюбердзіна проста прыдумала — так Вова і Сяргей сталі Атаравічамі.

Уладзімір і Сяргей у дзяцінстве

Першыя шэсць гадоў жыцця хлопцы-блізняты пражылі паміж Адэсай і Луганскам, дзе жыла маці Ніны, якая цяпер стала бабуляю адразу для дваіх унукаў. Пазней разам з малымі Ніна перабрался ў Піцунду.

Спачатку Ніна расказвала хлопцам, што іх бацька — марак, які загінуў падчас службы на караблі. Нават дамовілася з маракамі аднаго з караблёў: прывяла сыноў на экскурсію, а маракі паказалі хлопцам імправізаваны «стэнд памяці іх бацькі».

Сама Ніна нават пачала фарбаваць валасы ў цёмны колер, каб не так кідалася ў вочы розніца ў знешнасці паміж ёй і дзецьмі.

Прызналася яна пра ўсынаўленне, толькі калі Вова з Сярожам ужо падраслі. Хвалявалася, але хлопцы прынялі гэта проста: ты нас вырасціла, значыць, ты наша мама.

У Піцундзе браты пасля 9 класаў перавяліся ў вячэрнюю школу і пайшлі навучэнцамі ў мясцовую рамонтную майстэрню. Пасля служба ў войску. Ацаніць «хараство» савецкай арміі блізняты паспелі: аднойчы «дзяды» збілі братоў так, што ў Сяргея аказаўся пашкоджаны хрыбетнік, а ў Вовы — зрок.

Падчас грузіна-абхазскай вайны ў 1992-1993 гадах Піцунда была ў баку ад баявых дзеянняў. Але вайна таксама паўплывала на тое, што сям’я Кузюбердзіных раз’ехалася па розных краінах, тым больш, што хлопцы былі запісаныя «грузінамі». Ніна з Сяргеем перабраліся ва ўкраінскі Луганск, Уладзімір паехаў у Беларусь да сваёй каханай Святланы.

***

Сёння Святлана згадвае мужа: «Тэмперамент у Вовы быў каўказскі. Гарачы мужчына, вельмі жыццялюбівы. 

Памятаю, ішлі з Вовам па Кажан-Гарадку, сустрэў нас мясцовы мужычок. І прычапіўся да Вовы: дай цыгарэту! Вова тлумачыць: не куру! А той усё чапляецца: дай цыгарэту! Дай цыгарэту!

Я гэтаму мужыку зрабіла заўвагу, той мне адказаў мацюкамі: «Ты, б***ь, маўчы!»

Я тады Вову папрасіла: не звяртай увагі, хай сабе ідзе, бачыш жа, што п’яны!

Але Вова таго мужычка запомніў. І што вы думаеце? Праз месяц Вова яго адшукаў, прывёў і прымусіў стаць на калені перада мною і прасіць прабачэння! 

Вова меў украінскае грамадзянства — праз гэта ў Беларусі ён меў вялікія праблемы з пошукам працы. І вельмі перажываў, што не можа забяспечваць сям’ю, не можа зарабляць. Раней ён быў электрыкам, а ў Беларусі ўжо браўся за любую працу: і дворнікам, і качагарам, і жывёлу пасвіў… Для Вовы было вельмі балюча, што жонка зарабляе больш за яго».

Пазней Кузюбердзіны перабраліся з Кажан-Гарадка ў Лунінец. Святлана пайшла працаваць у мясцовы Дом культуры. Уладзімір працаваў то тут, то там, вясною 1999 года ўладкаваўся грузчыкам у мясцовы ўніверсам. Узялі на часовую падмену, пакуль адзін з работнікаў быў у адпачынку. Дома ён прызнаваўся, што вельмі стамляецца, але людзі згадвалі Уладзіміра як выдатнага, вельмі спагадлівага работніка, які быў гатовы і тавар разгрузіць, і прадавачкам ў зале дапамагчы.

Кузюбердзін хутка стаў у краме сваім. Калі з адпачынку выйшаў той работнік, Уладзіміра пакінулі на працы. Яму нават прапанавалі перайсці на пазіцыю экспедытара. Дамовіліся, што афіцыйна аформяць на наступным тыдні, пасля Велікоднай нядзелі.

«Вова вельмі любіў Вялікдзень, абажаў усе святочныя стравы: булкі, наш кумпяк, які рабілі з хрэнам. 

У мяне ж тры браты, у іх тады ўжо таксама з’явіліся дзеці. І на Вялікдзень усе прыязджалі ў Кажан-Гарадок да маёй мамы. Вова проста балдзеў, што ў нас збіраецца вялікая сям’я, што ўсе дружна святкуем, — расказвае Святлана. — Але ў той Вялікдзень яму трэба было ненадоўга выйсці на працу». 

