Вядоўца і выступоўца канцэрту Салідарнасці з Беларуссю ў Сопаце. Фота: асабісты архіў

Вядоўца і выступоўца канцэрту Салідарнасці з Беларуссю ў Сопаце. Фота: асабісты архіў

«Дачцэ сняцца страшныя сны, у якіх яна мяне кліча»

Валярына Кустава з’ехала з Беларусі ў 2021-м. Паэт (Валярына просіць прадстаўляць яе менавіта так. — НН) называе гэта «эвакуацыяй». 

«Я нават не мела трывожнай валізкі, бо ніколі не збіралася з'язджаць. Да апошняга. Зрэшты, з-за гэтага пацярпела, бо ехала з адным заплечнікам, 70 рублямі і бутэлькай вады. І яшчэ з прыгожай зялёнай сукенкай, якую я павінна была вярнуць сяброўцы. Але мы так больш і не пабачыліся. Вось ужо больш за год у ёй выступаю, вяду імпрэзы, сукенка сталася развітальным падарункам для мяне», — расказвае яна. 

У той самай сукенцы-падарунку ад сяброўкі. Фота: асабісты архіў

У той самай сукенцы-падарунку ад сяброўкі. Фота: асабісты архіў

Пасля «эвакуацыі» Валярына працягнула весці праграму «Беларус беларусу» на Белсаце. 

«Праца — гэта тое, чым ратавалася. Я і мае гледачы падтрымлівалі маіх герояў у праграме, мяне ж падтрымлівалі мае сябры.

Дзякуючы гэтаму ўстаяла на нагах. Не магу сказаць, што магу дыхаць на поўныя грудзі, але на шляху да гэтага. Таксама вяду імпрэзы і канцэрты салідарнасці для беларусаў у розных гарадах Польшчы», — кажа яна. 

Наколькі Валярыне вядома, у Беларусі на яе заведзены дзве крымінальныя справы — па артыкулах 293 («Арганізацыя масавых беспарадкаў») і 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). 

«Агулам мяне абвінавачвалі ў нібыта арганізацыі фінансавання пратэстаў і нібыта нясплаце падаткаў за гэта. Абсурдна нават гучыць. З маім адвакатам органы не вельмі ідуць на кантакт.

Наколькі я ведаю, з кватэры, дзе жыла, была канфіскаваная тэхніка, з якой спрабавалі ўзламаць маю пошту. Было некалькі ператрусаў, і кватэра апячатаная да гэтага часу, хаця гэта нават не мая нерухомасць, маіх блізкіх. У мяне нідзе няма ўласнасці, я паэт, адкуль?» — дзеліцца яна. 

Калі жанчына экстранна з’язджала, была вымушана пакінуць у Беларусі сваю двухгадовую дачку Дзіву. Пабачыла яна яе ў Польшчы толькі праз месяц. 

«Давялося Дзіву вывозіць складанымі шляхамі. Аб’ездам, праз некалькі краінаў. У яе эмацыйная траўма праз гэта. Без папярэджання яна больш чым на месяц страціла маму. Ёй сніліся страшныя сны, у якіх яна мяне клікала. Потым яна рабіла мне такія прад’явы, што вось яна да мяне ехала самалётам, цягніком, аўтобусам, а я ўсё не з’яўлялася і не з’яўлялася.

Дзіва крычала ад радасці, калі мяне пабачыла. Бадай, гэта была самая эмацыйная падзея», — згадвае яна. 

«Брудны дзіцёнак — шчаслівы дзіцёнак»

Першы час дзіця было складана з новай мовай.

«І нават цяпер яна збольшага разумее польскую, часам ужывае ў гульні нейкія словы, але перажывае, што не можа паўнавартасна выказваць думкі па польску з польскімі дзеткамі і выхавацелькамі, — кажа Валярына. — Яе гэта бянтэжыць. Па-беларуску яна выдатна размаўляе, ведае і рускую ў сілу абставінаў. У садку таксама пачала вывучаць ангельскую.

