— Раней мы імёны ім давалі, — расказвае Анастасія Чарняўская. — Але сёлета птушак было ўжо дзевяць. Дзе ўжо прыдумаеш столькі імёнаў? Я сама ў іх блытаюся, хоць парадкавыя нумары прызначай. Птушкі розныя — і дарослыя, і маленькія, якія атрымалі пашкоджанні, выпаўшы з гнязда. Людзі падбіраюць, паведамляюць пра гэта ў ахову прыроды, атрымліваюць у гэтай арганізацыі дазвол і вязуць буслоў нам.

Чарняўскія лечаць птушак, кормяць, даглядаюць іх, цярпліва чакаюць, пакуль яны змогуць самастойна лётаць і знаходзіць сабе ежу, потым выпускаюць на волю.

Але 15 жніўня з адным буслам здарылася бяда.

Птушку з пашкоджанай лапкай Чарняўскім прывезлі тыдзень таму з вёскі Мазалі.

— Лапка ў бусла была пашкоджана, пачалося гніенне. Мы абрэзалі падгнілую частку, перабінтавалі, лячылі птушку антыбіётыкамі, апрацавалі яе ад вошай. Два дні ў бусла была дэпрэсія, з-за якой ён адмаўляўся ад ежы. Потым мы падвялі яго да вальера з двума суродзічамі, каб паглядзеў, як яны ядуць, і яму таксама захацелася.

Па словах Анастасіі, зносіны з сабе падобнымі дапамаглі. Птушка стала есці «як не ў сябе», чатыры разы на дзень. Толькі паспявалі падносіць рыбу.

Паціху сталі выпускаць бусла пагуляць на двор. Ён махаў крыламі, распрацоўваючы іх. 15 жніўня быў шосты дзень знаходжання птушкі ў сядзібе Чарняўскіх.

— Падняўся вецер, бусел падхапіў гэтую паветраную хвалю і, нібы дэльтаплан стаў планіраваць у напрамку горада, да якога каля кіламетра, — распавядае Анастасія. — Мы з дзецьмі абышлі ўсю вёску, бліжэйшыя палі, але не знайшлі бусла. Людзі нам казалі, што бачылі, як ён ляцеў нізка над зямлёй з перабінтаванай лапкай у напрамку Лясных.

Настасся адзначае, што, калі птушку не знайсці, яна можа загінуць, проста памерці з голаду. Бусел да гэтага часу мае патрэбу ў антыбіётыках і пакуль не можа сам здабываць сабе ежу. Калі б не лапка, Анастасія не перажывала б за яго. Бусел знайшоў бы сваіх сабратаў, прыбіўся да іх, і ўсё было б добра, але ў цяперашнім яго стане гэта немагчыма.

Чарняўскія звяртаюцца да мясцовых жыхароў: калі бусел прызямліўся ў вас у двары, патэлефануйце ім па тэлефоне 8 (029) 569-77-21.

І не карміце яго салёным і смажаным.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру