Група ўкраінскага дэсанту высадзілася ў раёне Энергадара, які знаходзіцца на падкантрольнай Расіі тэрыторыі Запарожскай вобласці, паведаміў «Інтэрфаксу» кіраўнік акупацыйнай адміністрацыі горада Аляксандр Волга.

«Адбылася высадка ўкраінскага дэсанту, яны на гэты момант знерухомленыя, ляжаць на дачным пасёлку. Працуе наша авіяцыя па іх. Разведчыкі вылічылі месца іх знаходжання, на гэты момант наносіцца агнявое паражэнне», — сказаў Волга.

У той жа час законны мэр Энергадара Дзмітрый Арлоў паведамляе, што з пяці гадзін раніцы горад знаходзіцца пад пастаянным абстрэлам.

«З пяці гадзін раніцы не спыняюцца пастаянныя мінамётныя абстрэлы горада. Чутныя аўтаматныя чэргі. Вядома аб траплянні ў некалькі цывільных аб'ектаў. Ёсць пацярпелыя! Колькі менавіта, высвятляем», — напісаў Дзмітрый Арлоў у сваім тэлеграм-канале.

Пра абстрэлы Энергадара таксама паведамляюць у сацсетках мясцовыя жыхары.

Інфармацыю пра гэта пацвярджае і карэспандэнт расійскага агенцтва «Інтэрфакс», які знаходзіцца ў горадзе.

«Абстрэл пачаўся прыкладна ў 6:00. Выбухі гучаць у розных частках горада з перыядычнасцю ў 3—4 хвіліны, у тым ліку ў жылых мікрараёнах і каля адміністрацыйных будынкаў у цэнтры горада», — прыводзіць агенцтва словы свайго карэспандэнта.

У сваю чаргу, Міністэрства абароны Расіі распаўсюдзіла такое паведамленне: «Каля 6 гадзін раніцы ўкраінскія войскі дзвюма дыверсійнымі групамі да 60 чалавек на сямі лодках высадзіліся на ўзбярэжжы Кахоўскага вадасховішча за тры кіламетры на паўночны ўсход ад Запарожскай АЭС і распачалі спробу захопу электрастанцыі. Прынятыя меры па знішчэнні праціўніка, у тым ліку з выкарыстаннем вайсковай авіяцыі», — гаворыцца ў паведамленні.

Тым часам місія МАГАТЭ рухаецца на Запарожскую АЭС, размешчаную ў Энергадары.

Клас
2
Панылы сорам
7
Ха-ха
9
Ого
8
Сумна
5
Абуральна
21