13-ты дзень суда пачаўся з допыту ў якасці сведкі лідара Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргея Калякіна.

Пракурор спытаў у Калякіна, ці запрашалі яго абвінавачаныя ўдзельнічаць у змове з мэтай звяржэння ўлады неканстытуцыйным шляхам.

Калякін сказаў, што ведае трох з пяці абвінавачаных — Аляксандра Фядуту, Рыгора Кастусёва і Юрыя Зянковіча. Ён заявіў, што яму ніхто не прапаноўваў удзельнічаць у звяржэнні ўлады неканстытуцыйным шляхам, таксама яму не прапаноўвалі ўдзельнічаць у зум-канферэнцыях. Таксама Калякін сказаў, што, на яго думку, абвінавачаныя не маглі мець намераў гвалтоўна змяніць уладу ў краіне.

Сыходзячы з залы суда, Калякін пажадаў абвінавачаным поспеху.

Журналістка Святлана Калінкіна, якую ў суд выклікала абарона Фядуты, прадставілася аглядальніцай газеты «Народная воля». Яна паведаміла, што ведае Аляксандра Фядуту з 1995 года, назвала яго чалавекам-энцыклапедыяй, прыхільнікам палітыкі здаровага сэнсу і адзначыла, што ніколі не сустракала ў яго публіцыстыцы экстрэмісцкіх матываў.

Калінкіна кампліментарна выказалася і ў дачыненні да Кастусёва як палітыка і чалавека і нават папрасіла прабачэння за тое, што некалі дазволіла сабе рэзкае публічнае выказванне на яго адрас.

Учора суд па справе «змоўцаў» закрылі: паказанні даваў укаранёны ў групу сілавік.

Крымінальную справу аб спробе дзяржаўнага перавароту ў Беларусі Мінскі абласны суд пачаў разглядаць 29 ліпеня.

Па справе праходзяць Юрый Зянковіч, Аляксандр Фядута, Рыгор Кастусёў, якія абвінавачваюцца ў змове, здзейсненай з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 КК), і яшчэ два фігуранты — Вольга Галубовіч і Дзяніс Краўчук — абвінавачваюцца ў актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК).

Акрамя гэтага, Зянковічу інкрымінаванае стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва такім фармаваннем (ч. 1 арт. 361-1 КК), заклікі да захопу дзяржаўнай улады (ч. 3 арт. 361 КК), распальванне сацыяльнай варожасці, учыненае групай асоб (ч. 3 артыкула 130 КК).

Клас
23
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
9
Абуральна
15