Крэмль развязаў газавую вайну супраць Еўрасаюза больш года таму. Пасля лютаўскага ўварвання ва Украіну расейскі кіраўнік Уладзімір Пуцін яшчэ мацней прыкруціў газавы кран і паставіў Еўропу перад абліччам шматгадовага энэргетычнага крызісу гістарычных маштабаў, піша Бі-бі-сі.

Цяпер пра дэфіцыт і нармаванне спажывання газу загаварылі не толькі Еўракамісія (фактычна, урад ЕС) і Германія — найбуйнейшая эканоміка і прамысловы матор ЕС. Аб веерных адключэннях ужо заікаецца Францыя — адзіная ядзерная і галоўная энергетычная дзяржава ЕС.

«Цалкам відавочна, што Расія выкарыстоўвае пастаўкі газу ў якасці зброі ў гэтай вайне. Мы абавязаныя рыхтавацца да горшага сцэнару поўнага адключэння газу», — сказала ў аўторак міністр энергетыкі Францыі Аньес Панье-Рунашэ ў эфіры радыёстанцыі France Inter.

А напярэдадні яе начальніца, прэм'ер-міністр Францыі Элізабэт Борн прапанавала ўсім неадкладна пачаць эканоміць — інакш бізнэс чакаюць веерныя адключэнні, каб не пакінуць насельніцтва без святла і цяпла.

«Перад абліччам дэфіцыту энергарэсурсаў будучай зімой нам застаецца адно — скараціць спажыванне энергіі. Калі мы гэтага не зробім, давядзецца жорстка нарміраваць газ, што пацягне эканамічныя і сацыяльныя наступствамі», — сказала яна.

ЕС рыхтуецца пражыць зіму без «Газпрама», але пакуль не разумее, як гэта зрабіць. Міністры энергетыкі 27 краін ЕС — другой пасля ЗША сусветнай эканомікі і найбуйнейшага палітычнага саюза на планеце з насельніцтвам 450 млн чалавек — збяруцца на экстранную нараду 9 верасня, каб абмеркаваць, як пражыць зіму, і не адну.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
3
Ого
2
Сумна
2
Абуральна
6