Уначы ўсёй сям’ёю схадзілі ў мясцовую царкву, дзе калісьці Уладзімір і Святлана вянчаліся. Адстаялі службу.

«Раніцай 11 красавіка Вова прачнуўся як звычайна… Але незвычайна са мною развітаўся, — скрозь слёзы згадвае Святлана. — Моцна-моцна мяне прыціснуў… Ніколі так не рабіў. Можа, нешта адчуваў?»

Пасля ад’езду мужа Святлана вярнулася да гатавання. Была поўная лядоўня ежы, згадвае жанчына. Думалі, што гэта на Вялікдзень, аказалася — на памінкі.

***

У той жа дзень, пакуль сям’я Кузюбердзіных рыхтавалася святкаваць Вялікдзень, у вайсковай частцы 15629, што месцілася пад Лунінцам, выпіваў салдат. 19-гадоваму Ігару Андрэеву па мянушцы «Гашыш» перадалі «пачастунак» лунінецкія сябры.

Андрэеў вырас у Лунінцы. На ўліку не быў, але яго згадвалі як чалавека з запальчывым характарам, які калі выпіваў, то «губляў галаву». У Ігара заставалася дзяўчына. Абяцала чакаць, але якраз пад Вялікдзень да Андрэева дайшлі чуткі, што да яго каханай прыйшлі ад кагосьці сваты. 

Гарачы характар, эмоцыі плюс алкаголь прывялі да бяды.

Спачатку Андрэеў забіў свайго саслужыўца Станіслава Бандарчука. Узяў аўтамат, даў чаргу ў спіну, затым дабіў стрэлам у сківіцу. 

Чаму ён гэта зрабіў — невядома і па сёння. З Бандарчуком Андрэеў быў знаёмы яшчэ да службы — магчыма, на стрэл яго падбіла тое, што ў той жа частцы служыў прапаршчыкам бацька Станіслава? Пасля пісалі, што бацька Бандарчука першым і знайшоў цела сына. А можа, Андрэева раззлавала тое, што саслужыўца сапраўды чакала дзяўчына — Бандарчук збіраўся ажаніцца са сваёй каханай пасля службы.

Пасля забойства Андрэеў спакойна пайшоў на трасу. З сабою ён прыхапіў бронекамізэльку, аўтамат Калашнікава і два ражкі патронаў. Першую машыну Андрэеў спыніць не змог — кіроўца толькі паддаў газу, убачыўшы зброю. Наступным ехаў «Жыгулёнак». Андрэеў стрэліў з аўтамата перад машынай, тая спынілася, кіроўца і пасажыры разбегліся. П’яны салдат сеў за стырно сам і накіраваўся ў Лунінец.

***

На працу ва ўніверсам Уладзімір Кузюбердзін прыйшоў у святочным: новыя туфлі і штаны, белая кашуля. Усе справы парабіў даволі хутка, яго нават адпусцілі дадому раней — ён яшчэ паспяваў на электрычку, якая ішла да Кажан-Гарадка а 12-й гадзіне. 

Але Кузюбердзін вырашыў дапамагчы калегам і трошкі затрымацца ва ўніверсаме. Казаў: не, змена яшчэ не скончылася. 

Перад тым, як з вуліцы пачуліся стрэлы, Уладзімір са звыклай усмешкай і жартамі дапамагаў у зале гандляваць яблыкамі.

У той жа момант па Меліярацыйнай вуліцы праязджаў «Жыгулёнак», за стырном якога быў п’яны салдат Андрэеў.

Выглядала, што ён збіраўся ехаць проста, але салдат заўважыў міліцыянта — па вуліцы ішоў супрацоўнік з дыпламатам у руках. Андрэеў ці то спалохаўся, ці то проста вырашыў рэзка павярнуць, але не справіўся. Машына ўрэзалася ў бардзюр і спынілася. 

З аўто выйшаў юнак з аўтаматам і адразу пачаў стральбу. Страляў па аўтобусе, які спыніўся на скрыжаванні, па балконах. Пазней палічаць гільзы — Андрэеў выпусціў 50 куль.

Побач з універсамам тады стаялі драўляныя прылаўкі — імправізаваны мясцовы міні-рыначак. Каля аднаго з іх засталася жанчына з малым дзіцём. На шчасце, салдат гэтага не заўважыў. Але жанчыну ўбачыў Уладзімір Кузюбердзін.

«З кабіны неяк задам вылез салдат, выцягнуў за сабою аўтамат і пачаў страляць. Мамачкі, думаю, уцячы не паспею! — расказвала журналісту ўкраінскіх «Фактаў» Людміла Антановіч. Гэта яе з сынам выратаваў Уладзімір Кузюбердзін. — Я прысела за прылавак, сына Алёшу прыціснула да сябе. А той усё страляе! Недалёка ад нас быў, нават чула як гільзы па асфальце стукаюцца.

