Яны паўтаралі гэтую фразу як заклінанне: «Вам лепш разысціся дзеля вашай і нашай бяспекі»

У дзень рэферэндуму, на чацвёрты дзень пасля нападу Расіі на Украіну, Рыгор з жонкай і сынам прыйшоў да свайго выбарчага ўчастка. Пасля галасавання чалавек 15-20 засталіся ў школьным дворыку абмеркаваць тое, што адбываецца.

«Уздоўж школы курсавалі бусы. Было зразумела па гісторыях з 2020 года, што гэта бусы, якія належаць рэжыму. І ў адзін з момантаў, я нават не зразумеў калі, чатыры чалавекі без ідэнтыфікатараў, у масках апынуліся на тэрыторыі школьнага двара. Краем вуха я пачуў з іх боку: «Вам лепш разысціся дзеля вашай і нашай бяспекі». Мяне так гэтая фраза зацікавіла — я вырашыў падысці.

Яны вялі гутарку з 3-4 жанчынамі, старэйшымі за мяне гадоў на дзесяць. І паўтаралі гэтую фразу як заклінанне. Я пацікавіўся: «А якая тут можа быць небяспека? Вам штосьці пагражае ці нам?» А я быў апрануты так цікава: жоўтая шапка і блакітны шалік. Яны ўсе чатыры мяне, як аўчаркі здабычу, схапілі поглядам. Кажу: «Вы ж атрымалі заданне, відаць, актыўных прыбіраць. Можаце мяне ўзяць». Мяне ўзялі пад рукі, павялі ў бус».

Чатырохгадовы сын Рыгора ў той момант катаўся на бегавеле побач. 14 сутак ён цярпліва чакаў тату, разам з мамай ішоў сустракаць яго да Акрэсціна… Але ў той дзень так і не дачакаўся. Гэта хлопчык перажываў мацней, чым калі яго бацьку адводзілі невядомыя.

«Ведаеце, на травеньскія святы ў парк Горкага хадзілі, — прыгадвае Рыгор. — Аўтазакі ж стаяць. «Тата, а што гэта? Навошта?» — на аўтазак. І я разумею, што будучыня прыходзіць нашмат хутчэй, чым ты гэтага чакаеш. З саду прыносіць: «Зараз паліцыя прыйдзе — і цябе пасадзяць у турму». Ненармальныя паводзіны для дзяцей такога ўзросту. І я разумею, адкуль гэта бярэцца. Гэта дапамагае прымаць рашэнні».

«Не перажывайце, зараз вас апытаюць і адпусцяць». Дрэсіраваныя жывёлы павінны знаходзіцца ў спакоі

«У бусе я быў першым. Пачалі катаць па горадзе. Папрасілі тэлефончык тут жа разблакаваць. Я сам аддаў. Прагарталі, вярнулі. Мы мірна вялі гутаркі з імі. Маладыя яны, да 25 гадоў, як камандзір, так і падначаленыя. Ім было вельмі цікава, «навошта гэта нам трэба». Я растлумачыў, што ёсць такое паняцце — «сумленне», яно часам не дае людзям заплюшчваць вочы.

Пасля гэтага адзін з тых, што гутарыў са мной, шапнуў галоўнаму наконт таго, каб мяне адпусціць. Але той адказаў, што гэта ўжо немагчыма, ён ужо паведаміў, што ў іх ёсць адзін «карандаш». «Карандашы» — гэта мы. У бусе далі патэлефанаваць жонцы.

Праз гадзіну без аніякіх тлумачэнняў проста з машыны вынулі яшчэ дваіх людзей. Яшчэ праз гадзіну паступіла каманда згружаць нас у РУУС Савецкага раёна. Не ведаю чаму, але мяне аднаго завялі ў падвал. Там знаходзілася чалавек 20-30. Канвеер працаваў бесперапынна, каб людзі прыязджалі на Акрэсціна ўжо гатовыя: ашнураваныя, з забранымі тэлефонамі, з рэчамі, спакаванымі ў пакецікі. Каб работнікам ІЧУ не даводзілася перапрацоўваць. Акуляры ў мяне там таксама забралі.

Адтуль у аўтазаку мы прыехалі, як потым высветлілася, у РУУС Партызанскага раёна. Там досыць шмат людзей сядзела, на сотні ішла лічба. Да кожнага падыходзіў супрацоўнік РУУС з планшэцікам і пытаўся пра акалічнасці затрымання. «Не перажывайце, зараз вас апытаюць і адпусцяць». Дрэсіраваныя жывёлы павінны знаходзіцца ў спакоі.

Вадзілі да работнікаў пракуратуры. Паказалі мне пратакол, дзе я быў затрыманы па адрасе, якога я ведаць не ведаю, і на 2,5 гадзіны пазней за рэальнае затрыманне. Я наўпрост работнікам пракуратуры заявіў, што яны з'яўляюцца сведкамі фальсіфікацыі і фабрыкавання спраў. Але мне закрылі рот: «у працэсуальным парадку вы можаце…» Адчувалася поўная іх беспакаранасць.

Там я пазнаёміўся з будучымі сукамернікамі. Быў адзін са слядамі пабояў — прыпухласці і ранкі былі, бачна, што балела ўсё ў яго, ён дрыжаў, бедны. Кажа, паставіў два крыжы ў бюлетэні, і хтосьці ўбачыў».

Яшчэ адзін збіты чалавек сустрэўся Рыгору ў адной з камер ІЧУ на Акрэсціна.

«Прывезлі чалавека, які ў супермаркеце спытаў у начальніка мінскага АМАПа Балабы: «Як табе спіцца пасля ўсяго, што ты зрабіў?» Потым гэты чалавек з'ехаў у Тайланд на два месяцы, калі вярнуўся, яго ў аэрапорце арыштавалі, збілі і па канвееры — на Акрэсціна. Ён не мог нават сядзець, ляжаў і дрыжаў, быў увесь апухлы. І калі распавядаў сваю гісторыю, было незразумела, ён заікаецца ад болю, ад спалоху ці і ад таго, і ад другога».

З намі прыйшоў знаёміцца «сведка», які бачыў нашы затрыманні па пратаколе — блытаўся, пытаўся прозвішчы

Бліжэй да ночы ў перапоўненым аўтазаку Рыгора прывезлі ў ІЧУ на Акрэсціна. Цяпер ён дзівіцца, што ў яго першай камеры былі матрацы, а перагруз быў максімум раза ў паўтара — вельмі нетыпова для Акрэсціна. Але гэта неўзабаве выправілі.

«У жонкі нейкім цудам атрымалася высветліць, што мая справа будзе разглядацца ў Партызанскім судзе, і яна паспела папярэдзіць адваката. Хоць на Акрэсціна не хочуць даваць інфармацыю родным. Пры спробе высветліць па тэлефоне нічога не адказваюць, праз перагаворную прыладу на тэрыторыі двойчы з трох разоў жонцы казалі, што мяне няма, пры тым што я знаходзіўся ўвесь час у ЦІПе.

Суд быў анлайн. Калі мы, 50-80 чалавек, стаялі ў калідоры, следчы ўпершыню нас назваў «спадары катаржнікі». Вось у гэтых момантах выяўляецца іх усёдазволенасць.

З намі прыйшоў знаёміцца «сведка», які бачыў нашы затрыманні па пратаколе, — каб ён разумеў, хто ёсць хто. Блытаўся, пытаўся прозвішчы. Ён сведчыў адразу супраць 5-10 людзей. Чалавек, якога я ў першы раз у жыцці бачу, сведчыў, што мяне затрымліваў. Думаю: паглядзім, як яны будуць выкручвацца з нагоды рэальных сведак — жонкі маёй, сябра». 

Я начаваў у «выбарчым участку»: галава ў кабінцы, а ногі на дварэ

«Пад такім напорам несупадзенняў суддзя адправіў справу на дапрацоўку. І тут я сістэмай быў ідэнтыфікаваны як нязгодны. І мяне ўжо загрузілі не ў маю лайтовую камеру, а… у «выбарчы ўчастак». У двухпакаёвай камеры, мабыць, у 40 кв. м знаходзілася чалавек 40-50. Пра ложкі гаворкі ніякай не было. Я вось начаваў у «выбарчым участку»: галава ў кабінцы, а ногі на дварэ. Вельмі шмат людзей, ідзеш — глядзі, каб на галаву не наступіць. Там я правёў дзень ці два.

