«Эстонія больш не пускае расіян у краіну — хіба гэта не генацыд, таварышы?» — пад такім загалоўкам ідзе сюжэт пра забарону на ўезд у Эстонію расійскіх турыстаў.
Можна доўга спрачацца з тым, наколькі мера краін Балтыі ў адносінах да ўладальнікаў расійскіх пашпартоў правільная ці няправільная, можна яе крытыкаваць, але падобныя абмежаванні не маюць ніякага дачынення да генацыду.
Генацыд — гэта знішчэнне людзей па прыкмеце паходжання. Напрыклад, турэцкі генацыд армян, нацысцкі генацыд яўрэяў і цыганоў, камуністычны генацыд палітычных праціўнікаў у Камбоджы, генацыд тутсі ў Руандзе і гэтак далей.
Ставіць у адзін шэраг пакуты расіян ад немагчымасці паехаць у турпаездку ў Эстонію і пакуты народаў, якія пацярпелі ад рэальнага генацыду, — сапраўднае блюзнерства.
Вось што кажуць прапагандысты далей.
«Цікава, што 40 гадоў таму галоўная прэтэнзія праваабаронцаў да Савецкага Саюза была ў тым, што ён абмяжоўваў свабоду выезду грамадзян. А вось абмяжоўваць свабоду ўезду, аказваецца, — гэта, наадварот, мера цывілізаваная і дэмакратычная», — каментуюць прапагандысты, паказваючы сваё неразуменне таго, як працуе міжнароднае права.
Паводле Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, кожны чалавек мае права пакiдаць любую краiну, уключаючы сваю ўласную, i вяртацца ў сваю краiну.
Магчымасць выехаць з краіны — права чалавека. А вось магчымасць уехаць у іншую краіну — не права, а прывілей. Ніякай «свабоды ўезду» з пункту гледжання міжнароднага права не існуе.
Кожная краіна самастойна вырашае, каго пускаць, а каго не пускаць на сваю тэрыторыю. Менавіта для гэтага і былі прыдуманыя візы і дазволы на пражыванне. І Беларусь тут не выключэнне.