Паніка была страшная. Міліцыянт так рвануў за вугал дома, што фуражку згубіў. Кажуць, ён ішоў з дзяжурства без зброі.

Я думала, будзе перазараджаць зброю — паспею забегчы ва ўніверсам. І тут каля дзвярэй з’явіўся Валодзя. Памахаў мне: сядзі, не рухайся! І кінуўся да нас. 

Схапіў Алёшу, прыкрываючы сабою панёс у памяшканне. Я за ім. Паспелі, дзякуй Богу!

Людміла Антановіч з сынам Алёшам

Валодзя аддаў прадавачцы Алёшу — і назад. Іншая прадавачка хацела яго спыніць, а ён: Людачка, там жа людзі загінуць! І пайшоў.

Пазней мы пачулі крыкі: «Забілі! Хуткую!»

Сведкі пасля расказалі: Уладзімір выйшаў, спадзеючыся супакоіць салдата. Але тот проста адразу ў яго стрэліў. 

Кузюбердзін упаў на зямлю.

Андрэеў адышоў за машыну, прысеў на кукішкі, паклаў падбародак на ствол аўтамата — і застрэліўся.

Калі прыехалі дактары, Уладзімір Кузюбердзін яшчэ дыхаў. Але ў яго была прастрэленая аорта — без шанцаў. Уладзімір памёр у «хуткай» па дарозе ў бальніцу. Да свайго 26-га дня народзінаў ён не дажыў роўна 40 дзён.

Пра смерць Уладзіміра сям’я даведалася па тэлефоне. Слухаўку зняла малодшая дачка Яна: аказалася, званіла яе хросная, якая чамусьці адразу папрасіла паклікаць кагосьці з дарослых. 

Пахавалі Уладзіміра ў Лунінцы. Прыйшоў амаль увесь горад. 

«Было цяжка патлумачыць дзецям, што адбылося. Асабліва калі прыехаў Сяргей, брат-блізнюк Вовы, трэба было іх падрыхтаваць, што гэта не тата.

На пахаванні адна з дачок плакала: не трэба класці тату ў гэтую скрыню!..»

Уладзімір з адной з дачок

***

«Шчыра кажучы, я амаль не памятаю ўвесь той год пасля смерці Вовы», — кажа сёння Святлана. 

Але ўсе памятаюць публікацыі ў прэсе. Выглядае, што каб не незалежныя журналісты, Уладзімір Кузюбердзін застаўся б адным радком у зводках з месца падзей, «выпадковым сведкам».

Намеснік начальніка раённай міліцыі Вішнявецкі тлумачыў: «Міліцыянт Кацуба не ўцякаў ад бандытаў, ён толькі схаваўся за дом. А што было рабіць? Яму падзяку трэба вынесці. За тое што прыцягнуў на сябе ўвагу бандыта і даў магчымасць людзям схавацца».

Таксама, па словах Вішнявецкага, выдатна праявіў сябе і нарад міліцыі, які прыбыў на месца: «Яны блакіравалі бандыта. Той пабачыў, што бегчы няма куды, і застрэліўся». 

Дзяржаўная прэса пісала і пра тое, што міліцыянты, якія прыбылі на месца, «не маглі прымяніць зброю праз скапленне людзей». А Уладзіміра Кузюбердзіна спачатку назвалі «загінулым выпадковым сведкам здарэння».

Але мясцовыя, якія бачылі ўсё на свае вочы, расказвалі журналістам: «Толькі калі салдат застрэліўся, мы ўбачылі, як крадзецца міліцыянт у касцы. Астатняя міліцыя прыехала пасля».

Чаму п’яны салдат змог забіць чалавека і пасля спакойна пакінуць вайсковую часць з аўтаматам у руках, ніхто пасля так і не патлумачыў. Як і тое, ці панёс пакаранне нехта з афіцэраў той самай вайсковай часці.

Праз год украінскае выданне «Факты» зноў звязалася з сям’ёй Уладзіміра.

Аказалася, што вайсковая часць выдзеліла сям’і грошы, якіх не хапіла нават на пахавальны касцюм. І тое — гэта была не афіцыйная кампенсацыя, а грашыма проста скінуліся самі вайскоўцы. 

Мінабароны пазней усё ж выдзеліла Святлане з дзецьмі кватэру — нават трохпакаёўку! — але і гэта прайшло не без праблем. Спачатку адтуль не хацеў высяляцца папярэдні жыхар, пасля аказалася, што жыллё ў жудасным стане і патрабуе рамонту.

Трохі дапамаглі раённыя ўлады: аплацілі помнік на магіле. Таксама іменем Уладзіміра Кузюбердзіна назвалі невялікую вуліцу ў прыватным сектары Лунінца. Журналіст пацікавіўся — магчыма гэта было зроблена неяк урачыста, напэўна запрасілі сям’ю? «Не, ведаеце, гэта быў звычайны працоўны дзень», — быў адказ.

