1. Шакалад

Усе прадукты з какава ў складзе ўтрымліваюць тэабрамін. Гэта хімічнае рэчыва, таксічнае для сабак. Нават невялікая яго колькасць можа выклікаць дыярэю, ваніты і пачашчанае мачаспусканне. У вялікіх колькасцях тэабрамін аказвае стымулюючае дзеянне на цэнтральную нервовую сістэму, выклікае звужэнне сасудаў і ўзмацняе скарачальнасць шкілетных і сардэчных мышцаў. Сабака робіцца неспакойным, празмерна ўзбуджаным, можа пачаць дрыжаць і задыхацца. Без медыцынскай дапамогі можа наступіць кома і цыяноз. Шакалад сапраўды вельмі небяспечны для нашых гадаванцаў. Яго катэгарычна нельга даваць.

У 100 г малочнага шакаладу змяшчаецца прыкладна 150-220 мг тэабраміну. Такая ж колькасць чорнага шакаладу ўжо змяшчае каля 450-1600 мг.

Смяротная доза тэабраміну для сабакі складае 90-250 мг на кг масы цела.

2. Жуйкі і ледзяшы

Усё таму, што ў гэтых прадуктах утрымліваецца ксіліт — часты дадатак, які натуральным чынам ёсць у многіх відах гародніны і садавіны. Для чалавечага арганізма гэта больш карысная версія цукру, аднак гэты натуральны падсаладжальнік вельмі хутка ўсмоктваецца ў кроў сабакі, пасля чаго рэзка павышаецца ўзровень цукру ў крыві. У адказ падстраўнікавая залоза пачынае выпрацоўваць дастаткова вялікую колькасць інсуліну. Паніжаны ўзровень цукру ў сваю чаргу выклікае небяспечную для жыцця жывёлы гіпаглікемію.

Першыя сімптомы атручвання ксілітам — ваніты, якія з'яўляюцца праз 15-30 хвілін пасля прыёму ежы. Гіпаглікемія развіваецца цягам 48 гадзін пасля харчавання. Яна можа выклікаць раптоўную апатыю і нават страту прытомнасці. Жывёле патрэбна як мага хутчэй аказаць ветэрынарную дапамогу. На працягу 72 гадзін павінен быць дагляд, кантроль ўзроўню цукру і стану печані, якая можа быць пашкоджана праз дзеянне таксіну.

Таксічная доза: 0,1 г на кг масы цела.

3. Вінаград і разынкі

Да сёння не даследавана, якое менавіта рэчыва аказвае таксічнае дзеянне на арганізм сабакі, але вядомыя выпадкі сур'ёзных атручванняў пасля ўжывання вінаграду і разынак. Як рэчыва, якое шкодзіць сабакам, так і доза, якая аказвае таксічны эфект, застаюцца загадкай. Фіксаваліся выпадкі, у якіх з'ядзенне некалькіх вінаградзін прывяло да такіх сімптомаў, як ваніты і дыярэя, смага, падвышанае слінавыдзяленне, адсутнасць апетыту.

Самым небяспечным наступствам ўжывання гэтых пладоў з'яўляецца паражэнне нырак. З іншага боку, зафіксаваныя выпадкі, калі ў сабакі не з’яўлялася ніякіх сімптомаў нават пасля таго, як ён з’еў больш за кілаграм гэтай садавіны.

Таксічная доза: для разынак 11,5 г на кг масы; для вінаграду 30 г на кг масы.

4. Цыбуля і часнык

Са слоў нашых бабуль, яны крыніца здароўя і лекі ад прастудных захворванняў, але не для сабак! У цыбулі ўтрымліваюцца таксічныя для жывёл фенолы і дысульфіды, якія разбураюць эрытрацыты, што прыводзіць да анеміі. Часнык робіць тое ж самае. Калі мы гатуем сабе, то часта дадаём туды гэтую гародніну, таму варта памятаць, што такая ежа з'яўляюцца атрутнай для сабак.

Калі ў першыя дні можна чакаць ваніты і дыярэю, то астатнія сімптомы з'яўляюцца нават праз тыдзень. Гэта пачашчанае дыханне, пачашчанае сэрцабіццё, млявасць, змяненне колеру мачы, пажаўценне слізістых абалонак. 

Таксічная доза: 5 г на кг масы цела.

5. Міндаль

Часты дадатак да тартоў і дэсертаў, а таксама карысны перакус, які яшчэ раз наглядна паказвае, наколькі метабалізм сабакі адрозніваецца ад нашага. Міндаль змяшчае амідзін. Адным з прадуктаў распаду гэтага злучэння з'яўляецца цыяністы вадарод — вельмі моцны таксін. Калі сабака глытае міндаль цалкам, ён звычайна выводзіцца з арганізма ў нязменным выглядзе. Пры атручванні цыяністым вадародам кісларод не засвойваецца клеткамі арганізма, і смерць надыходзіць у выніку так званай ўнутранай асфіксіі.

Смяротная доза: адзін горкі міндаль або некалькі салодкіх міндаляў для сабакі сярэдняга памеру.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
3
Сумна
0
Абуральна
0