Адзін з герояў расследавання — намеснік начальніка акадэміі па ідэалагічнай рабоце палкоўнік Сяргей Глазырын. Паводле BYPOL, Глазырын скончыў Ваенную акадэмію і зрабіў кар'еру ад курсавога афіцэра да намесніка начальніка акадэміі, не выходзячы з яе сцен.

У жніўні 2020 года Глазырын быў старшынём камісіі па выбарах прэзідэнта Беларусі на ўчастку №55 на вуліцы Фогеля, 1 у Мінску. У камісіі працавалі яго падапечныя — курсанты акадэміі. 

Паводле звестак BYPOL, увечары 9 жніўня 2020 года Глазырын, карыстаючыся службовым становішчам, «прымусіў курсантаў хлусіць пра вынікі выбараў, красці галасы выбаршчыкаў і займацца падробкай».

Паводле афіцыйнага выніковага пратакола, на ўчастку №55 за Ціханоўскую прагаласавала 59 чалавек. У той час як толькі на платформу «Голас» было адпраўлена 307 галасоў на яе карысць, з іх 178 — з фотаздымкамі бюлетэняў. У рамках грамадзянскай ініцыятывы «Законнасць», паведамляе BYPOL, па ўчастку №55 былі сабраныя і двойчы падаваліся ў пракуратуру сведчанні здзяйснення Глазырыным парушэнняў. У абодвух выпадках адтуль былі атрыманыя адпіскі. 

Глазырын неаднаразова быў сярод чальцоў выбарчых камісій. У 2015 годзе на выбарах прэзідэнта ён быў сакратаром выбарчай камісіі №79 на той жа вуліцы Фогеля, 1.

У суседняй камісіі №78 тады старшыняваў палкоўнік Сяргей Мазоўка, на той момант намеснік начальніка агульнавайсковага факультэта па вучэбнай і навуковай рабоце Ваеннай акадэміі. Той самы Мазоўка, які ў жніўні 2020-га аддаў загад курсантам на адкрыццё агню па мірных дэманстрантах.

17 лістапада 2019 года на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Глазырын старшыняваў у камісіі №648 па вуліцы Фогеля, 1. У дэпутаты там прайшоў яго былы начальнік — генерал Іван Гардзейчык.

Палкоўнік Глазырын часта быў прамым начальнікам для членаў камісіі.

Так сфармаваўся пул правераных членаў камісій. Усе, хто ўдзельнічаў у камісіях на выбарах прэзідэнта ў 2020-м у складзе камісій №55 і №54, былі ў камісіях №647 і №648 па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу — за выключэннем толькі аднаго чалавека. 

На суседнім участку ў абодвух выпадках старшынёй быў падпалкоўнік у адстаўцы Ігар Шалудкоў. Ён з'яўляецца рэдактарам газеты «Час патрыётаў» і «вяшчае курсантам са старонак свайго выдання пра гонар, абавязак, радзіму». Толькі па выніках маніторынгу платформы «Голас» Шалудкоў занізіў колькасць галасоў выбаршчыкаў за Ціханоўскую больш чым у дзесяць разоў.

BYPOL называе імёны тых, хто неаднаразова быў членамі камісій і верагоднымі фальсіфікатарамі вынікаў галасавання.

Гэта:

— Сяргей Глазырын, намеснік начальніка Ваеннай акадэміі па ідэалагічнай рабоце;

— палкоўнік Ігар Шалудкоў, рэдактар газеты «Час патрыётаў»;

— Аляксей Раманюк, старшы афіцэр першай групы аддзела ідэалагічнай работы;

— Сяргей Лікарчук, старшы выкладчык кафедры сацыяльных навук;

— Юрый Плаксіцкі, намеснік камандзіра батальёна курсантаў па ідэалагічнай рабоце;

— Ірына Залуцкая, старшы афіцэр-псіхолаг;

— Пётр Усаў, відэадэманстратар клуба «Ракетчык»;

— курсанты: Дзяніс Багдановіч, Багдан Галібін, Раман Бандарчук, Станіслаў Далматовіч, Цімафей Пятрушка, Мікалай Санько, Руслан Скаўронскі, Ягор Бянько, Сяргей Багатка, Уладзіслаў Галабурда, Іван Говін, Андрэй Дзянісаў, Алег Дыбань, Мікіта Жураўскі, Алег Улазаў, Яўген Шыкуноў, Вячаслаў Шынкевіч.