І яшчэ адзін момант. Адным з беларускіх журналістаў, якія асвятлялі лунінецкую трагедыю, быў Алег Груздзіловіч. Вось толькі падзяліцца ўспамінамі ён сёння не зможа — у сакавіку 2022 года Груздзіловіч быў асуджаны на год і шэсць месяцаў калоніі па «народным» 342 артыкуле Крымінальнага кодэкса. Яго працу падчас пратэстаў 2020 года суд палічыў «удзелам у дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак».

***

Пасля трагедыі бацькі таго салдата са Святланай не размаўлялі. Хадзілі чуткі, што яны ўвогуле пераехалі ў іншы горад. 

Жанчына сама гадавала дваіх дачок. Было няпроста. 

«Мужчынскай рукі не хапала. Вова ж за ўсё браўся, ва ўсім дапамагаў. Нават калі і не разбіраўся, стараўся дапамагчы: аднойчы пайшоў садзіць цыбулю, аказалася, дагары нагамі пасадзіў, яе там паперакручвала ўсю, — з усмешкай згадвае Святлана. — Вову і па сёння суседзі, знаёмыя згадваюць добрым словам.

Цяпер я думаю, можа гэта быў лёс? Каб муж паехаў з працы раней, каб салдат урэзаўся на машыне ў іншым месцы… Кажуць жа, што ад лёсу не сысці».

Праз шэсць гадоў пасля трагедыі Святлана выйшла другі раз замуж. Нарадзіла яшчэ адну дачку. 

Сёння Святлана працягвае жыць у Лунінцы, у той самай кватэры, якую атрымала пасля смерці Уладзіміра. Працуе метадыстам у Доме культуры чыгуначнікаў. У яе адзін унук і аж тры ўнучкі — дзве з іх двайняткі, як Вова і яго брат Сяргей.

Дарэчы, лёс Сяргея Кузюбердзіна склаўся таксама трагічна. Ён застаўся жыць у Луганску. Калі ў 2014 годзе пачаліся баявыя дзеянні на ўсходзе Украіны, Сяргей пайшоў ваяваць на баку «ЛНР». У адным з баёў ён атрымаў смяротнае раненне галавы.

У сеціве можна знайсці невялікую нататку пра Сяргея: жыў у сяле Альховае, працаваў у сельсавеце кіроўцам. Двойчы жанаты. 

 «Пры ўзяцці пагранзаставы ў Пагарэлаўцы Сяргей Кузюбердзін быў цяжка паранены аскепкам у галаву. Першапачаткова ён быў шпіталізаваны ў сталічную бальніцу, але праз 2 дні перавезены з вялізнай рызыкай для жыцця ў Луганскую абласную бальніцу. Лекары не змаглі выратаваць жыццё. 11 чэрвеня [2014 года] ён памёр, так і не прыйшоўшы да прытомнасці».

Сяргей Кузюбердзін

Сяргею Кузюбердзіну быў толькі 41 год.

А сёння на баку «ЛНР» ваюе яго сын — пляменнік Святланы і Уладзіміра. 

«Я не ведаю, хто мае рацыю, хто вінаваты. Я кантактую са сваякамі з Луганска. Там людзям зараз вельмі цяжка. Пляменнік жа ваюе, муж пляменніцы таксама.

Кажуць, што Украіна пачала страляць, пасля гэтага пайшлі ў наступ расіяне. Але я не хачу казаць, хто добры, хто кепскі. Камусьці гэта ўсё было трэба — але не простым людзям, не такім як мы, — кажа пра сённяшнія падзеі Святлана. — 

А цяпер гінуць бедныя дзеці і з расійскага боку, і з украінскага. Мне шкада абодва народы, хацелася б міра, каб зноў можна было сесці на цягнік і ехаць ва Украіну альбо ў Расію. Каб зноў ніхто не пытаўся нацыянальнасць — каб усе былі проста людзі і ўсё».

«Наша Нiва» — крыніца якаснай інфармацыі і бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ «НН»
label.reaction.like
label.reaction.facepalm
label.reaction.smile
label.reaction.omg
label.reaction.sad
label.reaction.anger

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

2
Мангол / Адказаць
19.08.2022
Лёс...Але трэба знаць ворага, а не хавацца за словы кажуць. Кажуць, грошы проста на дрэве збіраюць.
3
ром / Адказаць
19.08.2022
Хорошая статья!! Жизненная! Спасибо НН
2
вот и всё / Адказаць
19.08.2022
Я не ведаю, хто мае рацыю, хто вінаваты... Але я не хачу казаць, хто добры, хто кепскі. Камусьці гэта ўсё было трэба — але не простым людзям, не такім як мы


Паказаць усе каментары/ 6 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру