Скрыншот з сайта otvet.mail.ru

Скрыншот з сайта otvet.mail.ru

Моўная фанабэрыя

У англамоўнай сацыялінгвістычнай літаратуры часта сустракаецца тэрмін linguistic arrogance, які можна творча перакласці як «моўная фанабэрыя». Гэты тэрмін выкарыстоўваюць адносна носьбітаў англійскай мовы, якія кпяць з тых, для каго англійская мова не родная. У масавай культуры шмат распаўсюджаных жартаў наконт акцэнтаў і граматычных памылак іншаземцаў. Навукоўцы лічаць гэта праявай моўнай фанабэрыі англамоўных.

  Вокладка відэа англамоўнага лінгвіста пад назвай «Лінгвістычныя гонар і прадузятасць». Крыніца: youtube.com

Вокладка відэа англамоўнага лінгвіста пад назвай «Лінгвістычныя гонар і прадузятасць». Крыніца: youtube.com

Лінгвіст расейскага паходжання Ілля Магін у працы «Why ukrainian is funny for Russians? Linguistic aspect» ужывае той жа самы тэрмін адносна расейцаў, якія смяюцца з украінскіх слоў. Сапраўды, цяжка падабраць лепшы тэрмін, але здаецца, такая аналогія паказвае, што расейцы ставяцца да ўкраінскай мовы як да «сапсаванай» рускай.

«Як па-ўкраінску будзе «Самосвал повез стулья на завод»? — Самопэр попэр пидсрачники до винокуры», — анекдот, шмат каму з нас вядомы з дзяцінства. На жаль, у дзяцінстве мы не мелі анлайн-перакладчыка і не маглі дазнацца, што гэты жарт не мае нічога агульнага з рэальнасцю.

Так у людзей, якія ні разу ў жыцці і не чулі сапраўдную ўкраінскую мову, фармуецца стэрэатып аб тым, якая яна недарэчная.

У выпадку з беларускай мовай расейцаў смяшыць яшчэ і арфаграфія. Калі расейцы наведваюць Беларусь, многія з іх ледзь не да слёз смяюцца, пабачыўшы надпісы «вакзал» і «выхад». Гэтыя словы выглядаюць для іх як расейскія, напісаныя з памылкамі непісьменнымі беларусамі.

  Шыльда ў Мінску. Крыніца: drive2.ru

Шыльда ў Мінску. Крыніца: drive2.ru

Адрозненне ж нашых моў у тым, што ў беларускай арфаграфіі пераважае фанетычны прынцып будавання. Гэта нашае знакамітае «як чую — так і пішу». Тым часам, як у рускай арфаграфіі пераважае марфалагічны прынцып. Напрыклад, калі ў корані пад націскам пішацца «о», то ва ўсіх аднакарэнных словах таксама будзе пісацца «о», незалежна ад таго, што там прамаўляецца. Ці не лагічней было б запытаць расейцаў, ці не смешна ім ад таго, што ім трэба пісаць «выход», прамаўляючы «выхад»? Але беларусы такіх пытанняў не задаюць.

Роднасць славянскіх моў

Аднойчы ў Мінску на канцэрце югаслаўскага музыкі Горана Брэгавіча, калі ён па-англійску звярнуўся да публікі, з апошніх радоў прагучаў хрыплаваты мужчынскі голас:

Давай па-сербску, мы не разумеем анічога!

Горан Брэгавіч на канцэрце ў Мінску. 1 снежня 2011 года. Крыніца: livejournal.com

Горан Брэгавіч на канцэрце ў Мінску. 1 снежня 2011 года. Крыніца: livejournal.com

Наўрад ці беларус, звярнуўшыся да музыкі з такой просьбай, быў выпускніком кафедры славянскай філалогіі і добра ведаў сербскую мову. Хутчэй за ўсё, у аматара сербскай было ўяўленне, што любая славянская мова яму будзе больш-менш зразумелая. Сапраўды, хто з нас не шукаў у інструкцыі да тэлевізара балгарскую мову, бо ўсе іншыя замежныя для нас зусім не зразумелыя? Хто падчас турыстычнай паездкі не дамаўляўся ў чэшскім рэстаране з афіцыянтам на мяшанцы трасянкі і актыўнай жэстыкуляцыі? Хто не глядзеў украінскія шоу без перакладу?

Славянскія мовы сапраўды блізкія адна да адной. Калі мы возьмем для параўнання, напрыклад, германскія мовы, то наўрад ці англічанін і немец, размаўляючы кожны на сваёй мове, змогуць адзін аднаго зразумець. Тым часам як мы з «братамі-славянамі» больш-менш спакойна дамаўляемся. Праз гэтае падабенства моў таксама паўстаюць нагоды для жартаў.

Напрыклад, аэрапорт па-польску завецца «lotnisko». Ці не смешнае гэта для беларускага вуха слова «лётніско»? Беларускі лінгвіст Антон Сомін лічыць гэта нармальнай з’явай, калі роднасныя мовы здаюцца нам смешнымі.