Каманда курсантаў — членаў камісій, за паспяховае правядзенне выбараў была ўзнагароджаная граматай Цэнтральнага камітэта БРСМ, паведамляе «Час патрыётаў».

Рэферэндум

27 лютага 2022 года чальцы камісій з Ваеннай акадэміі зноў спатрэбіліся ўладзе — для правядзення рэферэндуму па змене Канстытуцыі.

Улады засакрэцілі асобы і прозвішчы чальцоў камісій, што было прамым парушэннем Выбарчага кодэкса. BYPOL называе некаторыя імёны назіральнікаў і членаў камісій №52 і №53 па правядзенні рэферэндуму.

Гэта капітан Кірыл Ціхаміраў, старшы афіцэр другой групы аддзела ідэалагічнай працы, курсанты Аляксандр Ліцкевіч, Максім Багачоў, Арцём Емяльянаў, Мікалай Лаўніковіч, Аляксандр Кісялёў, Уладзіслаў Шабат, Даніла Гайсёнак.

Былыя супрацоўнікі акадэміі

Пры вывучэнні спісаў старшынь і членаў выбарчых камісій па выбарах прэзідэнта ў 2020-м BYPOL наткнуўся яшчэ на аднаго намесніка начальніка Ваеннай акадэміі, праўда, былога — палкоўніка запасу Уладзіміра Івашкі.

У жніўні 2020 года палкоўнік з'яўляўся старшынёй участковай выбарчай камісіі №19 Першамайскага раёна на вуліцы Парніковай у Мінску.

Падчас датэрміновага галасавання, па даных BYPOL, ён укінуў бюлетэні ў скрыню для галасавання. Свае дзеянні тлумачыў тым, што «ён заўсёды так рабіў, і яму за гэта нічога не было». Ён разгарнуў маштабную кампанію па выцясненні назіральнікаў, пісаў пратаколы аб нібыта абуральных іх паводзінах, патрабаваў ад членаў камісіі падпісваць іх. Не знайшоўшы разумення сярод апошніх, 8 жніўня разам са старшынёй суседняга ўчастка палкоўнік выклікаў міліцыю. Аднаго з назіральнікаў адправілі на два тыдні на суткі.

9 жніўня, паводле BYPOL, Івашка «адмовіўся падпісаць выніковы пратакол, прымушаў участковую камісію сказіць вынікі галасавання ў бок павелічэння колькасці галасоў за Лукашэнку».

«Не здолеўшы зламаць супраціў камісіі, Івашка выклікаў АМАП, скраў выніковы пратакол і вывез дакументы і камісію ў спецтранспарце праз чорны ход», — паведамляе BYPOL.

Потым Івашка стаў пісаць даносы, у тым ліку і на членаў выбарчай камісіі, даносы былі як у сілавыя структуры, так і па прафсаюзнай лініі.

Івашка таксама, паводле BYPOL, — неаднаразовы старшыня выбарчых камісій аднаго і таго ж участка па вуліцы Парніковай у Мінску. 

BYPOL запэўнівае, што гэта далёка не поўны пералік членаў камісій з Ваеннай акадэміі, ёсць у гэтым спісе таксама і выпускнікі Акадэміі, і былы загадчык кафедры.

BYPOL абяцае працягнуць рабіць выпускі пра «войска фальсіфікатараў «з Узброеных сіл Лукашэнкі».

Клас
10
Панылы сорам
4
Ха-ха
5
Ого
1
Сумна
6
Абуральна
60