На спецыяльнай старонцы зводных даных на сайце Белстата адсутнічае інфармацыя пра стан знешняга дзярждоўгу і выканання бюджэту за ліпень. Звычайна гэтыя даныя публікуюцца ў апошнія дні месяца, што ідзе за справаздачным. Гэта значыць, інфармацыя за ліпень павінна была з'явіцца на гэтай старонцы ў канцы жніўня. У Белстаце адсутнасць інфармацыі тлумачаць тым, што Мінфін больш не дае яе статыстычнаму камітэту для справаздачнасці. А ў прадстаўніцтве МВФ у Беларусі не каментуюць адмову ад публікацыі часткі даных у рамках прадугледжаных дамоўленасцей.

Справаздачнасць у рамках спецыяльнага стандарту распаўсюджвання даных (ССРД) МВФ нацыянальныя статыстычныя камітэты публікуюць пасля таго, як краіны падпісваюць гэты стандарт справаздачнасці. Гэта накладвае на дзяржавы абавязацельствы прадастаўляць даныя па прадугледжаных методыках і графіку.

Беларусь далучылася да ССРД МВФ у 2004 годзе. Меркавалася, што гэта будзе азначаць «дзяржава-член жадае інфармаваць грамадскасць і ўдзельнікаў фінансавых рынкаў пра падпісанне стандарту і пра фактычнае яго выкананне» і пацвярджаць «адкрытасць статыстычнай інфармацыі Беларусі для міжнародных арганізацый».

Нагадаем, Мінфін абмежаваў доступ грамадскасці да даных аб стане дзяржаўнага доўгу і бюджэту. У ліпені Міністэрства перастала публікаваць прэс-рэлізы аб выкананні бюджэту і выдаліла з сайта справаздачы за папярэднія месяцы. Чыноўнікі пацвярджалі, што пакуль не будуць інфармаваць грамадзян пра стан казны — гэта пры тым, што больш чым на 80% бюджэт фармуецца за кошт падаткаў.

Дэталёвыя даныя па дзярждоўгу сталі хаваць яшчэ раней. Чыноўнікі абмяжоўваюцца агульнымі данымі аб дзярждоўгу, пры гэтым яны засакрэцілі інфармацыю аб тым, у каго займае сродкі наша краіна, а таксама якія сумы выплачвае і каму па старых крэдытах.

Клас
0
Панылы сорам
7
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1