Яна дзялілася са мной гэтай праблемай. Я параіла ёй спрабаваць размаўляць з памылкамі ці па-беларуску. Дзіве нават авацыю зладзілі ў садку, калі яна ўпершыню сказала па-польску. 

У садку яна самая меншая, трапіла туды, калі ёй не было яшчэ трох гадоў. Дзеці ставяцца да яе як да малодшай сястры». 

На прэзентацыі кнігі Аляксея Дзікавіцкага «Оньдэ» у Беларускім Доме ў Варшаве. Фота: асабісты архіў

На прэзентацыі кнігі Аляксея Дзікавіцкага «Оньдэ» у Беларускім Доме ў Варшаве. Фота: асабісты архіў

Валярына прызнаецца, што ўвесь час хоча вярнуцца дадому і гэта яе мучае. Адзінае, што яе цешыць, — дачка атрымлівае чалавечае, еўрапейскае стаўленне і адукацыю.

«Тут выхавацелькі кажуць, што брудны дзіцёнак — шчаслівы дзіцёнак. Дазваляюць ім пэцкацца, няма ніякіга фізічнага гвалту, крыку. Затое ёсць танцы, тэатр, замежныя мовы, розныя майстар-класы і агульнаразвівальныя заняткі. Думаю, што гэта дапамагло ёй неяк эмацыйна адаптавацца. Адзінае, чаго вельмі не хапае для яе, — кніжак па-беларуску. Таму цяпер мы з сябрамі нават задумалі зрабіць клуб для дашкалят, бо ўсё нацыянальнае закладаецца з самага маленства. 

У цэлым Дзіва кантактны дзіцёнак, але ёй чамусьці больш падабаецца з дарослымі камунікаваць. Таму шукаем цяпер асяродак з дзецьмі, бо гэтага бракуе. А для розных гурткоў, якія адбываюцца цяпер па-беларуску ў Варшаве, дачушка яшчэ замаленькая», — расказвае яна.

Самым складаным для Валярыны быў момант, калі дачкі не было побач з ёй. Яна тады схуднела на 15 кілаграмаў ад стрэсу. 

«Гэта быў самы вялікі стрэс у жыцці. 

Пасля я думала не пра сябе, не пра тое, што мне складана, а пра дачку, родных. Нават есці не магла. Думала, як мне іх усіх падтрымаць. Цяпер мне трэба забяспечваць не толькі нас з дачкой, але і блізкіх. 

Валярына ў першы месяц пасля выезду з Беларусі. Фота: асабісты архіў

Валярына ў першы месяц пасля выезду з Беларусі. Фота: асабісты архіў

Бадай, хацелася б якога-небудзь сяброўскага, партнёрскага пляча, з якім можна будзе дзяліць не толькі радасці. Але пакуль Бог не даслаў мне такога чалавека. 

Ведаеце, раней думала, што я экстраверт, а аказалася, што інтраверт. Шмат праводжу з сабой часу, шмат аналізую. Жывём у час вайны, рэпрэсій, калі важна пражываць жыццё, цаніць яго. Хочацца гэтыя радасці дзяліць з блізкімі, дачкой і не толькі», — тлумачыць яна. 

«Мульцікі, гаджэты я дачцэ не паказвала амаль што да трох гадоў» 

Валярына таксама падзялілася лайфхакамі, як выхоўваць дзіця і пры гэтым працаваць. 

«Памятаю, што апошнюю планёрку правяла за два тыдні да родаў. Праз тры тыдні пасля таго, як нарадзіла, пачала актыўна працаваць. Калі дачцэ было тры месяцы, ездзіла ўжо з ёй з лекцыямі і трэнінгамі па ўсёй Беларусі. І нават ездзіла з Дзівай, калі тая яшчэ не ўмела хадзіць, на выступ на тыдзень у Лондан, па запрашэнні беларускай дыяспары.

