«Візіт Прэзідэнта Турцыі ва Украіну — важкі месэдж падтрымкі з боку такой магутнай краіны. Падчас сустрэчы ў Львове мы абмеркавалі з Рэджэпам Таіпам Эрдаганам магчымасць удасканалення збожжавай ініцыятывы, сітуацыю вакол Запарожскай АЭС і ядзерны шантаж з боку акупантаў, маштабны крадзеж Расияй збожжа на часова акупаванай тэрыторыі Украіны. Таксама закранулі пытанняў абароннага ўзаемадзеяння», — паведаміў Зяленскі.

Зяленскі ўпэўнены, што далейшае пашырэнне супрацоўніцтва паміж Украінай і Турцыяй узмоцніць абодва бакі.

Акрамя таго, у Львоў сёння прыбыў і генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш, з якім у прэзідэнтаў былі запланаваныя трохбаковыя перамовы. Яны адбыліся ў закрытым рэжыме і працягваліся 40 хвілін. Паведамлялася, што на сустрэчы будуць абмяркоўвацца крокі, якія можна зрабіць для спынення ўкраінска-расійскай вайны дыпламатычным шляхам.

Напярэдадні ўкраінскі вайсковы эксперт Алег Жданаў выказаў занепакоенасць, што гэтая сустрэча можа быць не на карысць Украіны, паколькі сесці за стол перамоваў проста цяпер — расійскі план.

«Паверце, першай умовай гэтых перамоваў будзе часовае спыненне агню. Як кажуць, няма нічога больш пастаяннае, чым часовае. Расія будзе спрабаваць «засталбіць» тыя дасягненні, якія ў іх ёсць на сённяшні дзень», — прагназаваў экспэрт.

На думку Жданава, генеральны сакратар ААН увогуле займае бок Пуціна і зацікаўлены ў «таварна-грашовых здзелках» па збожжы. «У Рэджэпа Эрдагана свае віды на гэтую вайну. У яго свае дамоўленасці з Расіяй. Ён не ўводзіць санкцыі супраць Расіі, яны сустракаліся [з Пуціным] 5 жніўня ў Сочы і пра нешта дамовіліся», — нагадаў ён.

Заклікі да перамір'я з Расіяй Жданаў назваў «небяспечнай сітуацыяй». «Я так разумею, прэзідэнта Зяленскага будуць ўгаворваць падпісаць мір з Расіяй. На тых умовах, якія вылучае РФ», — дадаў эксперт. Ён таксама звярнуў увагу на тое, што ў дадзеных перамовах не ўдзельнічаюць ЕС і ЗША, што «насцярожвае». 

Клас
4
Панылы сорам
4
Ха-ха
3
Ого
5
Сумна
1
Абуральна
16