Усе налады сістэмы працавалі на тое, каб зняважыць цябе і ціснуць, каб ты страціў усялякую матывацыю і пагадзіўся з тым, што ты кавалачак экскрыментаў, які з нейкага перапуду раптам разявіў рот.

Да наступнага суда новы пратакол падагналі пад паказанні відавочцаў. Ужо «сведка» знаходзіўся ўбаку і чуў, нібы я крычаў «Не вайне», «Не незаконнаму рэферэндуму». Я спытаў, ці быў у яго працоўны тэлефон з сабой, прапанаваў узяць білінг гэтага тэлефона… Суддзя спярша ўхваліў, але хутка зразумеў, што трэба ўключаць задні ход, і адхіліў хадайніцтва. Выпісаў мне 14 сутак.

Паспаўшы ў «выбарчым участку» ў асяроддзі калегаў, я зразумеў, што для сістэмы правіл не існуе зусім, дакладней, яна іх змяняе паводле свайго меркавання, зыходзячы з задач. Што мог, я зрабіў, цяпер трэба спрабаваць вызваліцца з гэтай сітуацыі. Але дзеля падбадзёрвання таварыша суддзі і для сведак маіх, як пацверджанне, што я нармальны, у канцы пасяджэння я сказаў: «Слава Украіне»».

Вертухаі падбадзёрвалі, што ў 2020-м яшчэ 15 чалавек у гэтую камеру ўлазіла

«Трапіў я ў яшчэ гусцей населеную камеру. Гэта быў першы раз, калі я адчуў, што такое недахоп паветра. Я быў рады, што пад нарай знайшоў пашкоджанне ў падлозе, і мне адтуль удавалася дыхаць. Вертухаі падбадзёрвалі, што ў 2020-м яшчэ 15 чалавек у гэтую камеру ўлазіла. Сістэма ўдасканаленая, кожная шрубка выконвае сваю працу і пачуваецца абсалютна ў норме — і аркестр атрымліваецца цудоўны: на выхадзе прыгнечаная воля і ніякіх жаданняў аднаўляць наведванне.

Перагруз, напэўна, вымяраецца ў іх у каэфіцыенце — на адну койку 6-8 чалавек. Такую норму падтрымлівалі. Але гэтага ім было мала. Яны гуляліся: маглі 5 чалавек узяць з адной камеры, перавесці ў іншую, 7 прывесці ў гэтую. І гэта адбывалася раз на дзве гадзіны прыкладна. Мы гэта назвалі «тэтрыс». І ўдзень, і ўначы, каб людзі не маглі выдыхнуць, каб увесь час адчувалася нервовасць.

Падчас «тэтрыса» яны самі блытаюцца, хто дзе. Потым шукаюць у камерах. У момант «тэтрыса» яны маглі закінуць чалавека, які сядзіць па пратэсным артыкуле, да звычайных. Шасцімясцовая камера праз калідор — пяць коек запоўнена, са спальнымі прыналежнасцямі, мылам, туалетнай паперай, без прусакоў, з кніжкамі. Сукамернік там правёў два дні — потым спахапіліся. Кажа: «Хлопцы, я быў на курорце».

Хлопцы, нібы чумныя, пачалі падпаўзаць пад дзверы падыхаць

«У ЦІП таварыш прапаршчык нас сустракаў: «Наркаманы, п'яніцы, няма звычайных людзей. Украіна — нацысты, жыўцом ядуць і раскрыжоўваюць дзяцей. Што, вы хочаце, як ва Украіне?» І вось гэта ўсю дарогу.

Там мы цешыліся, калі нас у шасцімясцовай камеры было 25 чалавек, і пачыналі смуткаваць, калі нас было 31-33. На нарах спаць дрэнна, таму што жалезныя пруты, на падлозе спаць дрэнна, таму што клапы. Калі кладзеш кавалак хлеба на стол, то на працягу 15 секунд яго ўжо ядуць 3-4 прусакі. У астатніх камерах іх не было.

