Справу разглядае суддзя Таццяна Шоцік.

Ігар Леднік быў затрыманы 18 красавіка 2022 года. Напачатку яму прысудзілі 15 сутак адміністрацыйнага арышту, але пасля іх ён на волю не выйшаў — быў змешчаны ў Следчую турму № 8 у Жодзіна.

61-гадовы Ігар Леднік мае інваліднасць 2-й групы праз праблемы з сэрцам. У чэрвені 2022 г. адвакатка паведаміла, што стан здароўя палітвязня пагоршыўся, Ігар знаходзіўся ў санчастцы следчага ізалятара ў ляжачым стане. У ліпені стала вядома, што актывісту зрабілі аперацыю на страўнікава-кішачным тракце.

Згодна з матэрыяламі справы, Ігар Леднік з чэрвеня па снежань 2020 года прадставіў для публікацыі ў адзін з часопісаў артыкул з загалоўкам «Міжнародна прызнаны нейтралітэт Беларусі — гарантыя бяспекі ў рэгіёне АБСЕ».

Названы матэрыял апублікаваны ў друкаваным выданні «Пазіцыя» 28 снежня 2020 года, а 7 чэрвеня 2021 года размешчаны на яго сайце ў сетцы Інтэрнэт. У ім, паводле абвінавачвання, утрымліваліся загадзя ілжывыя звесткі, якія ганьбяць і зневажаюць гонар ды годнасць Лукашэнкі.

18 ліпеня 2022 г. суд Барысаўскага раёна прызнаў інфармацыйную прадукцыю Facebook-старонкі Ігара Ледніка «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

Частка 2 арт. 367 Крымінальнага кодэкса (дзеянне, здзейсненае асобай, якая раней была асуджана за паклёп ці абразу, альбо злучанае з абвінавачваннем у здзяйсненні цяжкага ці асабліва цяжкага злачынства) — больш суровая і прадугледжвае абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін да шасці гадоў.

Абвінавачанне ў ходзе судовага працэсу запрасіла для Ігара Ледніка пазбаўлення волі тэрмінам на тры гады ў калоніі агульнага рэжыму.

Вынясенне прысуду адбудзецца 6 верасня ў 10:30 у судзе Ленінскага раёна Мінска.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
3