Антон Сомін. Крыніца: philology.hse.ru

Антон Сомін. Крыніца: philology.hse.ru

Тое ж самае, па словах лінгвіста, адбываецца ў іспанцаў, калі яны чуюць партугальскую мову, у шведаў, калі яны чуюць дацкую, у чэхаў, калі яны чуюць рускую. Аднак трэба адзначыць, што калі мы проста смяемся з чэшскіх ці польскіх слоў — гэта не тое ж самае, што казаць, быццам бы гэта скажоная руская ці нейкая іншая мова. Менавіта скажонай рускай мовай часта называюць беларускую і ўкраінскую ў абшарах інтэрнэту як простыя расейскія карыстальнікі, так і расейскія ж палітыкі і нават навукоўцы.

Тры моўныя рэгістры і рамантызм

Ілля Магін лічыць, што смешнае для расейцаў гучанне беларускіх і ўкраінскіх слоў абумоўлена не толькі іх роднасцю, але і асаблівасцю развіцця гэтых моў.

Літаратурны варыянт рускай мовы фармаваўся ў XVIII стагоддзі ў эпоху класіцызму. Рускі моўны стандарт склаўся ў адпаведнасці з тэорыяй трох рэгістраў. Гэтыя рэгістры дзеляцца на высокі (уласцівы для напісання паэзіі), нейтральны (уласцівы прозе) і нізкі (уласцівы камедыі). Кожны рэгістр мае сваю стылістычна адмысловую лексіку. Возьмем, напрыклад, рускае слова «лицо». У верхнім рэгістры хутчэй за ўсё будзе ўжыта слова «лик», у нейтральным — «лицо», у нізкім — «морда». У якасці лексікі вышэйшага рэгістру выступалі царкоўнаславянскія словы. У якасці нейтральнага і нізкага — размоўныя рускія словы.

Тым часам, украінская і беларуская літаратурныя стандарты фармаваліся ў XIX стагоддзі ў эпоху рамантызму. Культура рамантызму фіксавалася на фальклоры і ўнікальных нацыянальных рысах. Калі мы возьмем тое ж слова «твар» у беларускай мове, то будзем мець сінонімы толькі для нейтральнага рэгістра — «аблічча», або для нізкага «пыска», «лыч». Узнёслых слоў для высокага рэгістра мы не маем.

Праблема адсутнасці высокага рэгістра ў беларускай і ўкраінскай мовах, дарэчы, прыводзіць да складанасцяў з перакладам паэзіі і прозы.

Параўнайце, напрыклад, радкі з рамана «Яўген Анегін» у арыгінале і ў перакладзе Аркадзя Куляшова.

  Вокладка кнігі «Яўген Анегін». Крыніца: facebook.com

Вокладка кнігі «Яўген Анегін». Крыніца: facebook.com

«Так думал молодой повеса,

Летя в пыли на почтовых,

Всевышней волею Зевеса

Наследник всех своих родных..».

«Гуляка малады імчаўся

Да дзядзькі з думкаю такой,

Ён з ласкі боскае застаўся

Як спадчыннік радні ўсёй..».

***

«Что было для него измлада

И труд, и мука, и отрада,

Что занимало целый день

Его тоскующую лень..».

«Што з дзён малых яго займала,

Пакутаю і шчасцем стала,

Што асвятляла, як прамень,

Яго ляноты кожны дзень…».

Дзеля цікавасці можаце самастойна зрабіць тое самае практыкаванне, параўнаўшы пераклад «Яўгена Анегіна» ці якога-кольвек іншага твора на беларускую мову. Хутка заўважыце, што знайсці эквівалент такім словам як «Зевес», «отрада» і «измлада» ў беларускай вельмі складаная задача.

Але не спяшайцеся верыць сцвярджэнням кшталту «беларуская мова — бедная мова». Насамрэч у кожнай мове ёсць шмат безэквівалентнай лексікі. Складанасці перакладу мы заўважым у перакладзе тэкстаў з любой мовы на любую іншую. Нездарма шматлікія рускамоўныя фанаты «Уладара пярсцёнкаў» або «Гары Потэра» гучна спрачаюцца аб тым, пераклад якога аўтара лепшы.

Адсутнасць прамых эквівалентаў слоў з адной мовы ў іншай мове сведчыць толькі пра розныя сацыяльныя ўмовы фармавання, але не пра багацце, беднасць ці другаснасць.

Дакладна мы можам сказаць і тое, што ўкраінская і беларуская — ні ў якім разе не скажоны варыянт рускай мовы. Але можам сказаць, што мовы гэтыя прынцыпова розныя ў шматлікіх аспектах.

Клас
285
Панылы сорам
9
Ха-ха
10
Ого
15
Сумна
21
Абуральна
38