Зранку мы выявілі, што вентыляцыя перастала працаваць. На працягу дзвюх гадзін адчувальна паднялася тэмпература, ацяпленне ж працавала нармальна тады, па сценках пачаў цячы кандэнсат. Акно знаходзіцца за кратамі, якія не даюць яго прыадчыніць. Але ручак там усё адно не было. Кармушку ні ў якую не адкрываюць. Пачалася ў нас такая душагубачка.

Другая ноч была крытычная. Спаць не атрымлівалася. Гэта быў паўнепрытомны стан, як падчас трызнення, свядомасць затарможаная, зблытаная. І гэта на фоне пабудак. Людзі пачалі скардзіцца на тое, што ў іх канечнасці пухнуць. Намагаліся менш рухацца, не размаўляць.

Я выявіў а 4-й раніцы, што таварышы некаторыя ўжо не храпуць, а пасіпваюць злёгку, і такія яны падсінелыя сталі. Я рэальна глядзеў: тыя, хто спіць, дыхаюць яшчэ ці не. І мне блага самому было, сэрца балела, пульс пачашчаны. Зверху споўз, лёг пад дзверы, а там шчыліна невялікая. Потым хлопцы, нібы чумныя, пачалі падпаўзаць пад дзверы дыхаць. Так мы да ранішняга пад'ёму пратрымаліся.

Я даваў зваротную сувязь вертухаям: «Вы там, садзюгі, адчыніце паветрам падыхаць трошкі, тут зусім у нас дрэнна». На шмоне нам выдалі ключы ад кратаў, мы змаглі зрабіць прыстасаванне, якое дазволіла адчыняць акно.

Мне стала абсалютна зразумела, як гэта працавала ў 1937-м годзе. Калі ім скажуць: «Расстраляць іх усіх» — без праблем. Ім так нават лягчэй будзе, а то рэчы трэба нейкія выдаваць. Калі людзі падыхаюць, поўзаюць, але ім кажуць: «Глядзіце, каб не здохлі», — яны гэта робяць. Скажуць: «Як здохне двое, вынесеш дваіх, завядзеш дваіх новых», — ён будзе выконваць». 

Мыла нам выдавала адна змена з трох. На 30 чалавек кавалачак памерам з пачак запалак

Рыгор успамінае нечалавечыя ўмовы ў ЦІПе, як ён упэўнены, сістэмна распрацаваныя дзеля прыгнечання волі:

«Увесь час гарыць святло. На спробы заляпіць ліхтары тут жа атрымлівалі пагрозы фізічнага гвалту, карцара і г. д. Два разы на ноч пабудка: грукаюць у дзверы дручкамі, адчыняецца кармушка — уначы баяліся яны адчыняць дзверы, і галосяць: «Усім устаць!». Раз на тыдзень вылівалася вядро хлоркі. А вентыляцыя ж не працуе.

На нашы пытанні пра душ у вочы смяяліся. Усё на панібрацтве, на хіхіканьках. Туалетнай паперы няма — мы вырашылі ўжываць метад бідэ. Мыла нам выдавала толькі адна змена з трох. На 30 чалавек кавалачак памерам з пачак запалак. І толькі гэтая змена медыцыну дапускала да нас. Але таблеткі — толькі ад родных.

А так можа доктар прастаяць з краю падчас пераклічкі. Прозвішчы называюць бесперапынна. Ты павінен умудрыцца папрасіць доктара даць таблетку, але каб не замінаць пераклічцы. А 30 чалавек расцягваюцца на даўжыню ўсяго калідора. У кармушку скажуць потым, што доктар ужо быў. Усе мы там перахварэлі, я так разумею, на кавід. Кашаль яшчэ месяц пасля вызвалення душыў.

У аднаго таварыша быў або ўдар, або пералом — нага зрабілася разы ў два большая. Мы паднялі бучу, але яму не выклікалі хуткую, проста, я так разумею, перавялі ў іншую камеру. Мазь далі праз акенца. Рукамі доктар да нас не дакранаўся».