Яна за першыя некалькі гадоў пабывала са мной, бадай, у сямі краінах. Увесь час, пакуль я яе карміла грудзьмі, мы падарожнічалі разам. І мне так было прасцей пражываць разрыў асабістых стасункаў.

Лайфхак у тым, каб знайсці тое, што вас ратуе. Падаецца, што быць з дзіця сам-насам яшчэ цяжэй. Мне пашанцавала, што дачка рана пачала размаўляць, яна фармулюе думкі, можам з ёй дамаўляцца.

На беларуска-ўкраінскім інтэграцыйным пікніку-канцэрце, які Валярына вяла ў Беларускім Доме ў Варшаве. Фота: асабісты архіў

На беларуска-ўкраінскім інтэграцыйным пікніку-канцэрце, які Валярына вяла ў Беларускім Доме ў Варшаве. Фота: асабісты архіў

Мульцікі, гаджэты я дачцэ не паказвала амаль што да трох гадоў. Такім чынам яе не займала. Потым пачала ёй паказваць адукацыйны кантэнт. Цяпер у яе такі ўзрост, што ёй не сядзіцца на месцы. 

Неяк трэба было мне зрабіць працоўныя тэлефанаванні, прапанавала ёй уключыць мульцік, але яна адмовілася, папрасіла расказаць казку. Яна больш любіць чалавечую камунікацыю. Мне нават параілі запісваць мае казкі на аўдыё, бо казкі ў нас атрымліваюцца на ўсе выпадкі жыцця.

Напрыклад, прыдумала адну, каб навучыць Дзіву чысціць зубы, яшчэ годзіка ёй не было. Да бегемоціка прылятала птушачка кожны вечар і правярала, што ён есці за дзень, глядзела зубы. І калі мы чысцім іх, птушачка нібыта глядзіць у роцік, расказвае, што за рэшткі ежы засталіся. Яе весяліць, калі я ўгадваю: вось кашка, вось печыўка, вось мяска… І так прыдумляю пра іншыя бытавыя сітуацыі. 

Гаджэты мінімальна прысутнічаюць у жыцці, і гэта не тое, што дачка вельмі любіць», — кажа яна. 

Тэлевядучая лічыць, што ў эміграцыі важна размаўляць з дзецьмі па-беларуску. Гэта адна з магчымасцей, каб не страціць свае карані. 

«Дзіве пашанцавала, што ўвесь яе род займаўся мовай, развіццём нашай нацыянальная культуры — мая мама, бабуля, прабабуля. Беларуская — мова маіх прыватных стасункаў і сямейных.

Падаецца, што міні-Беларусь ужо ў Польшчы ёсць, бо эвакуявалася даволі шмат людзей. Гэта таксама асяродак, з якім Дзіва камунікуе. Дзе мы разам, там і Беларусь», — кажа яна.

Некаторыя жанчыны перажываюць, што свае лепшыя гады жыцця яны поўнасцю трацяць на выхоўванне дзіця. Што думае на гэты конт Валярына?

«А на што трэба іх траціць? Здаецца, на каханне, на дзіця, на рэалізацыю. А якія яшчэ варыянты?

Што для каго важна. Цяпер першага у мяне няма, я ў разводзе (яна была замужам за драматургам Васілём Дранько-Майсюком, месяц таму яны афіцыйна развяліся. — НН). Душа ачышчаецца, і я ведаю, што сустрэну сваё каханне, калі прыйдзе час. Але дзіця і свая справа — тое, што дае крылы. Я ўвогуле люблю жыццё, хаця апошнім часам яго любіць усё складаней: вайна, сябры ў турмах, страта свайго дому. 

Зразумела, што калі ты замкнёны разам з дзіцяткам у кватэры, то, канешне, можна ашалець. Трэба мець пэўны псіхалагічны склад, каб даць рады з гэтым усім. Часта сучасная жанчына трапляе ў такія ўмовы, калі яе партнёр, родныя не разумеюць гэтага. Немагчыма ўвесь час быць у рэсурсе. На шчасце, мае блізкія сяброўкі і мае бацькі мяне ў гэтым падтрымалі. 