Яны думалі, што мы перасварымся — не, мы і з зэкам знойдзем агульную мову. Таму мы і пераможам

«Абавязковы атрыбут — 2-3 бамжы на 30 чалавек. Проста з вуліцы іх бяруць. І бамжы самі гэта пацвярджаюць: «Хлопцы, гэта ж намі вас караюць». Плюс непаслухмяных таварышаў з крымінальным мінулым таксама да нас на «перавыхаванне» адпраўлялі. Яны думалі, што мы перасварымся — не, мы і бамжа прымусім памыцца, і з зэкам знойдзем агульную мову. Таму мы і пераможам. Але пытанне — калі. Калі сярэдняя тэмпература па бальніцы дойдзе да патрэбнага ўзроўню.

Беларусы ментальна не могуць у адкрытую змагацца чамусьці. Таму што зламаныя шматлікімі пакаленнямі. Выкручваюцца, прыстасоўваюцца — а ім прыходзяць у чарговы раз па галаве даюць. І гэта будзе да бясконцасці, пакуль або кувалда не зломіцца, або процідзеянне не пойдуць даваць. Свабоду трэба заслужыць.

Тым не менш беларусы зрабілі вельмі шмат. Яны размежавалі чорнае і белае. Так, такой цаной. Зніклі паўтоны, і гэта вельмі добра. Але гэтага не дастаткова. Мне здаецца, чорнае і белае падзялілі ўсе, нават міліцыянты. Мне іх, калі шчыра, шкада, таму што карма ў іх вельмі цяжкая і адпрацоўваць яе давядзецца доўга. Не трэба недаацэньваць суперніка і рабіць з яго бязглуздае зло».

У кожнай камеры па таварышы маёры

«Мы перад сном гісторыі распавядалі адзін аднаму. Вертухаі ціхенька вуха прыляплялі. Калі штосьці ім не спадабаецца, яны ту-тум дручком у дзверы: «Усім спаць!» Яны на нас глядзяць, як на дзіўную садавіну. У іх жа бамжы, алкаголікі, наркаманы. Іх галоўнае пытанне: «Колькі ты зарабляеш? Табе мала? А што табе трэба?» Вось гэта іх узровень.

У камеры людзі былі нашмат больш адкрытымі — ад цябе ўжо нічога не залежала. Цяпер мае сукамернікі ў ракавінках, моцна баяцца. Але ўсіх, хто яшчэ трапляе, хачу папярэдзіць: у кожнай камеры па таварышы маёры. Падсаджваюць чалавечка, уціраецца ў давер, збірае інфармацыю, і потым пачынаюць раскручваць. Але яны, канечне, груба гуляюць. Заходзіць — пастрыжаны, манікюр ідэальны: «Я 15 сутак тут ужо сяджу». Адметная прыкмета — з'яўленне не з першага дня сядзення. І бесперапынная цікавасць да ўсіх, спроба выцягнуць на размову. Бачна, што выконвае чалавек заданне. І выклікаюць яго незразумела куды надоўга.

Яшчэ супрацоўнікі РУУС мусілі прыйсці на гутарку з палітычнымі. Выглядала гэта так: прыкладна раз на дзень цябе выдзіраюць з камеры (паветра ў калідоры такое свежае і прахалоднае), заводзяць у спецыяльны пакой, садзяць у клетку — не тлумачаць, хто перад табой сядзіць, працэдура не абазначаная з юрыдычнага пункту гледжання ніяк. Візаві розныя. Некаторыя расказваюць, што тут і так лёгка з намі абыходзяцца. Камусьці ўсё адно, ён сядзіць у столь глядзіць. А хтосьці выслужваецца, распавядае пра Крымінальны кодэкс, законы, пра тое, што не ўсё так адназначна».

«Слава Украіне» на судзе мне не давала спакою

«Бліжэй да вызвалення мы для сябе высветлілі, што людзі, якіх затрымліваў ГУБАЗіК, у 99% выпадкаў на волю не выходзяць, на іх складаюцца фэйкавыя пратаколы паўторна. Толькі дзеля таго, каб ты пачуваўся не чалавекам, а жывёлінай, якая хоча пазбегнуць вось гэтага пакарання. Гэты момант самы адчувальны. Яны гэта зразумелі і ўжываюць шырока. «Слава Украіне» мне не давала спакою».

Рыгору ўручылі новы пратакол, той жа суддзя даў 10 сутак.

«Нічога не змяняецца, толькі ў вертухаяў ужо праблемка: у «тэтрыс» ужо гуляць няма чым. Хтосьці выходзіць назусім, дзеля таго каб трымаць шчыльнасць, камеры пачалі аб'ядноўваць. Але сталі з'яўляцца людзі, якія ішлі не па пікетаванні, а па планамерных губазікаўскіх справах. Некалькі такіх з'ехала па крымінальных артыкулах, дагэтуль ад іх няма ніякіх вестак».

Чалавеку далі лыжку і сказалі вычышчаць унітаз

Сустракаліся эпізоды адмысловага стаўлення да сукамернікаў. Рыгор распавёў пра адзін выпадак прылюднай знявагі чалавека:

«Дзесьці ў сярэдзіне майго другога тэрміну чалавек патрапіў да нас у камеру. Затрымаў ГУБАЗ, штосьці было звязана з дзейнасцю супраць міліцыянтаў, яны вельмі на яго ўз'еліся. Яму далі лыжку і сказалі вычышчаць унітаз — каб ён блішчэў. Замураваная ў падлогу чыгунная чаша з аксіднымі і солевымі адкладаннямі такімі… Сказалі, што праз гадзіну правераць, альбо будзе грубае фізічнае ўздзеянне. А калі мы будзем яму дапамагаць — да нас усіх. То-бок хацелі, каб мы яго пачалі прымушаць. Спробы дапамагчы спыняліся — дзве відэакамеры пад столлю. І чалавек паўтары гадзіны лыжкай шкрабаў унітаз. Што з ім зрабілася далей, незразумела, таму што яго забралі.

Пагрозы былі на кожным кроку: «Ногі шырэй, іначай зараз атрымаеш дубінала», ці «Зараз усе пашыхтуецеся, пойдзеце на мароз». Гэта проста ідзе як плынь інфармацыі фонавая. Твая задача — не атрымаць гэты дубінал».

З клеткі ШІЗА мяне перавялі на агульную зону пад назвай Беларусь

«Выйшаў я на волю. Адносна на волю… З клеткі ШІЗА мяне перавялі на агульную зону пад назвай Беларусь. У мяне расставіліся апошнія кропкі над «і»: я вырашыў пакінуць краіну. На трэці дзень мы сям'ёй з'ехалі.

Псіхалагічна арышт ударыў, канечне. Першыя 2-3 тыдні ў сне наогул ездзіў на БТРы, АМАП душыў, немагчыма расслабіцца да канца. Флэшбэкі і цяпер ёсць. Гэта ж не толькі з самім зняволеннем звязана — як на лязе брытвы былі ўсё паўтара года».

Цяпер Рыгор не ў Беларусі. І прызнаецца, што адчувае сябе нашмат лепей, чым на радзіме.

«Тут я кажу шмат таго, што не сказаў бы. А гэта бясцэнна. Гэта фармуе асобу. Аднак лепш за ўсё дома, гэта дакладна. Але дома добра трэба самім рабіць — толькі мы не ўсе хочам гэта рабіць, вось у чым бяда. Мой пункт гледжання: не саспелі. Ніякай адказнасці за пражытыя 20 гадоў большасць не хацела несці. Хацелі, каб пстрык — усё стала добра. Не бывае. Гэта карма, якую трэба адпрацаваць. А хто абраў сумленне, той ужо сеў ці пад пагрозай турмы, ці быў забіты, ці паспеў з'ехаць. Гэта таксама карма, наша агульная, якая назапашваецца кожную хвіліну. І яе таксама трэба адпрацаваць… Калі захочам… Ці пайсці на новае кола гісторыі.

Я думаю, на нашым веку мы змены ўбачым, але, мяркую, гэта будуць не такія змены, як мы ў душы ў сябе трымаем. Гэта будуць кампрамісы. Шмат хто разумее, дзе дабро, а дзе зло, але не супрацьстаіць злу, прадаецца за ежу. Абмен сумлення на поўны халадзільнік. Вось калі перастануць прадавацца за ежу, тады гэта і адбудзецца. А пакуль прадаюцца, цёмныя сілы будуць купляць».

Клас
69
Панылы сорам
6
Ха-ха
11
Ого
9
Сумна
40
Абуральна
89