Напрыклад, для мяне як для літаратара вельмі важна асабістая прастора. Калі з’яўляецца дзіця, яна знікае. Гэта такая траўма, бо сам сабе не належыш. Няпросты перыяд, які я працягваю праходзіць», — дзеліцца яна. 

Фота: асабісты архіў  

Фота: асабісты архіў

«Вельмі хачу напісаць верш пра каханне»

Валярына стараецца заўсёды даваць дачцэ магчымасць заставацца сабой. 

«У мяне ёсць флэшбэкі пра сваё маленства, ведаю, дзе ў мяне не было такой магчымасці, нават пры тым, што лічу сваіх бацькоў добрымі, яны рабілі ўсё, што ад іх залежала, каб даць мне найлепшае ў жыцці. І цяпер, як могуць, падтрымліваюць мяне, а я іх, — дзеліцца яна. —

Я дапамагаю дачцэ выказаць свае пачуцці, эмоцыі. Нават калі вонкава гэта выглядае не вельмі прымальным для асяродку. І гэта класна, што яна ўмее разумець свае эмоцыі і іх пражываць, бо калі для дзіця не зразумела, што яно адчувае, і яго яшчэ ў гэтым спыняюць, то атрымліваецца траўма, якая заганяецца ва ўнутр». 

Валярына лічыць, што караць дзіця фізічна нельга. І калі яно выбачаецца, то адназначна варта выбачаць не толькі на словах, але і эмацыйна не заставацца халодным. 

«Не павінна быць двайных пасланняў да дзіцяці, каб у ладзе засталася душа з целам, эмоцыямі. Заўсёды спрабую патлумачыць, што мне баліць, што засмучае. 

Зразумела, што самы класны прыклад, калі ты сам так робіш і хочаш, каб яна так рабіла. Напрыклад, з салодкім. Я ела і любіла марозіва. І яна паціху пачала. Цяпер я перастала, і Дзіва можа пару разоў лізнуць — і даводзіцца астатнім частаваць коцікаў», — расказвае яна. 

Апошнім часама у Валярыны вершы нараджаюцца значна радзей, чым раней. Але яны больш канцэнтраваныя. 

«Бывае так, што столькі болі, што ажно мову займае. І цяпер атрымліваецца, з аднаго боку, мая душа перажывае неймаверны боль, а з іншага — ува мне заўжды жывуць і гадуюцца і дзіцячыя казкі для дачкі, бо сама малая вымагае гэтага. І мне так прасцей ёй тлумачыць свет. Але я вельмі хачу зноў пачаць пісаць пра каханне. Хаця ўнутры ў меня цяпер толькі свабода. Але, мо, тое і добра», — кажа яна. 

Калі мы папрасілі Валярыну апісаць гэты няпросты час і сваё адчуванне ў ім некалькімі радкамі, то яна сказала словамі са свайго верша: 

«…Чуеш над касцёлам чырвоным звон? Беларусь — гэта мы, а не ён!»

«Захапляюся тымі хлопцамі і дзяўчатамі, якія абралі нават не застацца ў краіне, а сесці. Яны нашы супергероі, — дзеліцца паэт. — Мяне вельмі падтрымліваюць рэдкія лісты, якія я атрымліваю з-за кратаў. У іх такая моц і падтрымка, якая змушае мяне не спыняцца і рухацца наперад». 

Чытайце таксама: 

«Тыгранём адзеўся кот і прыйшоў на Новы год». Новы мультверш ад Андрэя Скурко 

«Пакіньце жыццё мне!» Як савецкая цэнзура змусіла Пімена Панчанку замяніць канец хрэстаматыйнага верша

«Тыбецкі след» ды «Пагоня» на маскоўскіх грошах. Выйшла раскошная кніга пра манеты ВКЛ

Клас
49
Панылы сорам
3
Ха-ха
3
Ого
9
Сумна
14
Абуральна
11